Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 259 от 23.01.2003  

"Вертыкаль" супраць газеты

Незалежная "Новая газета Смаргонi" можа спынiць сваё iснаванне. Мясцовая вертыкаль у асобе старшынi райвыканкаму Станiслава Юргеля патрабуе спынiць дзейнасць выдаўца газеты Рамуальда Улана як iндывiдуальнага прадпрымальнiка i з гэтай мэтай звярнулася ў Гродзенскi абласны гаспадарчы суд.

У панядзелак суддзя абласнога гаспадарчага суда Дзмiтрый Ламанiк прызначыў першае паседжанне на 29 студзеня. Калектыў газеты перакананы, што такiм чынам улады спрабуюць зачынiць папулярнае ў рэгiёне выданне.

Фармальна, па словах Р.Улана, прэтэнзii да заснавальнiка "Новай газеты Смаргонi" не маюць эканамiчнага цi палiтычнага падтэксту. Прадпрымальнiка вiнавацяць у невыкананнi правiлаў пажарнай бяспекi i патрабаванняў нормаў працоўнага заканадаўства. Сам Рамуальд Улан кажа, што кожнае з гэтых папярэджанняў цягне штраф на чатыры мiнiмальныя заробкi. Але выплата грошай не стала падставай да спынення канфлiкту.

Рамуальд Улан упэўнены, што супрацьстаянне з уладай выклiкана ягоным жаданнем пашырыць выдавецкую дзейнасць. Летась Улан распачаў кампанiю за адкрыццё яшчэ дзвюх рэгiянальных газетаў - "Новай газеты Астраўца" i "Новай газеты Ашмянаў". Дзеля ўласна выдавецкай дзейнасцi не хапала толькi дазволу райвыканкаму на размяшчэнне рэдакцыi. Але двойчы на запыт рэдактара "вертыкаль" казала катэгарычнае "не". Праўда, абодва разы абласны гаспадарчы суд выносiў рашэнне на карысць прадпрымальнiка.

Калi гэта здарылася трэцi раз, Смаргонскi райвыканкам звярнуўся ў суд з пазовам аб лiквiдацыi Улана як прадпрымальнiка.

М.МIКАЛАЙЧЫК

Назад