Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 259 от 23.01.2003  

Таямнiцай поспеху Свабоднай Беларусi ёсць... свабода

Па запрашэнню грамадскага аб'яднання "Ратуша" Гродна наведаў былы кiраўнiк польскай службы радыё "Вольная Еўропа" Ян Новак-Езераньскi. Гэта быў яго першы вiзiт у Беларусь. У Гродне ён знаходзiўся разам з першым сакратаром амерыканскай амбасады Тадэвушам Контакам.

Спадару Новаку-Езераньскаму 89 гадоў, але ён актыўна займаецца грамадска-палiтычнай дзейнасцю: прадстаўляе ў Штатах польскiя iнтарэсы, паспрыяў хуткаму ўваходжанню Польшчы ў НАТО.

Ян Новак-Езераньскi пабываў у сядзiбе СПБ, польскай школе, наведаў Мацеж польску, сустрэўся з Андрэем Саннiкавым i Станiславам Шушкевiчам, а таксама з гродзенскай iнтэлiгенцыяй, прадстаўнiкамi палiтычных партый i журналiстамi.

Як зазначыў сам госць, ён прадстаўляў толькi самога сябе i прыехаў у Беларусь, каб пазнаёмiцца з ёю, але дадаў, што сваiмi ўражаннямi абавязкова падзелiцца з высокапастаўленымi асобамi ўраду ЗША i Польшчы, а таксама са сваiм сябрам спадаром Бжэзiнскiм. Ён быў вельмi ўсхваляваны ўбачаным, уражаны высокiм патэнцыялам i адукаванасцю беларускай iнтэлiгенцыi i зазначыў, што зробiць усё, каб узняць цiкаўнасць у ЗША i Польшчы да Беларусi. На яго думку, найважнейшая праблема беларускай iнтэлiгенцыi - абудзiць самасвядомасць народа. У сувязi з гэтым ён дзялiўся сваiм вопытам працы на радыё "Вольная Еўропа". Ён таксама зазначыў, што з пункту гледжання тых сяброў Беларусi, якiя б хацелi бачыць яе свабоднай i дэмакратычнай, Беларусь - сярод усiх краiнаў-суседзяў Польшчы найболей знаходзiцца пад пагрозай. i ў той самы час дадаў, "што не будзе незалежнай Беларусi, калi большасць яе грамадзянаў не будзе прагнуць мець сваю дзяржаву". У польскiм выпадку вялiкую ролю адыграла менавiта незалежнае радыё. Яго мэтай было спрыяць пакрокавай дэмакратызацыi жыцця ў Польшчы. "Таямнiцай поспеху Свабоднай Еўропы была свабода" - зазначыў спадар Езераньскi.

Таму Ян Новак-Езераньскi важнае значэнне надае i незалежнаму беларускаму радыёэфiру. Дарэчы, ён напiсаў некалькi кнiжак, адна з якiх называецца "Вайна ў эфiры". Госць прызнаўся гродзенцам, што ягоны бацька паходзiць менавiта з Гродзеншчыны i, як ён сказаў, "у сучасным разуменнi слова ёсць беларусам".

М.КАРНЕВIЧ

Назад