Ракавiны i каралы свету
У выставачнай зале на вул. Ажэшкi адкрылася выстава "Ракавiны i каралы свету", якая ўжо амаль год "падарожнiчае" па Беларусi.
На выставе прадстаўлена звыш 900 экспанатаў з прыватнай калекцыi Рамазана Махмудава, жыхара Вiцебска. Тут можна ўбачыць ракавiну-гiгант вагою 6,3 кг, знойдзеную паблiзу Фiлiпiнаў, ракавiнкi-цыпрэi з Новай Гвiнеi, якiя выкарыстоўваюцца ў якасцi грошай да цяперашняга часу, прыгожую жамчужнiцу з Кiтая, ракавiну "Галiотыс", з якiх здабываюць фарбу-пурпур ( для 1г фарбы неабходна сабраць 85 тысяч малюскаў), розныя вiды каралаў i малюскаў, а таксама невялiкую калекцыю балтыйскага бурштыну. Разнастайнасць колераў i форм ракавiн, якiм налiчваецца больш за мiльён гадоў, дае ўяўленне аб шматаблiччы i багаццi сусветнага акiяну. Тут жа змешчаны чучалы нiльскага кракадзiла i некаторых вiдаў марскiх рыбаў.
На выставе арганiзаваны продаж сувенiраў i жаночых упрыгожанняў - адпаведна густу можна набыць брошкi i каралi, жамчужныя i бурштынавыя пацеркi.
Ала Нiкiпорчык
|