«Новая газета Сморгони» – зноў у кіёсках
Выпуск газеты, як паведамляла раней «БИ», прыпынiўся, бо яе выдавец Рамуальд Улан страцiў рэгiстрацыю прыватнага прадпрымальнiка.
Так пастанавiў абласны гаспадарчы суд. Гэтага дамагалiся смаргонскiя раённыя ўлады. Цяпер газета набыла новага выдаўца, стала штотыднёвай i «таўсцейшай». Рамуальд Улан застаўся яе заснавальнiкам, але яму давялося шукаць новага выдаўца. Iм стала ўнiтарнае прыватнае прадпрыемства Фермерская гаспадарка «Колас». У сувязi з гэтым паўсталi цяжкасцi ў друкарнi, але нумар у рэшце рэшт выйшаў.
I такая змена – замест двух разоў «Новая газета Сморгони» будзе выходзiць толькi раз на тыдзень. Але з павялiчаным аб’ёмам – 16 старонак.
Яшчэ адна новая акалiчнасць. Пастановаю гаспадарчага суда створаная лiквiдацыйная камiсiя – для поўнага скасавання дзейнасцi прыватнага прадпрымальнiка Улана. Кiраўнiком прызначаны начальнiк мясцовай падаткавай iнспекцыi Мiхаiл Качур. Але ён напiсаў скаргу ў абласны гаспадарчы суд, што не згодны кiраваць лiквiдацыйнай камiсiяй. Сваю нязгоду спадар Качур абгрунтоўвае тым, што Рамуальд Улан своечасова сплацiў усе падаткi i штрафы, i ў падаткавых органаў няма да яго прэтэнзiяў.
Мiж iншым, 2 сакавiка спадара Улана абралi дэпутатам раённага савету. Аднак, канфлiкт з уладамi мае працяг. Смаргонская пошта адмовiлася ўзяць газету для падпiсчыкаў – 2244 паасобнiкi, гэтым самым не выканаўшы раней заключаны дагавор. Цяпер газета прадаецца толькi праз «Белсаюздрук» i прыватных распаўсюджвальнiкаў. Дарэчы, трох iх затрымала мiлiцыя i канфiскавала газеты. Iм выдадзены дакумент, у якiм гаворыцца, што газета сканфiкавана для праверкi законнасцi выхаду нумару. Праверкай займаецца пракуратура.
М.МIКАЛАЙЧЫК
|