Падчас будаўнiцтва камунiзму ў вёсках Багудзенка, Новыя Ганчары i Навасёлкi Навагрудскага раёна правялi вадаправод. Усцешылiся тады сяляне i чакалi новых дабротаў. Ды толькi камунiзм загадаў усiм доўга жыць, а вось пры новым ладзе – рыначным сацыялiзме – вадаправодная сетка выйшла са строю, i людзi наогул засталiся без вады.
Самае трагiчнае, як высветлiлася, у гэтых вёсках зусiм не стала калодзежаў. Зiмой вяскоўцы атрымлiваюць ваду са снега, а вось, што будзе вясной i летам – невядома. Праўда, ёсць некалькi варыянтаў: альбо ездзiць за вадой у суседнюю вёску Валеўка, альбо на легендарнае возера Свiцязь.
Напярэдаднi выбараў у мясцовыя Саветы тутэйшыя кiраўнiкi бедавалi з гэтай нагоды разам з вяскоўцамi, абяцалi iм дапамагчы. Толькi цi хутка гэта спраўдзiцца, паколькi камунiзму для вёскi яны так i не пабудавалi, а што такое рыначны сацыялiзм – нiхто нават i патлумачыць не можа.
С.РАЦКЕВIЧ