| Музыка
Вальсы I.Штрауса 
            «Ён адлюстроўвае жыццё, быццам аслеплены сонцам, i таму не бачыць ценю», – пiсалi пра Iагана Штрауса. З усiх адценняў сонечнага спектра ён выбiраў толькi яркiя, святочныя. Нездарма яго лiчаць самым вясновым i святочным  кампазiтарам. Менавiта яго музыка  пераважала ў праграме канцэрта камернага аркестра Гродзенскай капэлы, што адбыўся ў гарадскiм Доме культуры.
            
             
            
	    «Музыка Iагана Штрауса вясёлая, лёгкая, iнтэлiгентная, у ёй няма  грубасцi, агрэсii, яна прыносiць задавальненне. I ў той жа час – гэта музыка класiчная: яна патрабуе сур’ёзнай прафесiйнай працы,» – патлумачыў свой выбар дырыжор аркестра Уладзiмiр Борматаў. Невыпадкова прагучалi ў праграме  вальсы «Вясновыя галасы» i «Ружы з поўдня» i полька-мазурка «Пахвала жанчынам». Жыццесцвярджальныя i радасныя, прасякнутыя ўзвышаным настроем вальсы i полькi Iагана Штрауса, вiртуозна выкананыя аркестрам, перадавалi гэты настрой i слухачам. Доўга не сцiхалi апладысменты пасля вальса «На прыгожым блакiтным Дунаi», уверцюры да аперэты «Лятучая мыш» i iншых твораў кампазiтара. 
 Акрамя музыкi I.Штрауса, ў праграме прагучалi творы I.Брамса i Г.Свiрыдава. Авацыю залы i водгукi «Брава!» выклiкаў драматычна-пяшчотны раманс Г.Свiрыдава з музычных iлюстрацый да аповесцi А.Пушкiна «Мяцелiца». Хвiлiны радасцi ад судакранання з сапраўдным майстэрствам падаравала слухачам  Марына Гаравая, якая ўжо на працягу  6 – 7 гадоў з’яўляецца салiсткай аркестра. У яе выкананнi прагучалi меладычна-абаяльная кавацiна  Разiны з оперы Дж.Расiнi «Севiльскi цырульнiк» i поўная напалу i драматызму пачуццяў арыя Вiялеты  з оперы Дж. Вердзi «Травiята».
 Ала  НIкIпорЧык |