Улада
«Ратушы» пагражае юстыцыя, Мілінкевічу – РНЕ
Адкрыты лiст падпiсалi 24 арганiзацыi няўрадавыя арганiзацыi Польшчы, у якiм выказваецца пратэст супраць лiквiдацыi рэгiянальнага грамадзкага аб’яднання «Ратуша» з Гродна. Аўтары лiста заклiкаюць беларускiя ўлады «устрымацца ад незаконных дзенняў, якiя прывядуць да лiквiдацыi аб’яднання «Ратуша» i iншых няўрадавых арганiзацыяў.
12 мая «Ратуша» накiравала ў абласны гаспадарчы суд пярэчаннi на зыск Упраўлення юстыцыi аб лiквiдацыi арганiзацыi. Дата правядзення суда пакуль застаецца невядомай. Каб пазбегнуць непатрэбных праблемаў «Ратуша» прапанавала Гродзенскаму дзяржаўнаму ўнiверсiтэту перадаць рызограф, з-за якога было вынесена папярэджанне (ён, дарэчы, каштуе каля 8 тысяч даляраў), але ў аўторак стала вядома, што кiраўнiцтва ўнiверсiтэта ад падарунка адмовiлася.
Кiраўнiк «Ратушы» Аляксандр Мiлiнкевiч атрымаў лiст з пагрозамi ад iмя «Русского национального единства». Аўтары лiста пагражаюць А Мiлiнкевiчу «смертным боем и вешать на первом фонаре». Сваю пагрозу яны абяцаюць здзейснiць пасля 12 мая. Сам А.Мiлiнкевiч, каментуючы «БI» гэтую пагрозу, зазначыў, што спроба запалохаць яго i супрацоўнiкаў «Ратушы» тыповая штучка, але з гэтага нiчога не атрымаецца. Адзiная непрыемнасць – лiст, якi быў падкiнуты ў паштовую скрынку без канверта, знайшоў i прачытаў 14-гадовы сын А.Мiлiнкевiча. На яго гэта зрабiла адэкватнае ўражанне.
Вось, дарэчы, па-сапраўднаму вартая справа для нашай мiлiцыi.
М.МIКАЛАЙЧЫК
|