Я адношуся да таго пакалення, якое называюць дзецьмi вайны. Памятаю неадступны страх, якi не пакiдаў мяне, малодшую сястру Валю i нашых бацькоў на працягу доўгiх гадоў акупацыi. Нiколi не забуду забiтага ваеннапалоннага чырвонаармейца, ён ляжаў у канаве ля шашы Астрына-Азёры, па якой гналi зняволеных салдат на Захад, раненага ў сцягно i ўцёкшага ў лес яўрэя, якi з аглядкай зайшоў на наш хутар i мама перавязала яму рану суровым палатном... А хiба можна забыць спаленыя ў астрынскай старане вёскi Зiнякi i Шкленск, няшчасныя сёстры Хатынi.
Не, мы не маем права забываць фашысцкiх злачынстваў! I дараваць iх, мяркую, наўрад цi хто збiраецца. Але цi варта вякамi помсцiць нябожчыкам? Ды i не ўсе салдаты Вермахта былi людаедамi-звяругамi. Спашлюся на прыклад, якi датычыць нашай сям’i. Неўзабаве пасля прыходу акупантаў мой бацька – Васiль Жалкоўскi, пайшоў па нейкай патрэбе ў вёску Цёмнае балота (зараз Сасновы бор). Тэпаў уздоўж шашы, пакуль яго не спынiлi нямецкiя салдаты. Яны былi на матацыклах. Запатрабавалi паказаць дакументы. Iх не было. Адзiн з iх зняў з бацькавай галавы шапку i, пабачыўшы нагола падстрыжаную галаву, закрычаў «Сальдатэн». Жыццё чалавека вiсела ў той момант на валаску. Бацька патлумачыў аднаму з iх, якi размаўляў па-польску, што перад вайной яго хацелi забраць у войска, але, паколькi жонка была цяжка хворай, а дзецi малыя, яго адпусцiлi дадому. Немцы запатрабавалi ваенны бiлет, але ён застаўся дома.
Немцы аб нечым доўга гаварылi, а потым афiцэр загадаў калоне ехаць, а з бацькам пакiнуў аднаго салдата. Калi калона матацыклiстаў крыху ад’ехала, немец сказаў па-польску: «Iдзi на свой хутар». Калi той трохi адыйшоў, немец выстрэлiў з ружжа ў паветра. Дзякуючы гэтаму немцу наша сям’я засталася з бацькам. Дарэчы, пасля гэтага выпадку наш бацька не развiтваўся з ваенным бiлетам аж да смерцi.
Мне неаднойчы даводзiлася чуць ад старэйшых людзей сведчаннi нармальных адносiн салдат Вермахта да мiрнага насельнiцтва. Уражлiва, напрыклад, апавядала аб гэтым жыхарка вёскi Цвербуны Лiдскага раёна Надзея Iванаўна Юшэвiч. Памятаю i iншыя аповяды, але разумею, што зверстваў з боку акупантаў было болей. I аб гэтым, паўтаруся яшчэ раз, мы не маем права забываць. I разумею, што цяжка ахвярам гэтай вайны пагадзiцца з гэтым, калi сотнi тысяч сваiх салдат не пахаваны належным чынам. Ды гэта, лiчу, iншая тэма. Калi мы па-сапраўднаму хрысцiяне i людзi добрай волi, то Беларусь павiнна ратыфiкаваць гэтае пагадненне аб захаваннi нямецкiх салдат, зрабiць так, як гэта зрабiлi Расiя i Украiна.
Мяркую, перад ратыфiкацыяй, з улiкам грамадскай думкi ў нашай краiне, неабходна дамовiцца з нямецкiм бокам, што пахаваннi iх салдат павiнны быць сцiплымi i з такiмi ж лаканiчнымi надпiсамi. I нiякiх мiтынгаў пры гэтым.
Ёсць яшчэ i такi бок справы. Думку аб iм навеяла гутарка з ветэранам журналiстыкi з Лiды Вячаславам Кучынскiм, былым партызанам. Ён памятае, як пасля адступлення немцаў у Белiцы засталося некалькi магiлаў салдатаў Вермахта, на iх былi крыжы з каскамi. Падобныя магiлы былi i ў iншых вёсках, але ад iх не засталося i следу. А можа было б лепш, каб яны ўсё ж былi i нагадвалi пакаленням як нашых людзей, так i немцаў аб тым складаным мiнулым. Так казаў мне стары партызан.
Напрыканцы ўзгадаю яшчэ адзiн факт. У вёсцы Невель Пiнскага раёна захавалiся вайсковыя могiлкi часоў першай сусветнай вайны. Там пахаваны рускiя i нямецкiя салдаты. А перад уваходам на тое месца суму i гора ўстаноўлена стэла з надпiсам на рускай i нямецкай мовах: «Друзья и враги, смертью объединенные».
Справядлiвыя словы i мудрыя.
Аляксандр ЖАЛКОЎСКI, г.Лiда