Выстава
«Ліпеньскі дзень» – падарунак музею
У Новым замку адкрылася персанальная выстава Аляксея Багустава, сябры Беларускага саюза мастакоў з 1990 года. Выстава прысвечана 60-гадоваму юбiлею мастака i дэманструе яго творчы шлях за апошнiя 25 гадоў, якiя ён пражыў на Беларусi.
Аляксей Багустаў працуе ў розных тэхнiках станковага жывапiсу – алейнай, акварэльнай, тэмпернай, i ў розных жанрах: на выставе прадстаўлены пейзажы, нацюрморты, тэматычныя карцiны. Так, цыкл «Сялянскi каляндар» адлюстроўвае па месяцах розныя вiды сельскагаспадарчай працы селянiна. Раннi перыяд творчасцi мастака быў звязаны з Латвiяй – ён у 1977 годзе закончыў Акадэмiю мастацтваў Латвii. Традыцыi латвiйскага мастацтва адчуваюцца ў творах 80-х гадоў – у пейзажах «Сосны над Нёманам», «Хутар», у строгiх i вывераных лiнiях «Латвiйскай керамiкi» i iншых. На пазнейшыя працы ўздзейнiчаюць традыцыi беларускага мастацтва. У карцiнах 90-х гадоў адчуваецца ўзаемадзеянне прыёмаў iмпрэсiянiзму i экспрэсiянiзму («Кветкi пачатку лета», «Раннi бэз»). Яго пейзажы («Мядовы край», «Пейзаж у Солах» i iнш.) сагрэты пяшчотай i цеплынёй.
Аляксей Паўлавiч прымаў вiншаваннi ад старшынi Саюза мастакоў Гродзеншчыны Уладзiмiра Панцялеева, калег па працы i студэнтаў. З 1996 года ён працуе выкладчыкам аддзялення мастацтваў ГрДУ iмя Я.Купалы – з’яўляецца дацэнтам кафедры выяўленчага мастацтва i займаецца даследаваннем праблем методыкi выкладання мастацкiх дысцыплiн.
Карцiну «Лiпеньскi дзень» мастак пакiне ў падарунак гiсторыка-археалагiчнаму музею.
Ала Нiкiпорчык
|