№ 289 от 21.08.2003  

Забаранілі? Забаранілі

У Ленiнскiм судзе Гродна на мiнулым тыднi разгледжаны пазоў трох грамадскiх арганiзацыяў да гарадскiх уладаў. Улады не дазволiлi адсвяткаваць угодкi Грунвальдскай бiтвы. Суд палiчыў забарону законнай.

Кiраўнiкi гарадской арганiзацыi БНФ, Саюзу палякаў i аб’яднання лiтоўцаў «Тэвiне» хацелi адзначыць 593-я ўгодкi Грунвальдскай бiтвы канцэртам каля помнiка вялiкаму князю Вiтаўту. Ён стаiць памiж Новым i Старым замкамi. З гарвыканкаму адказалi, што мост у Стары замак у аварыйным стане, таму адзначаць не дазваляем.

Кiраўнiкi грамадскiх арганiзацыяў прасiлi суд прызнаць адмову ўладаў незаконнай i неабгрунтаванай, а таксама – абавязаць гарвыканкам папрасiць прабачэння. Суддзя Анатоль Пракопiк зазначыў, што апошняе пажаданне не прадугледжанае нормамi матэрыяльнага права.

Неаднойчы ў зале суда гучалi словы наконт таго, што арганiзатары не збiралiся танцаваць на мосце, а ў заяве канкрэтна пазначылi пляцоўку каля помнiка. Яны таксама запатрабавалi дакументы наконт аварыйнасцi мосту. Прадстаўнiк гарвыканкаму iх прад’явiў – высветлiлася, што ўлады яшчэ ў красавiку мелiся яго закрыць i зрабiць часовы пешаходны мост. Але нiчога не зрабiлi, i па мосце сёння ездзяць машыны i ходзяць экскурсанты.

Самы стары ў Беларусi мураваны мост датуецца 17-18 стагоддзямi. Аварыйным ён лiчыцца прынамсi 10 гадоў, аднак нiякай шыльдачкi наконт гэтага няма. А лiтоўцам летась дазволiлi правесцi на тым жа месцы грунвальдскае мерапрыемства. Кiраўнiк лiтоўцаў Альгiмантас Дзiргiнчус зазначыў яшчэ, што сёлета ў святкаваннi павiнны былi ўдзельнiчаць лiтоўскi i польскi консулы, i адмова ўладаў мела розгалас у Лiтве. Падзея, дарэчы, шырока асвятлялася ў лiтоўскiх СМI. Намеснiк старшынi Саюзу палякаў Юзаф Пажэцкi, ў сваю чаргу, падкрэслiў, што гораду павiнна быць вельмi брыдка за тое, што шанаванне памяцi забараняецца. Ён зазначыў, што ў Польшчы i Лiтве праводзiлi гэтае мерапрыемства ў многiх гарадах. Нiкому не прыйшло да галавы, каб не даць дазволу на яго правядзенне. Больш таго, спадар Пажэцкi дадаў, што можа праз 50 гадоў хто-небудзь забаронiць святкаваць перамогу 9 мая. Дык хiба гэта будзе нармальна?

Суддзя зачытаў даведку з камунальнай службы за 11 жнiўня, у якой гаворыцца, што мост у Стары замак знаходзiцца «у перадаварыйным стане». Аднак пастанавiў, што адмовiлi арганiзатарам на законных падставах: улады нiбыта дбалi пра бяспеку ўдзельнiкаў.

Самае прыкрае ў гэтай сiтуацыi, што нi суд, нi прадстаўнiк гарвыканкама не ўзгадалi пра тое, што гэта свята павiнны былi б арганiзаваць самi нашы ўлады – гэта iх абавязак. Пад Грунвальдам загiнулi нашы продкi, якiя крывёю адстаялi нашу зямлю – сумесна: беларусы, лiтоўцы, палякi. Дык як жа быць, калi мы так ставiмся да сваёй гiсторыi?

М.МIКАЛАЙЧЫК

Назад