Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гісторыя

Верасень 1939 г. у вусных успамІнах

Працяг. Пачатак у нумары 35(80) ад 2.09.99. і 36(81) ад 9.09.99

Яшчэ з дзіцячых гадоў памяць захавала цікавую калізію. Апавяданні дзядулі і бабулі пра сваё жыццё "пад палякамі" або "пад саветамі" моцна адрозніваліся ад таго, што казала настаўніца ў школе i што нейкія невядомыя дзядзькі напісалі ў школьных падручніках. Чалавечая памяць увесь час супрацьстаяла таму агрэсіўнаму замбіраванню свядомасці людзей, якое было абавязковым атрыбутам савецкага ладу жыцця. Праўда, тыя, хто захаваў памяць пра падзеі 1939 г., або пра апошнюю вайну ў Беларусі, не вельмі ахвотна распавядаюць пра перажытае. Яны, быццам, ўсё яшчэ чагосьці баяцца.

Вусныя ўспаміны жыхароў Гарадзеншчыны і Беласточчыны пра падзеі 1939 г. даносяць да нас подых жывой "непадфарбаванай" гісторыі.

Алесь Смалянчук

Успаміны жыхароў в.Куль на Навагрудчыне

Вёска Куль знаходзілася ў 7 км ад савецка-польскай мяжы. Вёска налічвала 51 гаспадарку. Хаця на кожную з іх у сярэднім прыходзілася 6-7 га, але зямля была кепскай. Звычайна, пясок. Людзі жылі небагата. Бяднейшыя сяляне мелі 3-4 га. Былі сем'і, якім не хапала хлеба да наступнага ўраджаю. Найбагацейшым быў Антон Бандарэвіч, які меў 6 га ўласнай і 18 га арэндаванай зямлі за 30% ураджаю. Меў таксама 2 каровы і 2 кані.

90% насельніцтва вёскі складалі палякі-католікі. Членаў палітычных партый не было. Моладзь аб'ядналася ў Кола польскай моладзі, якое мела культурную накіраванасць. Частымі гасцямі ў вёсцы былі салдаты Корпуса абароны памежжа. Разам з моладдзю салдаты ўдзельнічалі ў нацыянальных і рэлігійных святах, абмяркоўвалі сітуацыю ў СССР. Веданне праўды пра СССР потым дапамагло многім пазбегнуць рэпрэсій.

Побач з вёскай знаходзіліся тры сядзібы асаднікаў. Па ўзроўню жыцця яны нічым не адрозніваліся ад вяскоўцаў і ўспрымаліся сялянамі як "свае". У вёсцы знаходзіўся цэнтр маёнтка Радзевічаў (200 га). Апошні гаспадар памёр незадоўга да вайны. "Свайго пана" ўспаміналі добра. Хаця асабліва багатым ён не быў, але ў выпадку якога-небудзь няшчасця звычайна дапамагаў людзям. Апроч таго, маёнтак ствараў магчымасць дадатковага заробку.

Першыя атрады Чырвонай арміі з'явіліся каля вёскі апоўдні 17 верасня. Салдаты не заходзілі ў хаты, а размеркаваліся ў лесе. Гралі на гармоніку, спявалі савецкія песні. Дзецям раздавалі цукеркі і кансервы, дарослым - соль у кубках. Ваенных дзеянняў каля вёскі не было. Магчыма, гэта паспрыяла таму, што сяляне пазбеглі арыштаў і рэквізіцый. З вяскоўцаў ніхто не выступаў супраць чырвонаармейцаў, але ніхто і не вітаў іх. Людзі чакалі, што будзе далей.

18 верасня быў абрабаваны маёнтак. Рабунак пачалі вяскоўцы, якія сімпатызавалі савецкай уладзе. Хутка да іх далучыліся некалькі бяднейшых сем'яў. Большасць жыхароў вёскі ў рабаўніцтве не ўдзельнічала, але і не перашкаджала. Рабаўнікі забралі коней, кароў, мэблю і аддзенне. Чырвонаармейцы не ўмешваліся.

Ніякіх сіл самааховы ці міліцыі ў вёсцы не было створана. У кастрычніку з'явіўся сельсавет. Яго склад быў прызначаны раённымі ўладамі пераважна з ліку тых, хто рабаваў маёнтак. Першай акцыяй сельсавета стала рэквізіцыя сабранага ўраджая ў маёнтку. Часткова яго раздалі людзям, а часткова адвезлі ў раён. Пачалася парцэляцыя памешчыцкай зямлі. Каб атрымаць надзел, трэба было напісаць заяву. Напісалі 30-40% сямей. Іншыя не ўдзельнічалі, бо бачылі, што бальшавікі раздаюць чужую зямлю. Некаторыя баяліся, што прыдзецца плаціць высокія падаткі.

Падаткі вельмі хвалявалі людзей, бо былі значна вышэйшымі, чым раней. Іх памеры залежалі ад колькасці зямлі. Пераважала натуральная форма. Трэба было здаваць збожжа, бульбу, мяса, яйкі і г.д. Сярэдняя гаспадарка здавала 5-7ц бульбы і збожжа. Беднякі ад падаткаў вызваляліся. Сяляне плацілі і грошы, але менш, чым раней. Найцяжэйшай павіннасцю былі шарваркі. Людзей прымушалі працаваць на рамонце дарог, на будаўніцтве аэрадрому каля Івянца, рубаць лес. Апошняе набыло масавы характар. Рубалі ўлады, рубалі сяляне. Ніхто лес не ахоўваў.

У справы касцёла ўлады адкрыта не ўмешваліся. Калі ж ксёндз пачаў добра выказвацца пра новыя ўлады, людзі пачалі казаць, што "ксёндз робіцца партыйным".

У вёсцы была толькі пачатковая школа. Сярэдняя знаходзілася ў Івянцы (10 км ад вёскі). Увосень 1939 г. настаўнік быў звольнены. Са Стаўбцоў прыехаў новы, які не меў добрай падрыхтоўкі, затое падтрымліваў улады. Мовай навучання стала беларуская. Замест гісторыі Польшчы выкладаўся курс гісторыі СССР.

Раз на тыдзень у вёсцы абавязкова адбываўся нейкі мітынг. Людзей на іх не запрашалі. Актывісты прыходзілі дадому і казалі: "Павінен быць!" Прыезжыя агітатары хвалілі новую ўладу, абяцалі, што больш не будзе паноў, не будзе багатых. Пасля мітынгаў ладзіліся розныя забавы. Часта з Івянца прыязжала спявачка. Вёску на кожны мітынг ўпрыгожвалі святочнымі брамамі.

Людзі хадзілі на мітынгі, але агітацыі не верылі. Некалькі жыхароў мелі радыё і слухалі трансляцыі з-за мяжы. Крыніцай інфармацыі былі і чырвонаармейцы. Некаторых спецыяльна паілі гарэлкай, каб пачуць праўду.

Атмасфера жыцця ў вёсцы змянілася. Пашыраўся страх перад даносамі. Людзі падзяліліся на невялікія групкі і ў вузкім коле абмяркоўвалі свае праблемы.

Перасякаць старую савецка-польскую мяжу жыхарам вёскі было забаронена. Мяжа засталася і пасля афіцыйнага ўз'яднання з БССР. Сяляне разумелі, што ўлады не жадаюць, каб яны ведалі праўду пра жыццё ў СССР. Ізаляцыя і сапраўды была патрэбная, каб утрымліваць людзей у стане перманентнага падману.

Прапаганда яшчэ больш узмацнілася перад выбарамі ў Народны сход і ў мясцовыя органы ўлады ў сакавіку 1940 г. Адбываліся мітынгі. Па хатах хадзілі салдаты і агітавалі. 2-га кастрычніка напярэдадні выбараў у вёсцы размеркаваўся ўзвод салдат. Вяскоўцам загадалі галасаваць. Людзі пайшлі на выбарчы участак. Але ніхто не ведаў, што выбіраюць чалавека, які будзе галасаваць за далучэнне да СССР. Выбараў фактычна не было, бо кандыдат быў толькі адзін. Кабіна для тайнага галасавання была, але стаяла ў кутку залы. Каля яе сядзеў нейкі агітатар. У мясцовыя органы ўлады выбіралі на сходзе адкрытым галасаваннем.

Вёску закранулі дзве дэпартацыі. У лютым 1940 г. былі вывезены сем'і асаднікаў і сям'я настаўніка. Іх лёс жыхарам вёскі невядомы. Дэпартацыю людзі ўспрынялі, як жахлівую несправядлівасць. Ахвяр шкадавалі, тым больш, што салдаты не дазволілі нават дзецям і жанчынам узяць з сабой цёплае адзенне. Бацька аднаго з тых, хто распавядаў пра гэта, адвозіў дэпартаваных на станцыю. Вярнуўся (па словах сына) ў шоку. Усю ноч трэсся ў ліхаманцы.

Другая дэпартацыя павінна была адбыцца ў апошняй дэкадзе чэрвеня 1941 г. Павінны былі вывесці некалькі сем'яў багацейшых сялян. Але не паспелі.

Супраціў новай уладзе людзі не аказвалі. Праўда, былі спробы сабатажа шарварак, падману або подкупу начальства. Людзі спадзяваліся на вяртанне польскіх уладаў. Новыя ўлады ўспрымаліся, як чужыя, як акупанты.

(Гэтыя ўспаміны былі запісаныя ў 1993 г. Распавядалі 15 жыхароў в.Куль 1910-1926 гадоў нараджэння.)

З матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі "Беларускае, польскае і літоўскае грамадства на паўночна-усходніх землях ІІ Рэчы Паспалітай у 1939-1941 гг." (Варшава, 1995)Успаміны жыхароў Беласточчыны

У некаторых мясцовасцях спачатку з'явіліся нямецкія, а потым чырвонаармейскія часткі. Памяць захавала вобразы двух розных армій: "Калі немцы мыліся, у студнях не хапала вады. Яны елі шакалад, пахлі парфумамі, хадзілі ў чыстых мундзірах з начышчанымі ботамі. Прыходзілі ў дом з вёдрамі гарохавага супу. Частавалі. Смяяліся. Крычалі: "Рус брат". Праз некалькі дзён уступіла Чырвоная армія. Салдаты ехалі на конях крыху большых за сабакаў, мелі парваныя мундыры. Карабіны трымаліся на шнурках. Гэта былі зусім іншыя войскі". Салдаты казалі: "Мы пришли освободить вас от помещиков, капиталистов и польского гнёта". Людзі распытвалі пра камуністычны рай. Нехта запытаў: "А апельсіны ў вас ёсць?" - "У нас всего много. Апельсины у нас заводы делают в четыре смены",- прагучаў адказ.

Паступова сярод насельніцтва рос непакой. Ён асабліва ўзмацніўся пасля таго, як з Усходу прывезлі зняволеных для выканання цяжкай фізічнай працы. Ад іх людзі даведаліся пра калгасы і пра кулакоў. Уражвала тое, што "зэкі" называлі "кулакамі" нават самых бедных сялян, калі тыя мелі карову і некалькі гектараў зямлі. Было відавочна, што зняволеныя спадзяваліся ўбачыць у Беларусі сялян, якія самі запрагаюцца ў ярмо і цягаюць плугі на панскім полі. Але праўдзівая інфармацыя трапляла да немногіх. Хто ведаў, той маўчаў, бо, як казалі: "І сцены маюць вушы". А тыя, хто не маўчаў, досыць хутка пакінулі родныя мясціны. Пашыралася атмасфера страху і недаверу.

Асабліва непакоіла людзей раскулачванне, якое пачалося ўвесну 1940 г. Ад яго ніхто не быў застрахаваны. Нават камуністы, калі мелі крыху больш маёмасці за іншых. Непакоіла гаспадарчая палітыка. У прыватнасці, рабунак лесу. Узнікала пытанне, а што застанецца з таго лесу? Непакоілі падаткі. Шарваркі былі даведзены да абсурду. На іх прымушалі выходзіць нават падчас рэлігійных святаў. У прыватнасці, людзей прымушалі збіраць каменні на полі, дзе ўжо расло жыта.

У калгасы трапіла незначная частка беларускіх сялян. На Беласточчыне было створана 19 калгасаў. Толькі адзін, каля Ломжы быў пераважна польскім. Часта іх узначальвалі камсамольскія работнікі, якія амаль нічога не разумелі ў сельскай гаспадарцы. У створаных калгасах усё рабілася па плану. Нават на поле выходзілі не тады, калі прыйшоў час, а па загаду раённага начальства. На дрэннай глебе, без інвестыцый калгасы станавіліся пародыяй гаспадаркі. У некаторых з іх працавалі толькі жанчыны, бо мужыкоў адправілі на шарваркі. Звычайна за дзень працы плацілі 1 міску (1л) пшаніцы.

Беларусы глядзелі на гэтую ўладу як на "рускую", якая прыйшла на змену "польскай". З кожным месяцам колькасць людзей, што чакалі адыходу гэтай улады, павялічвалася.

З матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі "Беларускае, польскае і літоўскае грамадства на паўночна-усходніх землях ІІ Рэчы Паспалітай у 1939-1941 гг." (Варшава, 1995)

Успаміны Клімовіча Мікалая Паўлавіча

(1925 г.нар.), жыхара в. Навасёлкі Лідскага раёна Гродзенскай вобл.

Насельніцтва нашай мясцовасці з радасцю сустракала Чырвоную армію, бо спадзявалася на лепшае жыццё. "Саветы" прыехалі з чырвонымі сцягамі і плакатамі, праводзілі мітынгі. Замест гміны стварылі сельскі савет.

Царква дзейнічала як пры паляках, так і пры новай уладзе.

У вёсцы адчынілі краму, у якой прадавалі шмат таннай гарэлкі розных гатункаў і абутак, якога ў той час не хапала.

У вялікіх маёнтках Ольжава і Тарнова ўзніклі саўгасы. У нашай акрузе іх не было. Не паспелі стварыць, бо перашкодзіла вайна. У нас сяляне захавалі свае надзелы яшчэ з "польскага часу". Звычайна яны мелі ад 8 да 20 га. У майго бацькі было 8 гектараў. "Кулакамі" савецкая ўлада лічыла тых, хто меў болей за 20 га. У 1940 г., ноччу, каля 22-23 гадзін чырвонаармейцы акружылі дамы леснікоў, асаднікаў і багацейшых сялян. Іх разам з сем'ямі вывезлі ў невядомым накірунку. Пакінутыя землі і хаты засталіся без гаспадароў.

Запісала настаўніца гісторыі Валынец Наталля Міхайлаўна. Сакавік 1999 г.

Навошта было забіваць людзей?

Восень 1939 года... Абухаўскі рэўком тады ў Скідальскім раёне. 22 верасня кіраўнікі рэўкома сабралі на хутары Лерыполле асаднікаў і растралялі іх. У той самы дзень ахвярамі рэўкома сталі яшчэ 12 чалавек, у тым ліку шаснаццаці- і дзевятнаццацігадовыя сыны асаднікаў. Некаторым удалося схавацца, некаторых асаднікаў выратавалі беларускія сяляне з навакольных вёсак.

Прычын для крывавай расправы над асаднікамі не было аніякіх. Яны мірна жылі сярод беларусаў, працавалі на сваёй зямлі, якой надзяліла іх дзяржава, выкупіўшы ў маёнткаў. Урад панскай Польшчы добра клапаціўся аб сваіх воінах-добраахвотніках. Гэта не тое, што ў нас: увесь клопат - грашовая прыбаўка да пенсіі, за якую можна купіць тры кілаграмы варанай каўбасы.

Месца расправы ля хутара Лерыполле рэўкомаўцы зраўнялі тады з зямлёй і здавалася, што яно назаўжды будзе забыта. Аднак час прайшоў і шмат чаго змянілася. Некалькі гадоў таму з дазволу мясцовых уладаў на месцы злачынстваў быў устаноўлены помнік у выглядзе крыжа, імёны забітых занесены на магільную дошку. Сюды прыязджаюць родныя загінуўшых, каб моўчкі пастаяць, ускласці жывыя кветкі, стаць на калені і памаліцца. Часта памятнае месца наведвае варшавянін Антон Томчык. І сёлета ў чэрвені ён прыязджаў, каб памаліцца на магіле, у якой спіць ягоны бацька.

Тых, хто здзейсніў злачынства, ужо няма ў жывых. Лёс аднаго з іх склаўся даволі цікава. Нехта Уладзімір Аплевіч, адзін з рэўкомаскіх забойцаў, у 1940 годзе здзейсніў злачынства і быў асуджаны. Адбываў пакаранне на Поўначы. У 1942 годзе трапіў у Войска Польскае, якое фарміравалася на тэрыторыі СССР. Тут яго апазналі сыны растраляных асаднікаў. У.Аплевіч быў асуджаны ваенным трыбуналам і расстраляны.

На ўскрайку вёскі Саволеўка па ініцыятыве А.І.Томчыка некалькі гадоў таму быў устаноўлены памятны знак, на якім ёсць словы: "З удзячнасцю беларусам, жыхарам в.Саволеўка, якія ў верасні 1939 года ратавалі польскіх суседзяў, сем'і асаднікаў з Будоўлі, Лерыполля і Ракіцця".

Гэтыя простыя і шчырыя словы ўдзячнасці падказваюць нам, што беларусы і палякі на Беларусі жылі заўсёды ў міры і згодзе, ратуючы адзін аднаму жыццё. І краіна ў іх заўсёды адна - Беларусь.

Ілля БАРЫСАЎ

Назад