Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Канцэрт у прыцемках

На мінулым тыдні ў галерэі "У Тызенгаўза" адбыўся канцэрт гітарнай музыкі. Выступілі Дзяніс Асіповіч і Дар'я Баламут. За тры гады існавання тут наладзілі больш за 30 выставаў. На адкрыцці кожнай з іх грала камерная музыка. Гэта -першы канцэрт у гісторыі галерэі.

Спадар Асіповіч выканаў творы іспанскіх, чэшскіх, італьянскіх кампазітараў 17-19стст. Пасля - сваю п'есу ў стылі мадэрн, прысвечаную польскаму гітарысту Чэславу Драздзевічу. Калі Дзяніс быў яшчэ навучэнцам гродзенскага музычнага вучылішча, ён удзельнічаў у конкурсе гітарыстаў у Кракаве і заняў там трэцяе месца. Тады да яго падышоў пан Драздзевіч і сказаў, што марыць, каб Дзяніс заняў першае месца ў ягоным конкурсе. Дзяніс заняў першае месца, але, на жаль, пан Чэслаў не дажыў да гэтай падзеі ўсяго тыдзень.

Дзяніс Асіповіч зыграў таксама мініяцюры англійскага кампазітара Джона Даўлінга, які жыў і працаваў у эпоху Рэнесанса. Цікава, што Даўлінг быў вельмі вядомым пры жыцці. Людзі нават казалі пра яго: "Калі Джон Даўлінг грае - птушкі маўчаць". Аднак сам кампазітар быў вельмі няшчасным чалавекам. Таму ён выдаў музычны зборнік пад назвай "Заўсёды Даўлінг. Заўсёды няшчасны".

Напрыканцы прагучалі таксама Венесуэльскі вальс і санаты Баха. Пасля Дзяніса выступіла ягоная вучаніца Дар'я Баламут. Яна збіраецца на музычны конкурс у польскі горад Элк і выканала сваю конкурсную праграму.

Хоць месца ў галерэі мала, акустыка тут вельмі добрая. Калі Дзяніс рыхтаваўся да выступу, ён пераходзіў з гітарай з аднаго месца на іншае і казаў, што яна тут у кожным кутку гучыць па-рознаму.

Пасля канцэрту ўладальнік галерэі спадар Ларыёнаў паведаміў, што ў палове галерэі няма святла. Таму ён запрашае ўсіх на маленькі фуршэт у "рускую тракцірную цемнату", каб наведвальнікі спазналі, што такое "сапраўнае рускае хлебасольства". Я адразу ўявіла самавар, бліны з ікрой, сяўружыну з хрэнам і кулічы. Аднак усё аказалася па-сучаснаму. Гасцям прапанавалі бананавы напой з апельсінамі. Было вельмі смачна, таму калі я азірнулася, каб узяць кавалачак, то ўбачыла на вялізнай талерцы толькі апельсінавую костку.

Т.Базылевіч

Назад