Знікаюць людзі
За Ганчаром - Лукашэнка?
- Як распачаць перагаворы з уладамі, калі рэпрэсіі сярод апазіцыі надалей узмацняюцца? - пытаюцца дэпутаты ВС 13-га склікання. У мінулы чацвер знік выконваючы абавязкі старшыні ВС Віктар Ганчар, у нядзелю перарвалі працу сесіі ВС.
Захоўваючы поўную кансперацыю, дэпутаты сабраліся на плошчы Незалежнасці ў цэнтры Мінска. Адтуль аўтобус прывёз іх у кінатэатр "Перамога". На гэтым аднак сімволіка назваў не скончылася. У кінатэатры ў той час дэманстраваліся фільмы "Вораг дзяржавы" і "Татальная слежка". Загалоўкі фільмаў аказаліся самым натуральным прароцтвам. Галоўным пунктам паседжання ВС павінен быў стаць даклад у якім падсумоўваліся пяць гадоў кіравання А. Лукашэнкі Беларуссю. Паседжанне аднак трывала толькі паўгадзіны. Адміністрацыя кінатэатра запатрабавала, каб дэпутаты пакінулі залу, паколькі ў іх адсутнічалі арыгіналы дакументаў на права арэнды памяшкання. Дэпутаты пагадзіліся, што, дарэчы, выклікала здзіўленне і расчараванне прысутнічаючых у зале 200 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якіх на паседжанне прывёў іх лідэр - Сяргей Антончык. - Як нам вас паважаць? Колькі яшчэ можна баяцца? - крычалі прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў.
Такім чынам на стале, дзе засядаў прэзідыўм, засталася толькі картачка з надпісам "В.а. старшыні ВС - Віктар Ганчар". Дарэчы, ад самага пачатку побач з ёй пуставала месца. - В.Ганчар у мінулы чацвер знік пры таямнічых абставінах.
Улады сцвярджаюць, што яго знікненне было падрыхтавана самім Ганчаром і расцэньваюць гэта як правакацыю накіраваную на тое, каб прыцягнуць увагу да сваёй асобы. Так прынамсі лічыць намеснік старшыні Адміністрацыі прэзідэнта І.Пашкевіч. - Шукайце іх лепш у сябе - звярнуўся непасрэдна да заходніх дыпламатаў сам Аляксанд Рыгоравіч падчас святкавання 60-годдзя далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Гэтым самым намякнуўшы, што і Ганчар, і генерал Ю.Захаранка, які пры падобных акалічнасцях знік напачатку мая, хаваюцца за мяжой. - Беларусы гасцінны народ, але мы ніколі не дазволім сваім гасцям паводзіць сябе ў нас як гаспадарам - дадаў А.Лукашэнка. Магчыма яго знервавала рэакцыя дыпламатаў наконт знікнення В.Ганчара. - Гэтым занепакоены ўвесь свет - заявіў у пятніцу пасол ЗША ў Мінску Даніэл Спекхарт, які ў той жа дзень павінен быў сустрэцца з Віктарам Іосіфавічам. Аднак замест гэтага яму давялося тэлефанаваць да міністра Замежных спраў Беларусі і прасіць, каб той паясніў яму сітуацыю. Тое ж зрабілі амбасады Германіі і Францыі, ды місія АБСЕ, якая, дарэчы, асабліва занепакоена тым фактам, што В.Ганчар знік якраз тады калі і апазіцыя, і афіцыйныя ўлады заяўляюць аб гатоўнасці да перагаворнага працэсу.
Тым часам ВС, які лічыць сябе адзіным легітымным ворганам заканадаўчай улады, паставіў умовы, што пачне перагаворы толькі пасля таго як з'явяцца вынікі ад пошукаў знікшых апазіцыянераў. На адбыўшымся ўсё ж паседжанні ВС, якое правялі ў памяшканні АГП 39 дэпутатаў, было аднагалосна вырашана, што пакуль улады не дакажуць, што яны сапраўды заняліся пошукамі згінуўшых людзей, ніякіх перагавораў не адбудзецца. У панядзелак 11 дэпутатаў ВС побач з будынкам адміністрацыі Лукашэнкі правялі нелегальную дэманстрацыю пад лозунгам "За Ганчаром - Лукашэнка!". Яны перадалі петыцыю дзяжурнаму міліцыянеру ў якой звярнуліся з патрабаваннем неадкладных пошукаў апазі- цыянераў. Аднак яны былі ацэплены міліцыяй і людзьмі са службы аховы прэзідэнта ў цывільным. Праўда, нікога з дэманстрантаў не забралі і яны накіраваліся ў пракуратуру, каб і тут перадаць свае патрабаванні. - Дакумент прынялі, але ніхто з чыноўнікаў не захацеў з намі размаўляць, спасылаючыся на тое, што няма часу - сказаў лідэр ПКБ, С.Калякін, які разам са старшынёй АГП, С.Багданкевічам, спрабаваў патлумачыць сваю пазіцыю ў пракуратуры.
Такім чынам атмасфера перад перагаворамі паміж уладай і апазіцыяй пагоршылася. Прычынай таму - прадчуванне новых рэпрэсій. Падчас нарады з кіраўнікамі сілавых структур А.Лукашэнка запатрабаваў "у сувязі з неабходнасцю выкліканай тэрактамі ў суседняй Расіі захаваць парадак у дзяржаве" шляхам забароны апазіцыйных дэманстрацыяў, акцыяў пратэсту прафсаюзаў на прадпрыемствах і публікацыяў у СМІ матэрыялаў, "якія маглі б дэстабілізаваць сітуацыю". І рэакцыі доўга чакаць не давялося. Па загаду Лукашэнкі старшыня Савета бяспекі падаў у суд на газету "Навіны", якая пацікавілася станам яго маёмасці. В.Шэйман патрабуе 15 мільярдаў рублёў. - Давядзецца зноў адкрыавць новую газету - гаворыць галоўны рэдактар і выдавец "Навінаў" - Павал Жук. Дарэчы, ён ужо мае ў гэтым вопыт - "Навіны" з'явіліся пасля таго як гаспадарчы суд закрыў газету "Свабода".
Аб ліквідацыі газеты "Імя" заявіў ўжо яе выдавец П.Марцаў. Прычыны падобныя - пастаянны палітычны і фінансавы прэсінг з боку ўладаў. Пацярпела таксама "Народная воля" - "Белсаюздрук" адмовіўся прадаваць яе ў кіёсках пасля таго як у газеце быў апублікаваны матэрыял у якім узгадвалася аб тым як 10 гадоў таму ва Усходняй Еўропе разваліўся таталітарызм, і зараз на старым кантыненце існуюць толькі два аўтарытарныя рэжымы - у Белградзе і ў Мінску.
Усё гэта адбылося напрыканцы мінулага тыдня якраз на фоне папярэдніх кансультацый паміж уладамі і апазіцыяй на тэму магчымасці доступу апазіцыі да дзяржаўных СМІ.
Андрэй МЯТЛІЦКІ
|