Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Вуліца Савецкая. Гадзіна пік

Тут заўсёды даволі тлумна. Студэнты, мастакі, журналісты. Шмат знаёмых. Крамкі, бары, кнігарня. Гэта - вуліца Савецкая, адна з цэнтральных у горадзе. Яна мае дзве галоўныя асаблівасці. Па-першае, гэта адзіная ў горадзе пешаходная вуліца. Калі не лічыць, што тут часта праязджаюць міліцэйскія патрульныя машыны. Па-другое, яна брукаваная. У савецкія часы яе не закаталі асфальтам. Неяк ідучы па вуліцы Ажэшкі, таксама брукаванай, я пачула, як нейкая жанчына скардзілася спадарожніку: "И когда, наконец, эти булыжники асфальтом покроют. Ездить просто невозможно. И ходить неудобно".

Дарэчы, не так даўно на дамах развесілі новыя шыльдачкі: "вуліца Савецкая". Але нікому не прыйшло ў галаву спачатку змяніць назву на сапраўдную, гістарычную. Больш за ўсё людзей збіраецца каля гандлёвага дома "Нёман". Гэта адна з найбольш сучасных крамаў у нашым горадзе. У ёй нават ёсць кавярня, у якую любяць заходзіць студэнты. У гадзіны пік тут не знойдзеш вольнага месца, і каля стойкі усе крэслы занятыя. Піва наліваюць і на вуліцы, але сядзець тут цяпер занадта халодна - столікі пад чырвонымі парасонамі стаяць пустыя. Побач у шапіках прадаюць бялізну, для школьнікаў - сшыткі з шэрай паперай, дзённікі ды алоўкі. Каля столікаў на плоце мастакі развесілі свае карціны: Каложа, лясы, Фарны касцёл, нацюрморты і нават марскія пейзажы. Плотам абгарадзілі дом, які рэстаўруюць ужо гадоў дзесяць. Раней тут таксама была кавярня. Цікава, дзе будуць гандляваць мастакі, калі плот нарэшце прыбяруць. З другога боку вуліцы мастак малюе партрэты прахожых. Далей - пельменная. З шостага верасня яна не працуе - ідзе рамонт. Але дзверы ўсё адно расчыненыя. На вуліцы заўсёды вельмі тлумна. Падчас абеду чыноўнікі спяшаюцца пад'есці, нехта - у краму. Міліцыянты нясуць булачкі. Жанчынам тут нязручна хадзіць на абцасах, якія ўвесь час з'язджаюць па бруку. Нейкая жанчына скардзіцца сяброўцы: "Цяпер батоны ў крамы прывозяць цвёрдыя і нясмачныя - лепш набуду калгасны на рынку". У кнігарні "Праметэй" па-над шафкай з беларускімі кнігамі вісіць партрэт А.Лукашэнкі. Нядаўна тут з'явілася новае выданне - "Белорусский дневник". У анатацыі напісана, што кніга складаецца з артыкулаў пра Беларусь айчынных і замежных журналістаў, якія расказваюць уражанні пра нашую рэспубліку, дзе прадпрыемствы, калгасы і саўгасы змагаюцца з эканамічным крызісам, а беларуская культура зараз не выжывае, а перажывае часы найбольшага свайго росквіту. Ёсць таксама і матэрыялы беларускіх журналістаў, "которые содержат ненастольгические воспоминания о Москве и матушке-России". На вокладцы - партрэт усё таго ж А.Лукашэнкі. У гэтым жа будынку, у памяшканні, дзе некалі была рэдакцыя газеты "Пагоня", месціцца фотакрама "Кодак". Пакуль я разглядала рамкі, дзяўчаты-прадаўшчыцы сабраліся ля акна. - Хочаш патрапіць на першую паласу "Гродзенскай праўды" альбо ў праграму абласнога тэлебачання? - А што? - Бачыш, мужчына барадаты ўсіх на фотаапарат здымае? Трэба выбегчы, можа і нас сфатаграфуе. - Ды ён тут кожны дзень ходзіць. Хоча, напэўна, у фотаконкурсе паўдзельнічаць. Альбо проста робіць здымкі, а потым з іх карціны малюе і прадае. Тут цяпер усё можна купіць за даляры. Маленькія фотаальбомчыкі каштуюць $1, самыя вялікія і шыкоўныя - $17. Рамкі - $3.5-7. Раней крама была вельмі папулярная. Цяпер мала хто робіць здымкі - надта дорага. А ў памяшканні "Кодака" прысуседзіліся аддзелы з дарагімі парфумамі, часопісамі ды кампакт-дыскамі. Відаць, арэндная плата досыць вялікая. Насупраць фотакрамы - таксама валютная, крама з электрапрыборамі. Тостэры, фены, магнітафоны - усё, што хочаш. Цэны розныя. Танны электрычны чайнік, напрыклад, каштуе каля 30$, даражэйшы - 60$. Ёсць нават прасы па 90. Далей вуліца цягнецца паміж кінатэатрам "Гродна" і помнікам Сакалоўскаму. На лаўках тут збіраецца самая розная публіка. Жабракі падлічваюць "заробак". Студэнты ядуць беляшы. Міліцыянты чытаюць газеты. Падчас абеду ўсе спяшаюцца. Моладзь выкідае паперкі з-пад эскімо. Людзі ў форме загортваюць газеты. Устаюць і зыходзяць. На іх месца сядаюць іншыя. І гэтак далей. Побач адчыніўся нядаўна піўны бар - акурат насупраць таго, які зачынілі трошкі раней. Месца ў ім вельмі мала. Недалёка знаходзіцца і нашая рэдакцыя. Днямі насупраць вывесілі новую шыльду "Беларускі індустрыяльны банк". У нашыя часы шыльды на беларускай мове сустракаюцца даволі рэдка. Пасля шасці гадзін вечара на вуліцы Савецкай ізноў збіраецца шмат людзей. Усе спяшаюцца купіць чаго-небудзь пад'есці, а потым - дахаты. У крамах імгненна вырастаюць чэргі. У транспарт - не ўлезці. Позна ўвечары робіцца спакайней. Цяпер тут шпацыруе моладзь. Нехта заходзіць у бар. Здараецца, што піва сканчаецца. Тады ў горадзе на бары можна ўбачыць цыдулку "Пива нет вообще".

Т.Базылевіч

Назад