Генерала Ярузэльскага аддаюць пад суд?
Генерал Войцех Ярузэльскі будзе адказваць перад судом як падазраваны ў забойстве некалькіх дзесяткаў чалавек падчас падзеяў Снежня 70-га году на польскім Пабярэжжы. Міліцыя крывава расправілася тады з выступленнем рабочых, якія пратэставалі супраць падвышэння цэнаў. Разам з В.Ярузэльскім на лаве падсудных апынуцца яшчэ дзевяць высокіх чыноўнікаў і вайсковых начальнікаў таго часу.
Рашэнне аб прыцягненні В.Ярузэльскага да судовай адказнасці два тыдні таму прыняў Акруговы суд у Гданьску. Суддзі атрымалі пацвярджэнне ад лекараў, што па стану здароўя генерал можа прымаць удзел у судовым працэсе па месцу свайго пражывання ў Варшаве. Справа ў тым, што ў ходзе распачатай яшчэ ў сакавіку 1996 году судовай справы В.Ярузэльскі разам з камандзірам 16-й танкавай дывізіі Э.Ланцуцкім і камандуючым Паморскай вайсковай акругай Ю.Камінскім па стану здароўя былі вызвалены ад прыняцця ўдзелу ў працэсе, які меркавалася праводзіць у Гданьску.
Паводле суда аднак "выясненне масштабу адказнасці па асобных абвінавачаннях можа быць няпоўным, а нават немагчымым без удзелу ў судовым працэсе Ярузэльскага, Камінскага і Ланцуцкага". Як заявіў прэс-сакратар Акруговага суда ў Гданьску - Я.Гыля - абвінавачаныя дагэтуль прадстаўлялі паказанні, што іх стан здароўя не дазваляе ім удзельнічаць у судовым працэсе. Згодна з апошнімі медыцынскімі абследаваннямі яны могуць гэта зрабіць толькі ў Варшаве. Таму Акруговы суд у Гданьску звярнуўся ў Вышэйшы суд з просьбай у інтарэсах правасуддзя перанесці парацэс у сталіцу Польшчы.
Генерал В.Ярузэльскі ў сваю чаргу заявіў, што з задавальненням успрыняў інфармацыю Вышэйшага суда краіны. "Я гэтага патрабаваў некалькі гадоў. Цалкам ўяўляю сабе трагедыю, якая 29 гадоў таму адбылася на Пабярэжжы. Адначасова ведаю, што ў сувязі з падзеямі 1970 году з'явілася шмат тэндэнцыйных думак, якія - без высвятлення праўды - прывялі ўжо да своеасаблівага грамадзянскага прысуду. Паўтараю, я ніколі не аддаваў загаду - страляць. Гэта можа высветліць толькі справядлівая ацэнка, дадзеная судом, перад якім я магу адказваць нічога не баючыся" - заявіў В.Ярузэльскі.
Даючы станоўчую ацэнку пра ўдзел генерала ў працэсе, спецыялісты з Медыцынскай акадэміі ў Кракаве падкрэслілі, што перад кожным паседжаннем суд павінен браць пад увагу актуальны стан здароўя В.Ярузэльскага. Паседжанні маглі б працягвацца не больш чым 3-4 гадзіны і па кожнай просьбе падсудных суддзя быў бы вымушаны абвяшчаць перапынкі.
Следства ў справе Снежня 1970 г. распачалося дзевяць гадоў таму, заслухана звыш чатырох тысяч сведкаў, падрыхтавана 90 тамоў дакументаў. Пракуратура закідвае падсудным "кіраванні дзеяннямі, якія ў снежні 1970 года давялі да забойства 44 чалавек падчас разгону міліцыяй і войскам дэманстрацыі рабочых у Гдыні, Гданьску, Шчэціне і Эльблёнгу".
Крысцін Палузяць-Мядзведзь
Варшава
|