Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гарадзенскія ваколіцы

(Працяг. Пачатак №29, 31, 33)

Бераставіца МАЛАЯ Вёска, цэнтар сельскага савета Бераставіцкага раёну.

Упершыню ўзгадваецца ў 1512 годзе як двор Хадкевічаў, потым належала князям Масальскім. У ХVІІІст. належала Стрыенскім і, ў рэшце рэшт, пераходзіць да шляхцічаў Валкавыцкіх, якім і належала да верасня 1939 года. Меўся стары, на думку Юзэфа Ядкоўскага, ХVІст. драўляны палац з гонтавым дахам. Яшчэ ў ХVІІІст., а дакладней у 1795 годзе, узгадваецца "вельмі старая мураваная царква, некалі праваслаўная, а зараз - уніяцкая...". На жаль, гэты помнік не захаваўся.Валкавыцкія зафундавалі ў 1859 годзе касцёл, які быў збудаваны ў 1868 годзе. Потым яго забралі пад праваслаўную царкву, а ў 1919 годзе гэта быў ізноў касцёл. Фальварак Ваўкавыцкіх меў у канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. узорную гаспадарку. Існаваў бровар, стайня высакародных рысакоў арлоўскай і амерыканскай пароды, а на продажы збожжа штогод Ваўкавыцкія зараблялі больш за дзве тысячы серабром. І фальварак, і сядзіба былі разрабаваны чырвонаармейцамі двойчы - у 1920 і ў 1939 годзе. Некалькі партрэтаў з палацу захоўваюцца ў Маскве ў Гістарычным музеі. Рукапісы ХVІІІст. на польскай мове, якія паходзілі з палацу ў Малой Бераствіцы, былі набыты ў адной з антыкварных крамаў Варшавы для бібліятэкі інстытута Гувара. Зараз ад усіх рэчаў сядзібы Ваўкавыцкіх застаўся толькі мураваны аднапавярховы палац, пабудаваны ў 1785 годзе, а вось даўні драўляны двор згарэў у 1920 годзе. Пра мураваны палац існуе версія, што ён адносіўся некалькі да кальвінскага збора. Гэта магчыма, таму шта Хадкевічы падтрымлівалі пратэстантаў.Пры сядзібе калісьці быў неблагі пейзажны парк.

Вялікая Бераставіца

Наколькі вядома аўтару, ад пачатку існавалі і мястэчка і двор (сядзіба) Вялікая Бераставіца. Гэтая пара - мястэчка і двор, захоўваліся да верасня 1939 года. Мястэчка засталося амаль не кранутым вайной, а вось сядзіба - практычна на 90% загінула. Увогуле шляхецкая сядзіба Вялікая Бераставіца складалася з вельмі розных стылёвых частак: на думку спецыялістаў, да 1939 года ў маёнтку Вялікая Бераставіца існаваў драўляны палац ХVІІ ст. яшчэ з часоў Хадкевічаў. Польскі спецыяліст Раман Афтаназі лічыць, што будынак (мураваны аднапавярховы) паходзіў з пачатку ХІХ ст., але я думаю, што будынак існаваў ужо ў 1796 годзе. У той жа сядзібе знаходзіўся і "новы" палац - выдатны прыклад эклектыкі. Аўтарам праекта быў вельмі добры архітэктар - Юлій Васюцінскі. Аб інтэр'ерах палацаў можна было б напісаць шмат, але гэта не газетная тэматыка. Узяць да прыкладу мэблю - самыя каштоўныя экзэмпляры паходзілі з Францыі (у стылі Людовіка ХІV, Людовіка ХV, Людовіка ХVІ, "ампір", Людовіка Філіпа), з Англіі - "бідэнмэер", "сімлер", найдаражэйшыя польскія ўзоры - "гданьская мэбля", мэбля з "княства Варшаўскага" ( на думку аўтара - з майстэрні Крышынскіх). А самая цікавая рэч, якая там знаходзілася - шафа ў стылі ампір, якою згодна легенды атрымаў адзін з ад'ютантаў імператара Напалеона, тагачасны ўладальнік маёнтка, генерал Іосіф Касакоўскі. Легенда да таго ж гаворыць, што да верасня 1939 года, у гэтай шафе ляжаў мундзір Напалеона і некалькі дробных рэчаў, якія яму належалі (філіжанкі саскай парцэляны, бінокаль, шахматныя фігуры са слановай косці). У тым жа палацы была два вельмі знакамітых фартэпіяна - майстроў Бехштэйна і Блютнера і шэраг старажытных музычных інструментаў.

Навогул, лёс антыкварных рэчаў з палацу Касакоўскіх з сядзібы Вялікая Бераставіца вельмі цьмяны. Па адных звестках палац з ўсім што там было згарэў пад час "вызвалення Заходняй Беларусі". Аўтар аднак жа на ўласныя вочы пабачыў у Маскве частку рэчаў з Вялікай Бераставіцы адзінаццаць гадоў таму. Больш таго - у ленінградскіх (у той час) магазінах антыкварнай кнігі прадаваліся выданні з экслібрысам Касакоўскіх з Вялікай Бераставіцы. Урэшце у адным з гарадзенскіх архіваў ёсць сведчанні аб тым, што частка жывапіснага збору з Бераставіцы трапіла ў 1940 годзе ў абласную карцінную галерэю Беластока.

Гэта між іншым азначае, што, магчыма, больш за 200 вельмі рэдкіх абразоў ( між іншым фламанскай, галандскай італьянскай школы) ХVІ-ХІХ стст. не згарэлі ў полымі "верасня 1939 года", а да гэтай пары ляжаць у запасніках маскоўскіх ці піцерскіх музеяў. Аўтар, канешне, мог бы пералічыць мастакоў з гэтай калекцыі, назваць сённяшнюю цану гэтых абразоў па цэнах "Сотбі". Але што гаварыць - у верасні 1939 года была страчана два сучасных гадавых бюджэта Гарадзенскай вобласці.

Бераставіца МУРАВАНАЯ Вёска Алекшыцкага сельскага савета Бераставіцкага раёна.

Першы ўспамін пра гэтую вёску адносіцца да сярэдзіны ХVІІ ст. у сувязі з вайной са шведамі, калі верыць успамінам Шагідзевіча, у той час Мураваная Бераставіца належыла Масальскім. Больш пэўныя звесткі мы маем на палову ХVІІІ ст., калі гэтая вёска належыла Тадэвушу Дунін-Юндзілу. Ён жа, на думку аўтара, і пачаў пабудову мураванага палаца, які і існуе да гэтае пары. Амаль да канца ХІХ ст. гэты будынак апрача галоўнага двухпавярховага палаца, меў яшчэ дзве афіцыны (флігелі) па баках. На рызаліце палаца была два гербы - лебедзь Юндзілаў і Трывдар Бужынскіх, які з'явіўся не раней 1798 года, калі Францішак Юндзіл ажаніўся на Тэрэсе Бужынскай. Калі пяць гадоў таму аўтару давялося пабываць у Мураванай Бераставіцы, яго вельмі ўразілі скляпенні сутарэнняў. На думку аднаго з даследчыкаў з Польшчы, доктара Марыі Каламайскай-Саэд, палац ХVІІІст. быў пабудаваны на падмурках больш ранейшага палаца, магчыма, ХVІст. Палац быў перабудаваны ў сярэдзіне ХІХст. У той час Мураваную Бераставіцу наведаў Напалеон Орда і намаляваў від палаца з боку парка. Да верасня 1939 года ў палацы заставаліся цікавыя абразы, мэбля, срэбра. Праўда, большая частка вялікай бібліятэкі ў час Першай сусветнай вайны была забрана ў Маскву адыходзячымі рускімі войскамі. Некаторыя срэбраныя рэчы з палацу ў Мураванай Бераставіцы зараз знаходзяцца ў Гродзенскім гісторыка- археалагічным музеі і музеі Гісторыі рэлігіі. Большая ж частка калекцыі абразоў, скульптуры, срэбранага посуда ў верасні 1939 года была вывезена гаспадарамі пад Варшаву, дзе, на думку польскага даследчыка Афтаназі, згарэла падчас вайны. У свой час у Вроцлаве аўтару давялося працаваць з рэшткамі вельмі цікавага архіва Юндзілаў і Салтанаў, якія паходзяць з Мураванай Бераставіцы. У Польшчы таксама пражываюць нашчадкі апошніх гаспадароў - сям'я Станіслава Салтана. У блізкіх да Мураванай Бераставіцы Алекшыцах у некаторых жыхароў захоўваюцца кніжкі з бібліятэкі палаца. Не блага захаваўся і пейзажны парк з сажалкамі, які быў закладзены ў пачатку ХІХст. Толькі адносна нядаўна аўтар даведаўся, што каралеўскія гербы са старога замка ў Гродне амаль усё ХІХ ст. захоўваліся ў сядзібе Мураваная Бераставіца.

Ігар ТРУСАЎ

Назад