Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Другая польская школа

У Ваўкавыску ў мінулую суботу ўрачыста была адкрыта польская школа. Гэта ўжо другая ў Беларусі польская школа, першая тры гады таму пачала працаваць у Гродне.

Ваўкавыская, як і Гродзенская, збудавана на грошы "Палоніі", праўда, яе кошт абышоўся ў два разы даражэй і склаў тры мільёны даляраў.

Школа разлічана на 200 вучняў, праўда пакуль яе будуць наведваць 150 дзетак з першага па восьмы класы, якія пакуль вучацца ў польскамоўных класах у беларускіх школах горада.

Урачыстае адкрыццё пачалося з імшы, якую адпраўляў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ён зазначыў, што "адукаваныя людзі лепш выконваюць свае абавязкі, ім лягчэй даводзіцца вырашаць праблемы ўласныя і чужыя. Больш актыўна яны змогуць уключыцца і ў палітычна-грамадскае жыццё Беларусі".

Сярод шматлікіх гасцей на ўрачыстасці прысутнічалі дэлегацыі з Сейму і Сенату Рэспублікі Польшча, амбасадар РП у Беларусі Мар'юш Машкевіч. Дарэчы, амбасадар пачаў сваю прамову на беларускай мове, падзякаваў мясцовым уладам за дапамогу, адзначыўшы, што гэта прыклад добрасуседства і падкрэсліў, што гэта знак яшчэ і таго, што "Польшча ў цяжкія часы для Беларусі працягне руку сяброўскай дапамогі". Вуступленні гасцей працягваліся каля двух гадзін. Да ўсяго шматлікія дэлегацыі з розных гарадоў Польшчы прывезлі мноства падарункаў для вучняў.

Цікава, што заняткі пачнуцца ў новай школе толькі з другой чвэрці, даводзяцца да ладу апошнія штрыхі. Школа месціцца ў цэнтры горада, насупраць мясцовага выканкама. Праект яе прызнаны лепшым у Беларусі за гэты год. Дарэчы, аўтар, Р.Кацынэль, праектаваў і першую польскую школу ў Гродне.

Усе прадметы, за выключэннем беларускай і рускай моваў і літаратур будуць выкладацца па-польску. Настаўнікі большасцю мясцовыя, якія сканчалі адукацыю ў Польшчы. Ёсць пакуль праблемы з падручнікамі, некаторыя з іх прывозяць з Літвы і Польшчы. Што тычыцца саміх вучняў, то сярод іх шмат і дзяцей беларусаў. Бацькі самі выбралі для іх адукацыю. У адной дзяўчынкі, апранутай у харцэрскую форму, я заўважыў на грудзях чырвона-зялёны сучасны дзяржаўны беларускі сцяжок і такі ж герб. Настаўнікі распавядалі, праўда, што ні піянераў, ні БПСМ пакуль у школе няма.

Найбольш мяне ўразіла сама школа. У падобнай ніколі не даводзілася бываць. Я падымаўся па сходах, бы ў Радзівілаўскі палац, толькі на столі там была не нейкая маляўнічая выява, а шкляны купал, за якім віднелася блакітнае неба. Я яшчэ раз адчуў, што шлях да ведаў - гэта вечнасць і маленькія ваўкавысчане змогуць адчуваць цяпер гэта кожны дзень. Пры школе ўжо практычна зроблены стадыён, ёсць спортзал і вельмі арыгінальна на розных узроўнях месцяцца класы. Па праўдзе, я пазайздросціў мясцовым вучням...

Пасля ўрачыстага адкрыцця, адбыўся канцэрт, арганізаваны вучнямі і мясцовым аддзелам СПБ.

М.КАРНЕВІЧ

Назад