Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Радыё дзеля добрасуседства

Літоўская радыёстанцыя "Балтыйскія хвалі" распаўсюдзіла зварот да беларускага народу, у якім паведамляецца, што гэта радыё хутка выйдзе ў беларускі эфір на сярэдніх хвалях. Трансляцыю плануецца весці з Вільнюса, на беларускай мове. Аўтары папярэджваюць, што, апроч арыгінальных праграмаў, будуць рэтрансляваць перадачы іншых недзяржаўных радыёстанцый - беларускай службы "Радыё Свабода" і "Польскага Радыё". З гэтае нагоды карэспандэнт "БИ" сустрэўся з кіраўніком "Балтыйскіх хваляў", дэпутатам Сейма Літоўскай Рэспублікі, Рымантасам Плейкісам.

Спадар Плейкіс, беларускія СМІ ужо паведамлялі аб тым, што радыё "Балтыйскія хвалі" пачне працаваць і перадаваць свае праграмы ў тым ліку і на Беларусь з першага студзеня. Як нарадзілася ў вас такая ідэя, якім быў яе шлях і ці сапраўды яна здзейсніцца да гэтага часу?

- Ідэя ў мяне нарадзілася ў жніўні 1998 года, сутнасць яе вельмі простая: у Літве жыве каля 60 тысяч беларусаў для якіх доступ да мясцовых СМІ на роднай мове даволі абмежаваны. На беларускай мове выходзяць толькі дзве газеты, прычым невялікімі накладамі, нацыянальнае радыё транслюе штодзённую дзесяціхвілінную перадачу. Аднак калі Літва па-сапраўднаму імкнецца да пабудовы грамадзянскай супольнасці, значыцца нехта павінен патурбавацца аб паўнавартасным інфармаванні нацыянальных меншасцяў, у тым ліку і беларусаў.

Шлях да здзяйснення гэтага праекта яшчэ цалкам не скончаны. Мы з пэўнымі цяжкасцямі "выбілі" ліцэнзію для трансляцыі, паколькі супраціў зыходзіў з боку МЗС і Адміністрацыі прэзідэнта. Цяпер мы вядзем перамовы з некалькімі Заходнімі фундацыямі, якія выступаюць у падтрымку дэмакратыі, з тым каб сабраць у дастатковай колькасці грошай хаця б на першы год вяшчання.

У паведамленнях беларускіх СМІ праскочыла інфармацыя, што вы ўжо паспелі сутыкнуцца і з рэакцыяй беларускіх уладаў, якія выказалі не самы цёплы водгук на ваш праект. Ці не перашкодзіць гэта вам давесці вашу ідэю да лагічнага завяршэння?

- Не, не перашкодзіць. Больш таго павінен вам сказаць, што тон выказванняў беларускіх уладаў значна памяняўся, памякчэў. Аб гэтым сведчыць і нядаўняя сустрэча пасла Беларусі ў Літве спадара Гаркуна з старшынём Сейма В. Лансбергісам. Днямі я размаўляў з адным з афіцыйных прадстаўнікоў вашай краіны. Усе ўжо разумеюць, што "Балтыйскія хвалі" - радыё як радыё, нічога падрыўнога тут не будзе. І, дарэчы, калі б можна было даць другую назву нашаму радыё, то яна, напэўна, гучала б так - "Радыё дзеля добрага добрасуседства".

Цікава, калі вы ўсё ж запусціце ваш праект, ці змогуць ў Беларусі слухаць "Балтыйскія хвалі"?

- Пакуль аб гэтым складана казаць, пакажа практыка трансляцый. Падкрэслю толькі, што "РБХ" юрыдычна і тэхнічна скіравана для беларусаў Літвы, але ў сувязі з тым, што краіны нашы знаходзяцца побач, перадачы на сярэдніх хвалях будуць дасягаць тэрыторыі Беларусі. Магчыма праграма "РБХ" стане каштоўным альтэрнатыўным сродкам інфармацыі для тых грамадзян вашай краіны, якія жадаюць мець інфармацыю больш чым з аднае крыніцы масавай інфармацыі.

Як успрынялі ваш праект у Літве - аб ім пішуць, гавораць, падтрымліваюць ці асуджаюць?...

- Пішуць, шмат пішуць. Сабралася цэлая папка публікацый - ад поўнага разумення і падтрымкі да асуджэння накшталт "хай гэты Плейкіс уматвае ў сваю Беларусь".

Спадар Плейкіс, зразумела, што такі праект запатрабуе нямала сродкаў. Больш таго, цяжка спадзявацца, што нават праз год сваёй дзейнасці ён стане акупляцца...

- Асаблівасць гэтага праекта ў тым, што ягонай мэтай не з'яўляецца прыбытак. Крыніцамі фінансавання, як я ўжо раней казаў, павінны стаць міжнародныя фонды ў падтрымку свабоды слова і дэмакратыі. Такія, як напрыклад - Вестмінстэрскі Фонд у падтрымку Дэмакратыі (Вялікабрытанія) і іншыя. Зразумела, нашы праціўнікі сцвярджаюць, быццам "РБХ" фінансуецца са сродкаў ЦРУ, каб звергнуць Лукашэнку ці, наадварот, са сродкаў СВР, каб нашкодзіць літоўска-беларускім адносінам. Некаторыя сцвярджаюць, што радыё гэта толькі сродак для адмывання грошай мафіі. Як бачыце, версій шмат, а каму яны выгодныя, можаце меркаваць самі. Аднак згодна са статутам і нашым законам радыёстанцыя мае права трансляваць рэкламу, у тым ліку і беларускіх прадпрыемстваў.

Адна з самых важных праблемаў любога творчага калектыва - прафесійныя кадры. Як вы рашаеце гэтую праблему і ці будуць у вас працаваць беларускія журналісты?

- Так, будуць. Некаторыя часова жывуць тут у Вільні, а астатнія падключацца па тэлефону з Мінска і іншых месцаў Беларусі. Кадры, як мы з вамі ўжо недзе чулі, "решают всё", і наўрадці мы калі-небудзь зможам сказаць, што ўжо маем ідэальны калектыў. Галоўнае - не спыняцца на дасягнутым, удасканаленне не мае межаў.

Спадар Плейкіс, нашы чытачы практычна нічога аб вас не ведаюць, хіба што вы з'яўляецеся дэпутатам Сейма. І яшчэ: чаму менавіта беларускае радыё? Вы маеце нейкі асаблівы сентымент да гэтай краіны ці...

- Па адукацыі я - радыёжурналіст. Раней працаваў выкладчыкам на кафедры журналістыкі Вільнюскага універсітэта і галоўным рэдактарам камерцыйных радыёстанцый. З 1996-1998 г.г. быў міністрам сувязі і інфарматыкі. Цяпер я ўваходжу ў склад парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне. Мы здзяйсняем кантроль за работай літоўскіх спецслужбаў і сілавых структураў.

Мне 42 гады, жонка Грацыя - выкладчык англійскай мовы Вільнюскага універсітэта, дачка - вучаніца сярэдняй школы, сын - студэнт, па спецыяльнасці авіадыспетчар, лётае на планерах. Хобі - радыёманіторынг вяшчальных і сувязных радыёстанцый. "Балтыйскія хвалі" для мяне ўжо восьмы прыватны радыёпраект, які, дарэчы, не падтрымліваюць ніякія дзяржаўныя структуры ці палітычныя партыі - хутчэй наадварот.

Чаму беларускае радыё? Ніякіх "ці"! Папросту, у чарговы раз, арганізоўваючы новае радыё, я адчуваю сябе ўпэўнена, на сваім месцы. Радыё - гэта мая прафесія. Праект "РБХ" тым і цікавы, што "аказвае супраціў", які хочацца пераадолець. Беларусаў я паважаю таму, што гэта нашы добрыя суседзі, таму што яны мужна абаранялі Еўропу ад бандытаў Гітлера, таму што ў нас вельмі шмат агульных успамінаў у гісторыі... Я не нацыяналіст. Думаю, што няма дрэнных моваў ці дрэнных народаў - ёсць толькі дрэнныя ідэалогіі і дрэнныя кіраўнікі.

І апошняе, спадар Плейкіс. Ці збіраецеся вы ўзяць інтэрв'ю для свайго радыё ў Аляксандра Лукашэнкі, і што зробіце калі ён вам адкажа?

Я за тое, каб мікрафоны "РБХ" былі даступныя людзям самых розных пунктаў погляду. Вядома, мы будзем прасіць інтэрв'ю і ў спадара Лукашэнкі. Ну, а калі ён нам адкажа - звернямся яшчэ раз. Жадаю будучым слухачам у Беларусі, каб перадачы "РБХ" не глушыліся. Да пабачэння ў эфіры!

Гутарыў М.КАРНЕВІЧ, Вільнюс-Гродна

Назад