Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Семінары

Пісьменнікі сустрэліся ў Гародні

Традыцыйны міжнародны семінар "Культура польска-беларускага памежжа" адбыўся на мінулым тыдні ў Гродне.

Ужо двойчы ў 1996-98 гадах падобнае мерапрыемства праходзіла ў Польшчы. Яго ўдзельнікамі заўсёды з'яўляліся пісьменнікі.

Гэтым разам акрамя мінскіх гасцей наш горад наведала дэлегацыя польскіх пісьменнікаў, у складзе якіх былі Алесь Барскі, загадчык кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта - ён заўсёды піша па-беларуску і Чэслаў Сэнюх, вядомы перакладчык з беларускай на польскую мову. Пачынаючы семінар, Вольга Іпатава, якая зараз выконвае абавязкі старшыні СПБ, сціпла заўважыла, што хацела, каб гэта мерапрыемства называлася проста сустрэчай, паколькі, з яе досведу, менавіта ў такіх варунках людзі вучацца адзін у аднаго жыццю.

Ад імя ўладаў гасцей з Польшчы і Мінску вітала намеснік старшыні аблвыканкама Марыя Бірукова, якая звярнула ўвагу на тое, што не ацяпляецца памяшканне, а затым распачала апавядаць аб дасягненнях вобласці ў эканоміцы і сельскай гаспадарцы. Цяжэй было гаварыць пра дасягненні ў культуры і адукацыі, асабліва пра беларускамоўнае школьніцтва. Спадарыня Бірукова называла канкрэтныя лічбы і акцэнтавала ўвагу на тым, што бацькі самі выбіраюць для сваіх дзяцей рускамоўную адукацыю. Маўляў, мы актыўна працуем, але пакуль нічога не атрымоўваецца. Праўда, госці з Варшавы, з усмешкай выслухоўвалі падобныя аргументы. Алесь Барскі, напрыклад, заявіў у адказ, што "няма ў свеце такой краіны, дзе б навучанне на нацыянальнай мове залежыла ад волі бацькоў". Ён таксама зазначыў, што "калі падобная сітуацыя ў Беларусі будзе мець працяг, то краіна цалкам застанецца ізаляванай". Яшчэ больш рэзка па данаму пытанню выказаўся вядомы перакладчык Чэслаў Сэнюх, падкрэсліўшы неаднойчы, што ён паляк, але і ў яго баліць душа за стан беларускай мовы: "Гэтая бяда нараджаецца ў Мінску, у палацы прэзідэнта".

Акрамя палітычных размоваў, пісьменнікі шмат цікавага распавядалі і аб творчасці, літаратуры. Прысутныя былі ўражаны перакладам "Новай Зямлі" Я.Коласа, на польскую мову, які зрабіў Чэслаў Сэнюх. На сустрэчы з літаратарамі Гродзеншчыны гучалі вершы па-польску і беларуску.

Адчувалася, што пісьменнікі засталіся задаволенымі. Апрача ўсяго, у суботу пасля абеду іх павезлі на экскурсію ў калгас "Прагрэс", напэўна, паказваць дасягненні ў сельскай гаспадарцы.

М.КАРНЕВІЧ

Назад