Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Атлантыда ХХ стагоддзя

На жаль, чалавецтву не ўдасца ўжо паглядзець на арыгінал Капельбрука, найстаражытнейшага драўлянага маста ў Еўропе, пабудаванага яшчэ ў 1333 годзе. Нядаўна абвалілася званіца Сан Далмаціо ў Павіі. Кіслыя дажджы і марская соль знішчылі статую конніка, аўтарам якога быў Верочыя з Венецыі. Няшмат бракавала і турысты да шчэнту разабралі б адзін з найвялікшых меціарытаў свету, які знаходзіцца ў Намібіі. І сапраўды трэба паспяшацца, каб яшчэ пабачыць вежу ў Пізе - яна кожны год адхіляецца ад вертыкалі на 1.5 мм. У парку Ёсэмітэ не ўбачым мядзведзя грызлі, у запаведніку Уюнг Кулан на Яве - явайскага тыгра. У апошнія гады зніклі тры з пяці відаў тыграў (на працягу апошніх ста гадоў іхняя колькасць зменшылася на 95 %). Шасці сярод 11 відвў кітоў пагражае вынішчэнне. Ва ўсім свеце жыве толькі 300 горных гарылаў. Невядома, ці ўдасца спыніць высыханне дэльты Акаванга, дэградацыю Вялікага каралавага рыфа ці вырубку дрэваў у Белавежскай пушчы. Арганізацыя ЮНЕСКА падрыхтавала нядаўна спіс месцаў свету, якім пагражае знішчэнне. Прадстаўляем некаторыя з іх.

Сфінкс

- манументальная статуя, выкаваная з вельмі ўражлівага на эрозіі і вынікі хімічнага забруджання атмасферы будаўнічага матэрыялу, - на працягу апошніх 40 гадоў знішчыўся больш, чым за 40 стагоддзяў свайго існавання. Ад статуі адваліліся некалькі вялікіх фрагментаў, апошнім разам плячо. Двухокіс серы, які даходзіць з недалёкага Каіру (16 мільёнаў жыхароў, прамысловасць і матарызацыя) паступова паніжаецца узровень грунтовых водаў. Прычына і вібрацыя - ад сотняў аўтобусаў з турыстамі. Японцы прапануюць пакрыць Сфінкса і піраміды спецыяльным тонкім пластом пластмасы, амерыканцы - акружыць статую вялікім празрыстым экранам альбо наогул закапаць зноў у пясок. Абвал Сфінкса - калі хутка не будуць праведзеныя працы - гэта пытанне некалькіх гадоў.

Мадарскі коннік

- цудоўны барэльеф, выкананы на вышыні 23 метраў сярод скал мадарскай крэпасці непадалёк мясцовасці Шумен у Балгарыі, нядаўна назвалі адным з помнікаў свету, якія знаходзяцца пад найбольшай пагрозай. Рэльеф, якому пагражаюць кіслотныя дажджы, мікраарганізмы і зрухі зямной кары, паходзіць з першага стагоддзя нашай эры. З кожным разам заўважаецца больш і больш, што прадстаўляе ён конніка, які ў адной руцэ трымае цуглі, у другой кап'ё, забітае ў хрыбет льва.

Неапітагарэйская базыліка ў Рыме

- знаходзіцца толькі 20 метраў ад Порта Магіёрэ, ля чыгуначнай станцыі Стыцыёнэ Тэрміні. Рымскі часопіс "Ля Стампа" многія гады праводзіць кампанію ў абарону аб'екта, вежам і тром абсідам якога шкодзяць вібрацыі, выкліканыя праязджаючымі цягнікамі. Базыліка паходзіць з першага стагоддзя нашай эры і з'яўляецца выключна важным звяном паміж хрысціянскай і паганскай культурамі.

Венецыя

- ад моманту катастрафічнай паводкі ў 1966 годзе тут з дапамогай усяго свету стараюцца затрымаць асоўванне зямлі. Будуюцца чарговыя шлюзы, без перапынку выпампоўваюцца грунтавыя воды. Начныя прыбоі ўсё адно заліваюць тратуары, ніжнія часткі некаторых дзвярэй у пад'ездах больш чым на 10 см знаходзяцца пад вадой. Плошча Св.Марка робіцца падобнай да сажалкі, ападае тынк, на сценах дамоў з'яўляюцца трэшчыны. Вобраз знішчэння дапаўняе прамысловае забруджанне горада.

Торрэ Пендэнтэ

- крывая вежа ў Пізе адхілілася ад вертыкалі ўжо больш, чым на 5.4 м. Важыць яна 14.5 тысяч тон. Націск, які робіць вежа на грунт, на 10 разоў большы, чым дапускаецца. Яе пабудавалі на вільготнай і нестабільнай аснове. Каб паўстрымаць адхіленне, ніжэй фундаментаў прасвідравалі звыш 350 дзірак, у якія ўпампавалі амаль 10 тон цэменту - усё адно вежа адхілілася яшчэ на 7.5 мм. Прадбачаных вынікаў не прынесла счапленне грунтаў. Апошнім часам усталявалі 18 канатаў, якія трымаюць вежу вакол першай галерэі. Можна толькі адтэрмінаваць момант абвалу будоўлі - адхіленне ад вертыкалі павялічваецца на 1.5 см штогод.

Калізей

- амфітэатр, пабудаваны ў першым стагоддзі нашай эры Флавіямі. Ён мае 80 уваходаў, 4 балконы. Тут можа змясціцца 50 тысячаў гледачоў. У ім змагаліся гладыятары. Сёння цяжка паверыць у даўнюю вялікасць і прыгажосць гэтага аб'екта. Знішчаны падчас землятрусу і войнаў, ён робіць прыгнятаючае ўражанне.

Парфэнон у Афінах

- з мармуровымі дарыцкімі калонамі ў вытанчаных прапорцыях, быў святасцю святых Акропалю - тут знаходзілася статуя Афіны скульптара Фідзія. Распадаецца - так як Эрэхцяён і манументальная брама Прапылеі - з прычыны забруджванняў ды вялікага руху машын. Штораз больш скульптураў з Акропалю трапляюць у музеі. Кіраўніцтва аб'екту кожны год прывозіць сюды некалькі грузавікоў камянёў, каб турысты малі ўзяць на памяць каменьчык з Акропалю.

Муседэн

- цыліндрычную святыню ў Паўночнай Ірландыі (недалёка ад Кастлрок) пабудавалі напрыканцы ХVIIIст. На базальтавым абрывістым беразе на вышыні 50м над уздымаючыміся хвалямі. З прычыны эрозіі берагу будоўля хутка апынецца ў акіяне. Адмыслоўцы лічаць, што выратаваць святыню можна адзіным спосабам - перанесці яе на 20м далей ад берагу.

Тадж Махал

- сімвал вечнага кахання, адна з найпрыгажэйшых і найбольш рамантычных грабніц свету, найбольш вядомы забытак Індыі. Будоўлю знішчаюць вятры, кіслыя дажджы і турысты. У мармуровыя, па-майстэрску зробленыя краты грабніцы калісьці ўставілі 43 віды высакародных камянёў, сярод іх няфрыты, горны крыштыль, сапфіры, дыяменты. Сёння ад іх не засталося і сляда. На мурах з'яўляюцца трэшчыны, абсыпаюцца тынкі. На будоўлі грабніцы для любімай жонкі шаха, якая распачалася ў 1623 годзе, працавала 20 тысяч людзей. Збудавалі яе на пясках пустыні, якая зараз знішчае гэтую прыгажосць.

Кіеўска-Пячэрская Лаўра

- з ХІст. - адзін з найбольш важных рэлігійных аб'ектаў праваслаўя. Дзесяцігоддзямі, у час ўлады Саветаў, знішчалася - былі тут і склады і аб'екты публічнага выкарыстання. Нядаўна пачалі вяртаць ёй даўнюю вартасць. Усё ж такі дэградацыя натуральнага асяроддзя на Украіне моцна паўплывала на яе лёс.

Хагія Сафія ў Стамбуле

- палацавы касцёл, які быў найбольш прадстаўнічай будоўляй Візантыі. Пасля захопу горада туркамі тут зрабілі адну з найбольшых мячэцяў. Святыня была ўнесена ў спіс ста аб'ектаў свету, якія знаходзяцца пад найбольшай пагрозай. Будоўлі пашкодзілі падземныя воды і ўзрастаючы турыстычны рух. Бэлькі, што падтрымліваюць скляпенне, знаходзяцца ў кепскім стане. Дах працякае, а вада нішчыць фрэскі.

Петра

- высечаны ў скалах паўднёвай Іарданіі горад мае як арабскія, так і хэленскія рысы. Выдатна захаваныя манілы, тэатр ды святыня адкрыліся для сучаснага свету толькі ў 1812 годзе. Забыткі Петры топчуць турысты, якіх прыязджае сюды з кожным разам болей і болей.

Нубійскія будоўлі ад Абу Сімбел да Філэ

- гінуць таму, што арабы не зацікаўленыя ў іх аднаўленні, бо гэта хрысціянскія святыні. Будоўлі, што паходзяць з ХІІІст., знішчыла мінулагодняя, найбольшая за некалькі соцень гадоў, паводка. Калі вада спала, знішчэннем заняліся караеды і іншыя насякомыя. Пад пагрозай знаходзяцца карціны ў кляштары ў Старой Данголі.

Анхкор у Камбоджы

- комплекс святыняў плошчай у 400 кваратных км, адно з найвялікшых археалагічных багаццяў Паўднёва-ўсходняй Азіі - з жахлівым тэмпам зарастае трапічным пустазеллем. Ахвярамі Чырвоных Кмераў, якія забівалі інтэлектуалаў - ворагаў нацыі, сталі 1200 спецыялістаў, якія дбалі пра святыні, пабудаваныя паміж ІХ і ХV стагоддзямі. Пяшчанік крышыцца пад нагамі ўсё большай колькасці турыстаў.

Дэльта Акаванга

- да нядаўняга часу - найбольшая дэльта плошчай у 15.5 тысячаў квадратных метраў. Узровень вады, што ўбывае па прычыне хуткага выпарэння, не ўзрастае пасля прыбою ці ападкаў. Гіне рака, ад якой залежыць існаванне мільёнаў жыхароў Анголы, Батсваны ды Намібіі. Гэта апошняе месца, дзе можна сустрэць 80 унікальных відаў рыб і некалькі дзесяткаў гатункаў раслінаў.

Палац Намселінх

- гэта сімвал уміраючага свету буддызма. Разбураюцца помнікі, цытадэлі, палацы. Культуру народа Тыбету знішчаюць захопніцкія кітайскія войскі. Пратэсты ў гэтай справе праводзяцца каля амбасадаў Кітаю ва ўсім свеце.

Пячора Альтаміра

- Яе ў Іспаніі спустошыў вялікі турыстычны рух. Тут гіне адна з найстаражытнейшых і найважнейшых наскальных карцінаў свету. Калі вы хочаце наведаць пячору, дык аб гэтым трэба паведаміць за некалькі месяцаў да візіту і прадставіць пераканаўчую прычыну.

Аху Тангарыкі

- цырыманіяльны цэнтр, што знаходзіцца на Вялікодных астравах у Ціхім акіяне. Гіганцкія каменныя статуі разбураюцца не столькі ад чарговых удараў хваляў цунамі, колькі ад забруджаннага паветра.

Парк Сэрэнгэці

- вялізны заапрак (амаль 15 тысячаў квадратных метраў), вядомы гіганцкай колькасцю відаў драпежнікаў, памалу пераўтвараецца ў пустую плоскую раўніну, па якой зрэдку прабягае перапалоханы звер. Браканьеры поўнасцю вынішчылі чорнага насарога. З-за хваробаў змяншаецца колькасць львоў, турысты палохаюць птушак. Заборы робяць немагчымымі сезонныя прагулкі звяроў.

Зямля Атнхэм

- знаходзіцца ў паўночнай Аўстраліі і належыць да нацыянальнага парку Какаду. Тут знаходзіцца 190 месцаў, дзе знайшлі прыклады першабытнага мастацтва - найстарэйшыя з іх датуюцца 10-20 тысячамі гадоў да нашай эры. Нядаўна ў гэтым раёне знайшлі адно з найвялікшых у свеце месцараджэнняў урану. Нягледзячы на пратэсты, пачалася іх эксплуатацыя, а гэтую тэрыторыю адабралі ў нацыянальнага парка.

Белавежская пушча

- апошні лапік пушчы, якая стагоддзі таму распасціралася ад Атлантыкі да Урала. Тут можна знайсці 5 тысячаў гатункаў сасудзістых і споравых раслінаў, амаль 12.5 тысячаў відаў звяроў. Частка пушчы, што знаходзіцца на беларускай тэрыторыі, знаходзіцца пад апекай, з польскага ж боку яе безупынна эксплуатуюць. Апошнім часам пад прэсінгам СМІ, урад вылучыў 5 мільёнаў долараў на павелічэнне яе плошчы. Вырубанне дрэваў, часам нават тых, што маюць некалькі соцень гадоў, аднак не спыняецца. Падчас нядаўняга выступлення ў польскім парламенце, міністр аховы асяроддзя пад націскам лобі дрывасекаў ні разу не назваў Белавежскую пушчу "нацыянальным паркам". Гіне апошняя натуральная пушча Еўропы.

Еллоўстоўн

- найстарэйшы ў свеце нацыянальны запаведнік. Скамянелыя лясы, звыш 200 актыўных гейзераў, азёры з кіпячай вадой. Пагрозай для парку з'яўляецца будаўніцтва прамысловых аб'ектаў і пошукі месцаў для пабудовы чарговых. Мядзведзям грызлі, якіх жыве тут менш за 200, пагражае вынішчэнне. Раней яны поўнасцю зніклі з іншага амерыканскага парку - Ёсэмітэ.

Кракатау

- чатыры выспы паміж Явай і Суматрай прыцягваюць турыстаў, якія з нецярпеннем чакаюць дня, калі архіпелаг пагрузіцца ў мора. У 1883 годзе тут адбыўся вельмі магутны выбух. У паветра вылецела амаль 21 квадратны км скалаў, пачулі гэты выбух на адлегласці 4.8 тысячаў км, пыл падняўся на некалькі дзесяткаў км угару на беразе Явайскага мора. Ад выспаў засталіся абрэзкі, што амываюцца вадою. Энергія выбуху была ў 2 тысячы разоў большая, чым магутнасць бомбы, якую скінулі на Хірасіму. Чарговы выбух знясе архіпелаг з паверхні зямлі.

Калі хочаце аб'ехаць свет, пачаць трэба з месцаў, якія знікнуць праз 10-20 гадоў. Гэтых месцаў не пабачаць ужо нашыя дзеці, а тым больш унукі. Адначасова памятайма пра тое, што трэба паклапаціцца аб тамтэйшай прыродзе і людзях, што там жывуць. Трэба спяшацца - часу засталося няшмат.

Амазонія

- цяпер засталося толькі 25% ад першапачатковай плошчы гэтых натуральных лясоў нашай планеты. Цяпер Амазонія гіне ў два разы хутчэй, чым 10 гадоў таму. Калі тэмп яе эксплуатацыі не зменшыцца на працягу бліжэйшых дзесяцігоддзяў, пушча, якая здаўна прыцягвала сваёю таямнічасцю, зменіцца ў гаспадарчы лясок. У сувязі з гэтым знікнуць і плямёны, што там жывуць. Толькі ў гэтым стагоддзі і толькі ў Бразіліі вымерла 90 розных па культуры плямёнаў. З 1992 году вырублена больш за 3 мільёны гектараў трапічных джунгляў.

Вялікі каралавы рыф

- да нядаўна незнішчальны падводны агарод, што квітнее 8 тысячаў гадоў. 4 тысячы гатункаў рыб, 350 - каралаў, дзесяткі гатункаў марскіх змеяў, малюскі, ракападобныя - гэтую складаную экасістэму можна параўнаць толькі з трапічным лесам. Па прычыне вырубкі лясоў пачалася эрозія грунтаў - пыл змяншае празрыстасць вады, што прыводзіць да вынішчэння чарговых відаў. Экасістэму знішчаюць і гатункі, што паявіліся ў забруджаным асяроддзі. Дэградуюць аж 70% каралавых рыфаў у 93 сярод 109 краінаў, у якіх знаходзяцца рыфы. Паводле дадзеных арганізацыі "Піпл энд зэ Плэнэт" з метраполіяў, што гвалтоўна развіваюцца на прыбярэжных тэрыторыях, у мора трапляе 35 мільёнаў тонаў азоту ў год, 4 мільёны тонаў спалучэнняў фосфару, цяжкія металы. Пустэльні на марскім дне - гэта факт ужо ў нашыя часы.

К. ПАЛУЯН-МЯДЗВЕДЗЬ (Па матэрыялах часопіса "Wprost")

Назад