Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гісторыя і культура

Татары ў гісторыі Беларусі

Гісторыя татараў, як і гісторыя беларусаў, у школьных праграмах не вывучалася, а працы вучоных гісторыкаў, якія датычылі гісторыі татараў, былі недаступныя для шырокага кола чытачоў. Свой погляд на гэтую праблему прапануе наш чытач, Саніях Фатыхавіч Гарданаў.

Усе пакаленні савецкіх людзей "ведалі" аб татарах як аб варварах і дзікунах, дзякуючы школьным падручнікам, якія тэндэнцыйна скажалі звесткі аб Татара-мангольскім іга. Аб абсалютным няведанні гісторыі татараў сведчыць і той факт, што ў Расіі, калі У.Жырыноўскі, будучы кандыдатам у прэзідэнты, заявіў: "Стану прэзідэнтам - усіх татараў перасялю ў Манголію". З гэтай самай нагоды ў мінулым стагоддзі ўсе цюркамоўныя народнасці называліся татарамі. Узгадайце "Кавказского пленника" Л.Толстога. Этнонім "татары" быў нададзены цюркамоўным кіпчакам і камска-волскім балгарам, якія складалі асноўную частку насельніцтва Залатой Арды. Заваяваўшы гэтыя народы, правадыры Арды, назваўшы сябе ганаровым імем "татары", паступова распаўсюдзілі гэту назву цалкам на дзяржаву і ўсё насельніцтва, якое ў ёй жыло. Хаця напачатку дзяржава называлася Кіпчаскім царствам, так як асноўная частка татара-манголаў пасля паходаў Батыя вярнулася на Ўсход, на сваю Радзіму Каракорум. Ад прышэльцаў засталіся адзінкі - продкі сучасных калмыкаў.

Нашчадкамі цюркскамоўных кіпчакаў і камскіх балгараў цяпер з'яўляюцца татары Волга-Уральскага рэгіёну (казанскія), сібірскія, астраханскія, крымскія і літоўскія, якія цяпер жывуць у Беларусі, Польшчы і Літве. З гэтае нагоды вядомы гісторык Л.Гумілёў пісаў: "... так тысячу гадоў таму дзьве буйнейшыя дзяржавы Усходняй Еўропы - Кіеўская Русь і Волская Балгарыя заключылі мірнае пагадненне, якое, нягледзячы на тое, што славяне прынялі хрысціянскую веру, а цюркскамоўныя балгары па-ранейшаму шанавалі мусульманства, станоўча адбівалася на адносінах паміж народамі на працягу амаль 250 гадоў, практычна да разгрому Батыя. Дарэчы, нашчадкі гэтых балгараў, якія складалі значную частку насельніцтва Сярэдняга Паволжа, па збегу акалічнасцяў называюцца імем "татары", а іх мова - татарскай, хоць гэта не больш чым камуфляж!"

У 1860 годзе М.Чарнышэўскі сцвярджаў: "З цяперашніх крымскіх, казанскіх і арэнбургскіх татараў наўрадці знойдзецца хоць адзін чалавек, які паходзіць ад Батыя, альбо пакораны ім, як былі пакораны рускія". У Казанскім, Сібірскім, Астраханскім, Крымскім ханствах, якія ўтварыліся пасля распаду Залатой Арды, татарамі называла сябе феадальная вярхушка, групы ваенных і чынавенства, якія паходзілі ў асноўным ад залатаардынскіх татараў кіпчакска-нагайскага паходжання.Менавіта яны адыгралі значную ролю ў распаўсюджванні этноніма "татары". Тым не менш дадзены этнонім замацоўваўся ў гісторыі даволі складана. Сярод татараў Волга-уральскіх у ХУІ ст. ён яшчэ ўспрымаўся як бы меў адмоўны сэнс.Практычна да ХІХ ст. яны называлі сябе - казанлы, болгар, мішар, цяпцяр, крашэн і г.д. Аднак ўжо ва ўмовах фарміравання нацыі (другая палова ХІХ ст.) у татар пачаўся працэс росту самасвядомасці і асэнсавання свайго адзінства. І пад уздзеяннем інтэлігенцыі паступова адбылася адмова ад лакальных самасвядомасцяў на карысць аднаго агульнага этноніма "татары". І да часу перапісу 1926 года большасць татар лічылі сябе ўжо татарамі.

Усё ж гісторыя зрабіла сваю справу. І сёння знаходзяцца асобныя прадстаўнікі народа, якія адмоўна ставяцца да назвы сваёй нацыянальнасці. Напрыклад, за 1998-1999 гады больш двухсот жыхароў Казані праз суд запісы ў сваіх пашпартах аб нацыянальнай прыналежнасці з "татарына" змянілі на "балгарын".

Этнічная гісторыя татар даволі складаная і ў шэрагу аспектаў застаецца недастаткова вывучанай. Адносна познім этнічным утварэннем з'яўляюцца літоўскія татары. Гэта група пачала складвацца ў канцы ХІУ ст. на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з выхадцаў з Залатой арды, пазней з Вялікай і Нагайскай Ордаў.

Татары на землях ВКЛ

Няма ніякіх сумненняў, што яшчэ да Вялікага князя Вітаўта былі пасяленні татараў у Літве. Вядома, што Гедымін, заснавальнік магутнай Літоўскай дзяржавы, меў добрыя адносіны з ардынцамі: ён ніколі не ваяваў з імі і не плаціў ім даніну. Наадварот, у яго войску служылі татары. Так ужо ў бітве 1319 года з Тэўтонскім Ордэнам удзельнічаюць татары, якія складалі значную частку войска Гедыміна. Гісторыкі сцвярджаюць, што частка татараў, якія служылі ў Гедыміна, засталіся ў ягонай дзяржаве і пасля вайны і атрымалі ад яго ў валоданне землі. Напрыклад, анналіст Францысканскага Ордэна ў 1324 годзе піша: "Нашы браты, якіх абрацілі ў Хрысціянскую веру Літоўскіх зямель, нашлі ўвесь народ паглыбленым у паганстве: пакланяюцца агню і ў сваіх малітвах ужываюць Азіяцкую мову".

Трэба адзначыць, што калі ўся Еўропа ўзбройвалася мячом і ненавісцю супраць мусульман, Літоўскія князі з любоўю і гасціннасцю запрашалі ў свае ўладанні татар, якія ў сілу розных абставінаў вымушаны былі пакідаць сваю радзіму. У Літве яны атрымоўвалі землі, не гублялі сваёй веры і былі прыраўнены ў правах да мясцовай шляхты. Такая палітыка ВКЛ выклікала недобразычлівыя адносіны з боку Лівонскіх Мечаносцаў, якія лічылі Літоўскіх князёў ворагамі хрысціянства.

Галоўнай прычынай масавага перасялення татар з Залатой Арды на землі ВКЛ была міжусобіца за галоўны прэстол. Дарэчы, з гэтай самай нагоды адбыўся распад некалі магучай дзяржавы, ад якой залежылі Рускія княствы на працягу двухсот гадоў. І гэта адбылося зусім не з-за таго што была прайграна Кулікоўская бітва 1380 года, як пішуць рускія гісторыкі, ухваляючы ролю Д.Данскога.

Масавае перасяленне татар у Літву пачалося ў перыяд княжання Вялікага князя Літоўскага Вітаўта, сына Кейстута (1392-1430). Дарэчы, і пры Кейстуце ў 1350 годзе ардынскія атрады прымалі ўдзел у паходзе супраць Польшчы.

У 1559 годзе адзін з літоўскіх татараў на шляху ў Мекку спыніўся ў Стамбуле і для візіра Султана Сулеймана напісаў трактат аб татарах у Літве. Гэты рукапіс патрапіў пазней у рукі даследчыка-арыенталіста, прафесара Санкт-Пецярбургскага універсітэта, беларускага шляхціча Антона Восіпавіча Мухлінскага, які карыстаючыся гэтай крыніцай, у 1858 годзе ў Вільні апублікаваў працу "Аб паходжанні і стане літоўскіх татар". Акрамя гэтага, у сваёй працы "Гісторыя Атаманскай імперыі з 1520 па 1630 г.г." турэцкі гісторык Пэчэві, які жыў у ХУІ пачатку ХУІІ ст., чэрпаючы звесткі з самых дакладных крыніцаў, апісаў гісторыю пасялення татараў у Літве.

Згодна з легендай, татар, якія ўдзельнічалі разам з Вітаўтам у паходзе 1397 года на татараў Азоўскай Арды, налічвалася каля сарака тысяч. Як піша Мухлінскі, у выніку такога паходу, частку заспетых у расплох татар Вітаўт адправіў у Польшчу да свайго брата Ягайлы, дзе палову з іх перакрысцілі, а большую частку прыгналі ў Літву з жонамі і дзецьмі і пасялілі іх у ваколіцах Вільні, Трокаў, Ашмян, Ліды, Навагрудка, Брэста, Валыні, Аўгустова разам з татарамі, якія збеглі ад Тымерлана.

У рускіх княствах палонных мусульманаў, якія адмовіліся прымаць праваслаўе, рабілі вечнымі рабамі. Вялікі князь Вітаўт даваў ім землі і абавязваў з'яўляцца на вайсковую службу. Прычым, землі даваліся з правам наследства і прадажы. У адрозненні ад рускіх князёў, Вітаўт сяліў татараў і ў гарадах. Такім чынам татары карысталіся ўсімі правамі і жылі ў ВКЛ як на сваёй радзіме, з сваёй верай, мовай і звычаямі. Калі Вітаўта папракалі ў тым, што ён шчодра ўзнагароджваў няверных і міласціва з імі абыходзіўся, то ён адказваў: "І самых лютых звяроў кротасцю можна ўцешыць".

С.ГАРДАНАЎ (Працяг будзе)

Назад