Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

У Якушоўцы стаіць крыж

У нядзелю 24 кастрычніка на радзіме Кастуся Каліноўскага ў вёсцы Якушоўка Свіслацкага раёна быў устаноўлены крыж памяці загінуўшых паўстанцаў 1863 года.

Праз 136 гадоў памяць продкаў, якія аддалі свае жыцці за нашу свабоду , была нарэшце ўшанавана па-хрысціянску. Праўда, крыжа не асвяцілі, не было святара.

Арганізатарамі гэтай акцыі выступілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады з Гродна, вядомы гродзенскі каваль Юрась Мацко, які зрабіў металічнае аздабленне на крыжы і суполка Беларускага народнага фронту са Свіслачы на чале з Віктарам Трышчановічам. Дарэчы, пра асобу апошняга хацелася б асобна сказаць некалькі слоў. Віктар - вайсковы пенсіянер, больш дваццаці гадоў адслужыў у ваенна-марскім флоце, пасля чаго вярнуўся на радзіму сваіх продкаў у Свіслач. Менавіта з яго прыездам пачалася актыўная адраджэнская праца на Свіслаччыне. Ён цудоўна гаворыць па-беларуску, хаця шмат гадоў не чуў сваёй роднай мовы.

Што датычыць уладаў, то яны, зразумела, не прыклалі да гэтага сваёй рукі. Больш таго, па словах аднаго з выступоўцаў, улады адмаўляюць у рэгістрацыі грамадскага аб'яднання імя братоў Каліноўскіх.

Мерапрыемства было прыўрочана да гадавіны смерці старэйшага брата Кастуся Каліноўскага - Віктара. Акцыя і пачалася ў Свіслачы, дзе з'ехаўшыяся госці з Гродна, Мінска, Мастоў, Слоніма, Ваўкавыска і іншых гарадоў Беларусі ўсклалі кветкі на магілу Віктара Каліноўскага. Дарэчы, гэту магілу на свіслацкіх могілках адшукаў і надаў ёй прыстойны выгляд Віктар Трышчановіч разам са сваімі сябрамі і цяпер кожны год сюды прыязджаюць людзі, каб ушанаваць памяць нашых герояў.

У той самы час, калі на магіле Віктара Каліноўскага гаварыў пісьменнік Уладзімір Арлоў пра тое, што цяпер у камерах Валадаркі (турма ў Мінску) сядзяць, як і ў 1863 годзе беларусы, якім дарагія ідэалы свабоды, незалежнасці, з царквы выйшлі сталыя жанчыны і адразу з праклёнамі накінуліся на моладзь, што стаяла з бела-чырвона-белымі сцягамі. Сабраўшыхся з розных куткоў Беларусі людзей, гэтыя бабулькі называлі фашыстамі. Праўда, інцыдэнт доўга не працягваўся - ім папросту нічога не адказвалі...

Калона з васьмі легкавых машын і чатырох аўтобусаў накіравалася з Свіслачы ў бок Якушоўкі. На галаўной машыне развейваўся бела-чырвона-белы сцяг. Гэта відовішча трэба было бачыць на свае вочы. Перад крыжам у Якушоўцы адзін з лідэраў гродзенскіх сацыял-дэмакратаў прапанаваў спаліць праект саюзнай дамовы. Так і паступілі. Прамову сказаў і выконваючы абавязкі старшыні Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі. Дарэчы, яна была аптымістычнай, паколькі лідэр фронту ўпэўнены, што незалежнасць сваёй радзімы мы здольны адстаяць, якія б дамовы цяперашнія ўлады не падпісвалі. Самае галоўнае, на думку выступоўца тое, што ў нас ёсць народ, які не баіцца гэтага рабіць.

Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства адбыўся канцэрт у лесе, на ускрайку Белавежскай пушчы. Спявалі Віктар Шалкевіч, Андрэй Мельнікаў, Кася Камоцкая. Было холадна, ішоў дождж, а людскія твары выглядалі шчаслівымі.

М.КАРНЕВІЧ

Назад