Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

ЖРЭУ судзіцца з мастаком

У Ленінскім раённым судзе Гродна адбыўся грамадзянскі працэс па справе вядомага мастака Алеся Сурава. Практычна чатыры месяцы таму ЖРЭУ Ленінскага раёна прапанавала мастаку новыя ўмовы дагавора арэнды яго майстэрні. Сутнасць гэтых новых умоваў палягала на тым, што замест месячнай аплаты ў 100 тысяч беларускіх рублёў мастак павінен быў плаціць суму, роўную 100 далярам. Зразумела, такіх грошай ён плаціць не мог і не плаціў, а новы дагавор падпісваць адмовіўся. Суды пад старшынствам суддзі Аляксандра Дзяделя вынес рашэнне - дамову разарваць.

Справа ў тым, што кожны год Гродзенскі гарвыканкам падае спісы мастакоў у абласную камісію пад кіраўніцтвам М.Бяляева, якім прадстаўляецца магчымасць ільготнай аплаты. Некалькі гадоў запар у гэтых спісах было прозвішча і Алеся Сурава, які працаваў галоўным мастаком тэатра Лялек і шмат зрабіў сваім мастацтвам для нашага горада. Цяпер ён аказаўся адзіным нялюбым з цэлага спісу мясцовых творцаў. Колькі мастак не дамагаўся, каб высвятліць, за што ён патрапіў у такую няміласць, яму гэта зрабіць так і не ўдалося - адзін чыноўнік адсылаў да другога. Зрэшты, як і заўсёды. Аб гэтым "БИ" ужо пісала.

І усё ж, ад чаго пачаўся увесь гэты сырбор? Летам бягучага года супраць мастака А.Сурава была ўзбуджана крымінальная справа за выдадзены ім зборнік карыкатур, у якім, на думку мясцовых пінкертонаў, праглядвалася асоба А.Лукашэнкі. Пасля ўзбуджэння справы на кватэры мастака быў праведзены вобыск. Трэслі і грамадскае аб'яднанне "Ратуша", а таксама рэдакцыю газеты "Пагоня". Сурава неаднойчы выклікалі на допыты ў пракуратуру, але раптам справа заціхла. Затое з'явіліся новыя праблемы - з майстэрняй. Здагадлівыя "дабрадзеі" добра разумеюць, што мастаку не абыйсціся без майстэрні. Але ўсе гэтыя "дабрадзеі" ніколі не зразумеюць, што калі мастак хоча маляваць і не можа гэтага не рабіць, то ён усе роўна будзе гэта рабіць. Зрэшты, гэта не для сярэдніх умоў.

Зачытваючы рашэнне суда, суддзя А. Дзядель быў здзіўлены, што з'явілася так шмат журналістаў. Ён звярнуўся да іх з просьбай, каб не распісвалі, як бедна выглядае ягоны кабінет. Дарэчы, сам ён стаяў ў куртцы, паколькі тэмпература набліжалася да нуля. З сценаў каля вокнаў асыпалася пабелка, але пра ўбогасць судовай установы па просьбе суддзі мы сапраўды пісаць не будзем.

Што датычыць А.Сурава, ён не прымае такога рашэння і збіраецца падаць скаргу ў абласны суд. Так што справа, можна сказаць, пакуль не скончана. Дарэчы, прадстаўнікі ЖРЭУ сказалі, што падобны працэс з мастаком іх ведамства перажывае ўпершыню.

М.МІКАЛАЙЧЫК

Назад