Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гісторыя

Гарадзенскія ваколіцы

Працяг. Пачатак №29, 31, 33, 38

БЕРШТЫ(працяг)

Сучасная вёска Бершты цесна звязана з вельмі значнай для нашага горада падзеяй - наданне Гродну поўнага Магдэбургскага права. У Нацыянальным Архіве Рэспублікі Беларусь у Гродне захоўваецца польскамоўная копія прывілею. Усім вядома, што падзея адбылася ў 1496 годзе, а калі больш дакладна - гэтая справа, на думку аўтара, яшчэ канчаткова не даследавана. Сэнс у тым, што Магдэбургскае права для Гродна было нададзена ў 1496 годзе ў дзень Святога Бенедыкта па каталіцкаму календару. Дзень Святога Бенедыкта святкуецца ў каталікоў двойчы - 12 студзеня і 11 ліпеня. Калі, па распаўсюджанай версіі, вялікі князь знаходзіўся ў Берштах на паляванні, то наўрадці гэта было ў ліпені (права ВКЛ на паляўніцтва вельмі дакладна выконвалася і першымі асобамі дзяржавы). Справа ў тым, што ў сярэдзіне лета на паляванне быў накладзены заказ, як і сёння. А ў студзені, калі берштаўскія дрыгвы скаваў мароз, вялікі князь з дапамогай асочнікаў меў магчымасць упаляваць тура, зубра, а ў горшым выпадку мядзведзя ці дзіка. Таму, на думку аўтара, свята "Дзень Горада" трэба святкаваць у студзені, а не ў ліпені. Але так, ці інакш, з моманту падпісання поўнага Магдэбургскага прывілею для Гродна, мінула пяць стагоддзяў.

Некалі ў "Гарадзенскай праўдзе" аўтар напісаў артыкул аб знікненні "сапраўднага Салацкага возера", якое існавала да паловы ХІХ ст. на захад ад Малочнага возера ў Парэччы. У той час была такая моцная паводка, што па словах сведкаў "...рака Котра цякла ў Нёман двума рэчышчамі - адным звычайным, і праз азёры Вераўское і Малочнае, а далей праз "сапраўднае Салацкае" (у гэту вясну яно і знікла канчаткова, а сяляне пасеялі на дне гэтага возера грэчку, - І.Т.) у раку Ротніцу і каля Друскенік упадала ў Нёман". На жаль, у апошнім стагоддзі, як напісаў Юзэф Ядкоўскі ў 1923 годзе, "старажытную гісторыю ў Берштах цяжка разгледзець і дасведчаннаму гісторыку".

БІРУЛІЧЫ

Вёска ў Абухаўскім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Назва славянская ад слова "бірулька",- некалі чурбанчык ці лялька з дрэва. Вёска,каля ракі Котра, калісьці вёска Гродзенскай каралёўскай эканоміі і апісана дакладна ў 1560 годзе са спісам усіх жыхароў.Але аўтар знайшоў яе ўпершыню на мапе Расійскага генштаба з 1845 года.

БРОСТЫ

Вёска ў Каробчыцкім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Назва можа паходзіць і ад балцкай і ад славянскай асновы, але тлумачэнне аднолькавае - бяроза. Што цікава - вёска хутчэй за усё з'яўляецца калыскай роду Бжастоўскіх - вядомай магнацкай сям'і ў ВКЛ. Першы ўспамін адносіцца да 1534 г. - у судовых справах Гарадзенскага гарадскога суда. На думку аўтара, яна ўвесь час была прыватнаўладальніцкай вёскай.

БРУЗГІ

Вёска ў Каробчыцкім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Беларускі даследчык тапаніміі - В.А.Жучкевіч - ўзяў для тлумачэння паходжання назвы скажоны вырыянт "Брюзги" з вайсковай савецкай карты. Ён вывеў назву ад рускага слова "брюзга". На нашаю думку, назва балцкага паходжання, якая мае каля дзесяці варыянтаў тлумачэння. Аўтару асабіста падабаецца варыянт "камяністы перакат". Першы ўспамін пра вёску пазначаецца ў 1514 годзе, як пра Падліпкі Кузніцкія, у сувязі з судовай справай гарадзенскіх татараў з віленскімі купцамі. Перапіс жыхароў праводзіўся ў 1547 і 1773 гадах. Вёска пазначана на ўсіх мапах, пачынаючы ад 1781 года.

БУДНІКІ

Хутар у Гожскім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Назва ад старажытнай прафесіі - у часы ВКЛ "...буднікі, гэта сяляне, часцей за ўсё мазурскага паходжання, якія ў пушчах ВКЛ выраблялі дравесны вугаль і дзёгаць ". У апісаннях Азёрскай каралеўскай пушчы ХУІ і ХУІІ стст. пазначаны некаторыя прозвішчы буднікаў, але іх паселішчы не пералічаны. Хутар, а ў той час вёска, упершыню спаткалася аўтару на мапе расійскага генеральнага штабу з 1884 года, а ў апошні раз на вайсковай мапе 1:50 000 выпуску 1973 года.

БУШНЕВА

Вёска ў Азёрскім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Назва хутчэй за ўсё балцкая ад асновы "bustas" - памяшканне, ці як даўней - схрон. Нам здаецца, што спачатку на месцы вёскі была часовая (летняя) хата для асочнікаў ці рыбакоў Азёрскай пушчы. Ўпершыню спаткалася аўтару на мапе Гродзенскага ўезда 1798 года.

БЫЛЬЧЫЦЫ

Вёска ў Верцялішкаўскім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Назва хутчэй за ўсё славянская ад прозвішча "Быльчыц". Шляхецкая вёска ў 1543 годзе. У ХУІІІ ст. гэта быў таксама шляхецкі засцянак. Упершыню спаткаўся аўтару на мапе Гродзенскага ўезду 1798 года.

БЫЧКІ

Вёска ў Капцёўскім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Паходжанне назвы зразумелае - славянскае. Вёска адносна новая - гэта так званыя "выселкі". Упершыню з'явілася на мапе расійскага генштабу 1884 года.

БЭРВІ

Вёска ў Скідальскім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Магчыма назва балцкага паходжання ад асновы "ткачы". Упершыню спаткалася аўтару на мапе Гродзенскага ўезда 1798 года.

БЯЛЯНЫ

Вёска ў Баранавіцкім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Згодна з тлумачэннямі В.А.Жучкевіча, "беляны - жыхары каля белі". У сваю чаргу "бель - верхавое балота". У дачынненні да Бялян гэтая версія вельмі магчымая - каля Бялян вытокі ракі Татарка, даплыву Ласосны.Упершыню аўтар яе спаткаў на мапе 1781 года як вёску гродзенскай каралеўскай эканоміі.

ВАЛАВІЧОЎЦЫ

Вёска у Гінавіцкім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Паходжанне назвы вёскі зразумелае - ад прозвішча беларускіх магнатаў Валовічаў. Вёска ўзнікла пры іх рэзідэнцыі Свяцк. У ХУІІІ ст. Святскаў у тым раёне было чатыры (Свяцк Валовічаў, Свяцк Сапоцькаў, Свяцк Гурскіх і Свяцк Малы). Назва "Свяцк" замацавалася толькі за Свяцкам Валовічаў. Свяцк Сапоцькаў пераўтварыўся ў Сапоцкін, астатнія два Свяцкі ўвогуле зніклі з сучасных мапаў. Вёска ўпершыню пазначана на прускай мапе з 1799 года.

ВАСАРАБЫ

Вёска ў Лойкаўскім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Паходжанне назвы хутчэй за ўсё ад скажонага "бэсарабы" - жыхары часткі сучаснай Малдовы і Румыніі. Магчыма частка палонных "валохаў" пад час барацьбы з туркамі ў ХУІ ст.асела ў гэтай вёсцы.Упершыню сустрэлася аўтару на мапе расійскага генштабу 1884 года, але, напэўна, вёска старэйшая.

ВАСІЛЕВІЧЫ

Вёска - цэнтр Васілевічскага сельскага савета Гродзенскага раёна. Назва паходзіць ад прозвішча "Васілевіч". Вёска ўвесь час была прыватнаўладальніцкай.Мела з ХУІІІ ст. спачатку парафіяльную капліцу ад парафіі Гожа, а ад ХІХ ст. - касцёл, у якім захоўваюцца вельмі цікавыя дакументы з даўніх часоў.Упершыню сустрэлася аўтару на мапе 1781 года.

ВАСІЛІШКІ

Вёска (некалі значнае мястэчка) - цэнтр сельскага савета Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Назва ад імя "Васілій", але спосаб яе фарміравання сцвярджае балцкі ўплыў. Упершыню вядома аўтару з дакументаў Віленскага гарадскога суда з 1467 года, але, магчыма, ужо вялікі князь Вітаўт падараваў яго сваім баярам ў 1413 годзе, калі аўтар, канешне, добра зразумеў лацінскамоўны дакумент з Масквы. У 1489 годзе закладзены быў каталіцкі касцёл, які зафундаваў вялікі літоўскі князь Казімір з Ягелонаў. Зараз на месцы гэтага касцёла стаіць іншы мураваны - былы дамініканскі касцёл Яна Хрысціцеля, які расійскай уладай быў перароблены ў 1832 годзе на царкву, а з 1919 года гэта ізноў каталіцкі храм.Некаторыя аўтары беспадстаўна адносяць яго пабудову да 1903 года. Васілішкі моцна пацярпелі пад час войнаў з Масквой у ХУІІ і ХУІІІ стст., але адрадзіліся ў ХІХ ст., але больш як яўрэйскае мястэчка. Большасці аднагодкаў аўтара Васілішкі вядомыя як радзіма Чэслава Немана - польскага спявака і кампазітара. У аўтара ёсць знаёмыя з Гродна, у калекцыі якіх захоўваюцца фатараграфіі Ч.Немана з часоў яго побыту ў Васілішках і ягонай вучобы ў музвучылішчы ў Гродне.

ВЕРХНЯЯ СВІСЛАЧ

Вёска ў Квасоўскім сельскім савеце Гродзенскага раёна. Апрача сённяшняга райцэнтра Свіслач існавалі сядзібы Верхняя (Gorna) i Ніжняя (Dolna) Свіслачы. Ніжняя Свіслач зараз у прастамоўі - "Саўгас Свіслач". Назва ад назвы ракі, якая ў сваю чаргу мае да гэтай пары не да канца ўстаноўленае паходжанне назвы. Адныя, як напрыклад В.А. Жучкевіч, атаясамлівае назву "Свіслач" з "Віслай" і даюць тлумачэнне назвы зыходзячы са славянскай асновы "вільгаць, балота, разліў". Іншыя - Тапароў і Трубачоў, лічаць аснову балцкай аднакарэннай, напрыклад, з назвай возера Свіцязь. На думку аўтара, назва хутчэй за ўсё фіна-вугорскай асновы, як, між іншым, і "Вісла", "Нарэў", ці блізкая Зэльва. Калі карыстацца сучаснымі слоўнікамі комі-пермяцкай ці эстонскай мовы, то назва можа прыблізна азначаць "няхуткая рака". Сучасная вёска Верхняя Свіслач ўзнікла, на нашу думку, у ХУІІІ ст., як вёска каля шляхецкага фальварка Верхняя (Gorna) Свіслач. Аўтару ўпершыню спаткалася на мапе Гродзенскага ўезда 1798 года. Гэта была шляхецкая сядзіба насупраць сучаснай вёскі Сухая Даліна.

ВЕРХНІЯ ПАГАРАНЫ

Вёска ў Квасоўскім сельскім савеце Гродзенскага раёна.Назва, па В.А. Жучкевічу, старажытнаславянская, - "мясцовасць на пагорках", але нельга выключаць і балцкую аснову. Некалі В.Пагараны былі адной з чатырох вёсак пад назвай Каханова. Былі і Верхнія (Gorne) і Ніжнія (Dolne) Пагараны. Упершыню спаткаліся аўтару на мапах Гродзенскага ўезда 1798 і 1799 гадоў.Ніжнія Пагараны знаходзіліся, на думку аўтара, у ХУІІІ ст. паміж вёскамі Кругляны і Дашкаўцы, бліжэй да вусця ракі Свіслач.

ВЕРЦЯЛІШКІ

Вёска, цэнтр сельскага савета Гродзенскага раёна. Назва, паводле В.А.Жучкевіча, славянскага паходжання ад асновы "верецеі - ўзвышаныя сухія участкі зямлі сярод няўдобіц, прыгодныя для сельскай гаспадаркі". Параўнай "Верацейка, Вярэйкі, Вярэцеі, Верацейкі". Але ж аўтару вядомыя і віленскія "Веркі" і іншыя балцкія асновы. Як бы там ні было, спосаб фарміравання назвы - балцкі. Паводле прафесара М.А. Ткачова і Ю. Гардзеева - Верцялішкі, гэта прыватная сядзіба знакамітага гарадзенскака кашталяна і барацьбіта з крыжацкай навалай князя Давыда Гарадзенскага. На жаль, аўтару пакуль невядомыя крыніцы гэтых высноў. Але, напэўна, праваслаўная царква ў Верцялішках была ўжо напачатку ХУ ст. Вёска вельмі дакладна апісана ў 1560, 1772 і 1799 годзе. Існуе на мапах ад 1781 года.Спачатку ХУІ ст. і да 1795 года Верцялішкі былі каралеўскай эканамічнай вёскай.

Ігар ТРУСАЎ, гісторык

Назад