Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Да гісторыі аднаго экспаната

Помнік Яну і Цэцыліі

Многа непаўторных па сваёй красе, цікавых у гістарычным і геаграфічным плане мясцін захавала на сваіх абшарах зямля Гродзеншчыны. Невычарпальна яна сваімі легендамі і паданнямі аб падзеях і асобах, назвах гарадоў і вёсак, блакітных азёрах і паўнаводных рэчках, аб курганах і забытых магілах, спарахнелыя крыжы, якія можна сустрэць яшчэ і сёння.

Адну з такіх легенд аб магіле Яна і Цэцыліі, якая паўстала недалёка ад ракі Свіслач, на прыгожым узнеслым беразе сівога Нёмана, увекавечыла ў сваёй аповесці "Над Нёманам" знакамітая польская пісьменніца Эліза Ажэшка.

У першай дэкадзе 1886 года яна на працяглы час прыехала да сваякоў у вёску Міневічы паправіць сваё пахіснуўшаеся здароўе і адпачыць ад гарадской мітусні. Гуляючы па маляўнічым наваколлі, пані Эліза натрапіла на магільны помнік, аб чым пісала пазней: "Быў гэта помнік вельмі просты і ўбогі, такой формы і так аздоблены, што каб падобны ўбачыць, трэба было б вярнуцца на некалькі стагоддзяў". Выкананы помнік быў у выглядзе шасціканцовага крыжа, на якім, на чырвоным фоне бялела постаць распятага Хрыста. Па баках размяшчаліся рознакаляровыя скульптуры.

Былі там розныя прыстасаванні пакуты Хрыстовай, галовы памерлых, скульптура Багародзіцы, седзячыя на падстаўках з дрэва і гліны фігуры святых. Спарахнелы крыж і скалечаныя часам постаці на ім, ад поўнага знішчэння забяспечваў невялікі дах, замацаваны на самым версе крыжа. Эліза Ажэшка прачытала надпіс: "Ян і Цэцылія, год 1549, mеmento morі".

Пісьменніцу зацікавіла гісторыя паходжання магілы, у якой спачываў прах загадкавых мужчыны і жанчыны. Хутка яе цікавасць была задаволена. Мясцовыя жыхары паведалі ёй легенду аб вялікім каханні і нялёгкім жыцці першых жыхароў на гэтай зямлі - Яна і Цэцыліі.

Было гэта вельмі даўно, гадоў сто пасля таго, як літоўскі народ прыняў хрысціянскую веру.

Прыйшлі ў гэты край двое людзей, аб паходжанні якіх ніхто нічога не ведаў. Толькі па іх мове і адзенню можна было здагадацца, што радзімай іх была Рэч Паспалітая. Па ўсім было відаць, што баяліся яны пагоні і хаваліся ад людзей, жывучы толькі пад вокам Боскім. Увесь тутэйшы край у той час быў непраходнай пушчай, у якой Гасподзь Бог раскідаў шмат блакітных азёр і зялёных лугоў. Ян і Цэцылія прайшлі ўсю пушчу, але нідзе ім так не спадабалася, як на беразе Нёмана, на гэтым самым месцы, дзе цяпер стаяў помнік. У той час тут не было ні пядзі ўзаранай зямлі, не было слядоў чалавечага жылля.

Нямала гадоў прайшло з таго часу. Шэсць сыноў і шэсць дочак нарадзілася і вырасла ў Яна і Цэцыліі. За гэты час пабудавалі яны сабе прыгожы дом. Сыны іх ажаніліся, а дочкі выйшлі замуж і не ад'язджалі ад бацькоў, а будавалі тут жа свае дамы, сеялі хлеб, займаліся рознымі промысламі.

Дайшла чутка аб новых жыхарах Прынёманскага краю і да караля Жыгімонта Аўгуста, апошняга з роду Ягелонаў. І вырашыў кароль таксама наведаць незнаёмыя яму мясціны, сваімі вачыма ўбачыць тое, пра што з такім захапленнем распавядалі яго падуладныя. Колькі ехаў ён са сваёй світай, невядама. Толькі калі скончылася пушча, перад вачыма ўсіх прысутных раскінулася вялізная раўніна з пажоўклым на ёй жнівом. Сто дамоў стаялі ўздоўж Нёмана, а каля дамоў былі ўскапаны агароды, у якіх раслі розная садавіна і агародніна. Не мог кароль паверыць сваім вачам, што там, дзе была калісьці глуш невядомая, паўстала такое паселішча. З самага лепшага дома сыны, унукі і праўнукі вывялі Яна і Цэцылію. Потым, падняўшы правую руку над народам, кароль абвясціў, што з гэтай часіны род, які ідзе ад простага чалавека, да радавітай шляхты раўняецца. Даруецца яму шляхецкая годнасць і прозвішча Багатырэвічы, а ў гербе мець ім галаву зубра на жоўтым полі. Удастойваецца ён гэтага гонару за перамогу над дзікай прыродай, за нараджэнне новага жыцця і прадаўжэнне роду свайго.

Адбывалася гэта ў 1549 годзе.

Вось такую легенду аб старажытным помніку-магіле пачула Эліза Ажэшка.

У святле народнай легенды гэта магіла павінна захоўваць тленныя астанкі заснавальнікаў роду Багатырэвічаў. Аднак першаму дырэктару Гродзенскага музея Юзэфу Ядкоўскаму ўдалося адшукаць дакументы, якія сведчаць, што род Багатырэвічаў татарскага паходжання.

Першым прадстаўніком гэтага роду быў "тломач татарскі" князь Мортуз Багатырэвіч, які ў 1522 годзе атрымаў ад Жыгімонта І пацвярджэнне на набыццё татарскага двара Тэкушоўшчызна ў Гродзенскім павеце. І тым болей у 1549 годзе на месцы магілы не магло быць непраходнай пушчы, таму што ў 1452 годзе Казімір Ягелончык сяло Гладовічы, што побач з Багатырэвічамі, падараваў Мілу Балікайловічу, нашчадкі якога насілі прозвішча Гладовічы. З архіўных дакументаў вынікае, што на месцы магілы Яна і Цэцыліі спакон веку было ўрочышча, якое можа быць захоўвае ў сабе яшчэ не адну таямнічую магілу. Аднак кожная легенда ў сваёй сутнасці адлюстроўвае і гістарычныя падзеі, а таму мае сваю даволі вялікую каштоўнасць. Напэўна так і лічыў неабыякавы да гісторыі сваёй зямлі і свайго народа Юзэф Ядкоўскі. Праз чвэрць века пасля таго, як пра Яна і Цэцылію напісала ў сваёй аповесці Эліза Ажэшка, Ядкоўскі падымае пытанне наконт рэстаўрацыі і кансервацыі драўлянага помніка-магілы.

У фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея захавалася перапіска Ядкоўскага з рознымі ўстановамі па гэтаму пытанню. Першы ліст датаваны 14 верасня 1934 года, дзе Ядкоўскі звяртаецца да кансерватара помнікаў мастацтва ў Варшаве Юзэфа Клюса. Ён просіць выдзяліць 50 злотых на абнаўленне помніка Яну і Цэцыліі і кансервацыю старых фігур, а таксама на будаўніцтва новага крыжа. Адказ Ядкоўскі атрымлівае 22 верасня 1934 года з ваяводскага адміністратыўнага ўпраўлення г.Беластока аб тым, што яму выдзяляецца 50 злотых для рэстаўрацыі помніка. У гэтай сувязі Ядкоўскі ў лісце ад 29 верасня 1934 года да павятовага архітэктара Грахоўскага піша, што помнік Яна і Цэцыліі знаходзіцца ў стане амаль што поўнага знішчэння і прыступіць да працы па яго рэстаўрацыі трэба неадкладна. Кіраваць гэтай працай Ядкоўскі прапануе Грахоўскаму. Тут жа ён называе імя скульптара-самавучкі Б.Болдака, якому можна даручыць выкананне копій скульптур для помніка. Ядкоўскі лічыць мэтазгодным перадаць спарахнелы помнік у Гродзенскі музей. Новы помнік зманціраваць таксама ў музеі на Старым замку і вясной перавезці ў Багатырэвічы.

Лістом ад 15 кастрычніка 1934 года Беластоцкі павятовы аддзел інфармуе Юзэфа Ядкоўскага, што правёў на месцы даследаванне і агляд помніка Яну і Цэцыліі інжынер-архітэктар Станіслаў Грахоўскі. Ён не выявіў вялікіх пашкоджанняў помніка, аднак перадачу скульптур у музей лічыць патрэбным.

Разам з тым звяртаецца да пана дырэктара з просьбай паведаміць адрас скульптара Болдака, якому аддзел павятовы хоча даручыць працу па кансервацыі помніка, а таксама работу па дэманціраванню помніка і перавозцы яго на Стары замак у Гродна. Адначасова да Ядкоўскага звяртаюцца з просьбай тэрмінова зрабіць фотаздымак помніка.

Пытанне аднаўлення помніка мясцовымі ўладамі горада Гродна пасоўвалася вельмі хутка. Аб гэтым сведчыць ліст ад 16 лістапада 1934 года, адпаведна якому ў сувязі з пачаткам рэстаўрацыі помніка Яну і Цэцыліі ў Багатырэвічах Юзэфу Ядкоўскаму прапануецца з'явіцца 19 лістапада ў 19 гадзін на вуліцу Ажэшкі, 17 для састаўлення праграмы прац. 6 лютага 1935 года дырэктар атрымлівае ліст з просьбай 7 лютага 1935 года ў 13 гадзін з'явіцца на камісію для знаёмства з выкананымі Болдакам скульптурамі для помніка. З прычыны тэрміновасці вырашэння пытання выказваецца просьба з'явіцца "абавязкова і без затрымкі".

З наступнага ліста вынікае, што адзін скульптар Болдак не мог справіцца з усімі прадугледжанымі працамі і яму патрэбны памочнікі. Таму ў лісце ад 7 сакавіка 1935 года дырэктар Гродзенскага музея інфармуе Станіслава Грахоўскага, што да працы па замене старых скульптур можна далучыць выпускніка аддзела выяўленчага мастацтва ў Вільні Гадзішэўскага, якога асабіста ведае вядомы скульптар-мастак Казінскі.

Акрамя таго, Ядкоўскі падкрэслівае, што затрымка з працай па рэстаўрацыі помніка можа выклікаць непажаданую рэакцыю экскурсантаў, якія прыбудуць у Багатырэвічы 18 мая 1935 года ў сувязі з гадавінай смерці Элізы Ажэшкі.

Відавочна, што не ўсе копіі скульптур да помніка Яну

і Цэцыліі выканаў майстар Болдак, таму што ў гэтым жа лісце паведамляецца, што Ю.Ядкоўскі звязаўся са скульптарам Квяткоўскім з Вільні.

Квяткоўскі рэкамендуе аднаго са сваіх вучняў, скульптара Валасевіча, які пражывае ў Вільні, для выканання драўлянай скульптуры. Другі яго вучань - Пярвеня, таксама можа працаваць над гэтым заказам.Ядкоўскі звяртае ўвагу Станіслава Грахоўскага, што скульптараў па дрэве, працуючых у Польшчы, вельмі мала. Станоўчы адказ на свой ліст Ю. Ядкоўскі атрымаў ужо 9 сакавіка 1935 года.

Вось так, дзякуючы намаганням розных асоб і ўстаноў, 18 мая 1935 года ў Багатырэвічах, падчас урачыстасцей з нагоды 25 гадавіны са дня смерці Элізы Ажэшка, усе прысутныя сталі сведкамі адраджэння помніка Яну і Цэцыліі.

Старая драўляная скульптура была перададзена ў фонды Гродзенскага музея, дзе яна знаходзіцца і па сённяшні дзень.

Фігура Хрыста, якая знаходзілася на самым версе помніка, выканана ў трэць чалавечага росту. Моцна нахіленая ўперад постаць, падагнутыя калені, выцягнутая правая рука і сагнутая ў локці левая сведчаць аб тым, што ў свой час на левым плячы Хрыста знаходзіўся крыж, які ён нёс на Галгофу. Апрануты Хрыстос у паграніцу і падпаясаны суроваю вяроўкай, галаву яго аздабляе цярновы вянок.

Вялікую цікавасць выклікае скульптура Багародзіцы. Выканана яна майстрам, які, напэўна, быў добра знаёмы з мастацкімі прыёмамі, таму што на твары і адзенні засталіся заўважальныя сляды ляўкаса і паліхроміі белага, жоўтага і цёмна-чырвонага колераў. Сем мячоў (чатыры з правага і тры з левага бакоў) пранізваюць сэрца Багародзіцы.

У сваёй скульптуры майстар адлюстраваў біблейскі сюжэт. Сімяон Богапрышэлец, які сустрэў Марыю, прынёсшую ў храм дзіцяня праз 40 дзён пасля родаў, прарочыў будучыя пакуты Марыі. У Евангеллі ад Лукі Сімяон гаворыць: "и Тебе Самой оружие пройдёт душу - да откроются помышления многих сердец". Размова ідзе аб пакутах Марыі, звязаных з пакутамі яе боскага сына. Гэта тэма знайшла адлюстраванне ў познекаталіцкай іканаграфіі Багародзіцы, сэрца якой пранізана мячом, альбо сяммю мячамі. (Сем - сімвал паўнаты, дасканаласці).

Над галгофскай эмблематыкай (чэрапам і перакрыжаванымі касцьмі) знаходзіцца келіх, у які сцякае кроў Багародзіцы. З левага і правага боку ад чэрапа размешчаны галоўкі пуцці. На падстаўцы захавалася дата выканання скульптуры "1870".

У экспазіцыі Старога замка можна бачыць яшчэ адну драўляную скульптуру з помніка - Хрыстос у смутку. Мяркуючы па даваеннаму фотаздымку помніка-магілы Яна і Цэцыліі, выкананаму Ю.Ядкоўскім, скульптура Хрыста ў смутку была адной з цэнтральных. Выканана яна ў традыцыйным стылі на даволі высокім мастацкім і прафесійным узроўні.

Верхні пояс помніка аздаблялі два барэльефы: манаграма Хрыста ў выглядзе загаловачных літар імя Хрыста і сімвалічны крыж, які азначае сукупнасць жыццёвых страт, пакут, цяжкіх абавязкаў пякельнай барацьбы маральнага доўгу да спакусы граху. Крыж сімвалізуе словы Хрыста: "Хто не бярэ крыжа свайго, той няварты Мяне".

Астатнія скульптуры, аб якіх згадвае Эліза Ажэшка, на жаль, не захаваліся. Цяжка цяпер сказаць, колькі разоў, пачынаючы з 1549 года, адраджаўся гэты помнік, колькі неабыякавых людзей прымала ў гэтым удзел. На жаль, мы не ведаем ні іх імёнаў, ні іх прозвішчаў. Вось толькі ў сваёй аповесці ўспамінае Эліза Ажэшка аднаго з тых, хто хутчэй за ўсё ў 1870 годзе выканаў драўляны крыж, а можа і скульптуры: "Спарахнелы крыж, які восеньскія ветры знішчыць могуць, павінен быць заменены на іншы. Некалькі дзесяцігоддзяў таму такую работу выканаў ужо сёння лядачы і напалову звар'яцелы Якоб".

С.ПАЛХОЎСКАЯ, галоўны захавальнік фондаў ГДГАМ

Назад