Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Музыка з-за мяжы

«Спакойна?»

На мінулым тыдні ў памяшканні Гродзенскага тэатра лялек адбыўся канцэрт польскага гурта "Спакойна".

Гэты музычны калектыў прыехаў у Гародню ўпершыню і адразу заваяваў прыхiльнасць і любоў гарадзенцаў з той прычыны, што грае вельмі спецыфічную і арыгінальную музыку ў стылі фолк-рэгі. Сапраўды, гурт неардынарны, паколькi ў яго складзе цікавыя асобы - акардэяніст Марэк Станьчук, па меркаванню некаторых глядачоў, мог бы выступаць і з сольнымі канцэртамі; Яцэк Мырха, вакаліст. Удзельнікі гурта прадэманстравалі, як можна трансфармаваць фолк, гучала нават ірландская музыка па-польску. Зала не толькі танцавала, але, калі канцэрт скончыўся, патрабавала працягу. Удзельнікі гурту адказалі на нашы пытанні.

- Як суадносіцца назва гурта з музыкай, якую вы граеце?

- Напрамую, бо ўсё, што мы робім, звязана з прыродай, ўсё развіваецца спакойна i мы гэтага прытрымліваемся. Мы граем сусветны фолк, рэгі - гэта ж таксама звязана з прыродай і натурай.

- Калі быў створаны гурт?

- Ён паўстаў тры гады таму. Напачатку ў нас была спеўная паэзія, а пасля мы займаліся пошукам шляхоў, і нарэшце знайшлі тое, што шукалі. А такі стыль мы абралі таму, што гэта патрэба выплывала з нашай душы, яна выражае нашыя эмоцыі. Мы шмат граем у Польшчы, у сваім родным горадзе Седльцы, і гэта наш першы выезд за межы краіны. Дарэчы, нам вельмі спадабалася ў Горадні, мы нават не чакалі, што нас так добра прымуць.

Чаму ж добра не прыняць цікавых людзей? Будзем мець спадзяванні, што гэта не апошні такі прыезд замежнага гурту ў наш горад.

Вольга БУЕВІЧ

Назад