Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Мітынг БПСМ закончыўся арыштамі

У мінулы панядзелак у судзе Ленінскага раёна Гродна асудзілі сябраў БНФ Алеся Астроўскага і Аляксандра Міхальчыка. Яны былі затрыманыя ў мінулую суботу на мітынгу БПСМ быццам бы за супраціўленне міліцыянтам. Абодва атрымалі па двое сутак арышту.

"Любовь, комсомол и весна"

У суботу актывісты БПСМ сабраліся ў гродзенскім Новым парку. Туды ж сабралі некалькі соцень школьнікаў і навучэнцаў ПТВ. Моладзь агітавалі "за воспроизводство нашего потомства" і "объединиться вокруг таких общечеловеческих ценностей, как патриотизм, любовь и дружба". Імпрэза скончылася за паўгадзіны. Усе пачалі разыходіцца пад гукі БССРаўскага гімну, які граў вайсковы аркестрык.

Арышты

Тым часам Аляксандр Міхальчык спрабаваў перадаць арганізатарам мітынгу ўлётку, дзе выказвалася меркаванне гродзенскіх дэмакратычных арганізацыяў наконт аб'яднання з Расіяй. Аказалася, што сярод публікі знаходзілася, як мінімум, 40 міліцыянтаў у цывільным. Актывістаў БНФ адразу схапілі. Спадара Міхальчыка засадзілі ў міліцэйскую машыну. Алеся Астроўскага павалілі тварам у снег, заламаўшы яму рукі, бо нехта з цывільных крыкнуў, што Астроўскі п'яны і лаецца мацюкамі. Тут на месца здарэння прыбеглі журналісты. Яны спрабавалі давесці міліцыі, што гэта - правакацыя: "Спадар Астроўскі - прафесар медінстытута!"

Начальнік Ленінскага РАУС Васілеўскі, што стаяў непадалёк паведаміў, што затрыманыя распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам да гродзенцаў 24-га лістапада выйсці на вуліцу Савецкую, каб выказаць пратэст супраць далучэння да Расіі. Ён паабяцаў, што з Міхальчыкам і Астроўскім правядуць "прафілактычную гутарку" і адпусцяць.

Два дні ў камеры

Аднак затрыманых пасадзілі ў КПЗ пры Ленінскім РАУС і пратрымалі там ажно да суда, што адбыўся ў панядзелак. Таварыства ў камеры арыштаваныя мелі адпаведнае: маладзёны, што пабіліся на дыскатэцы і дзядзькі, якія былі нападпітку і нават не памяталі, як сюды патрапілі. Тут было вельмі халодна і круглыя суткі гарэла цьмяная лямпачка. Вокнаў не было. Гадзіннікі пазабіралі, а міліцыянты ў калідоры не адказвалі, колькі часу. Таму ніхто не ведаў, колькі яшчэ сядзець. Калі сябраў БНФ прывезлі ў Ленінскі РАУС, ім не дазволілі нават патэлефанаваць дадому, каб сказаць, што дзве ночы яны правядуць у зняволенні. На знак пратэсту спадар Астроўскі адмовіўся піць і есці. Суседзі па камеры прасілі расказаць аб палітычнай сітуацыі, пыталіся, куды знікла Віннікава ды пра іншыя палітычныя працэсы ў краіне. Цікава, што многія з іх абяцалі пасля "адсідкі" запісацца ў шэрагі БНФ. Так і дачакаліся суда.

Судовая расправа

Па словах Алеся Астроўскага, міліцыянты, што сведчылі на судзе, так заблыталіся, абвінавачваючы затрыманых, што недарэчна расказалі кожны сваю версію падзеяў. З паказанняў выцякала, напрыклад, што Астроўскі знаходзіўся ў трох розных месцах парку адначасова. "Атрымалася, што нібыта не спрабаваў адцягнуць Міхальчыка, а раскідаў міліцыянтаў у розныя бакі, каб той застаўся на месцы. Да таго ж, у судзе не паказалі плёнку, на якую запісалі ўсё, што адбывалася на мітынгу, і якая была пацвярджэннем нашае невінаватасці", - распавядаў Алесь Астроўскі.

Суддзі Ярашэвіч і Дземчанка, выслухаўшы сведкаў, не прызналі сур'ёзных правапарушэнняў за спадарамі Астроўскім і Міхальчыкам. Тым не менш, кожнаму з іх прысудзілі па двое сутак. Паколькі сябры БНФ да суда знаходзіліся ў камеры, атрымалася, што пакаранне яны ўжо адбылі, таму пасля суда іх адпусцілі.

І.А.

P.S. У тую ж суботу, калі адбыўся мітынг, быў выстаўлены несанкцыянаваны пікет, удзельнікі якога агітавалі супраць утварэння саюзнай дзяржавы. На ім затрымалі яшчэ чатырох чалавек. Судовая расправа над імі адбудзецца 8 снежня.

Назад