- Місія мая даволі няпростая - ўмацоўваць рэгіянальныя структуры БНФ. Зараз ставяцца абсалютна канкрэтныя задачы перад суполкамі БНФ на месцах. Арганізацыя павінна пашырацца колькасна, паколькі мы рыхтуемся цяпер да вельмі адказных акцый - па абароне незалежнасці нашай краіны і да правядзення Дня Волі ў двухтысячным годзе.
- Што азначае "пашырацца колькасна"? Гэта звязана з расколам унутры вашай арганізацыі?
- Па-першае, я лічу, што расколу не адбылося. Проста частка народафронтаўцаў вырашыла заснаваць новую партыю, яны маюць на гэта поўнае права. Але гэта меншасць. А Фронт хоць быў i застаецца самай масавай арганізацыяй сярод усіх палітычных партый і рухаў на Беларусі, тым не менш, нас замала, каб выканаць пастаўленыя задачы. Ды і працаваць трэба больш эфектыўна.
- Што азначае "будзем павялічваць масавасць і працаваць больш эфектыўна"?
- Масавасць мы збіраемся павялічваць праз акцыі, праз канкрэтную працу. Дарэчы, я хачу выкарыстаць магчымасць і звярнуцца да чытачоў вашае газеты, калі яны падзяляюць нашы погляды, каб прыходзілі ў мясцовую управу БНФ на вуліцы К.Маркса, 11 кожны аўторак у 19 гадзін. Нагадаю, што наша асноўная задача на сучасным этапе - адстаяць незалежнасць Беларусі і адхіліць ад улады рэжым Лукашэнкі.
- Скажыце, а кіраўніцтва БНФ гатова да такой працы, ёсць канкрэтная праграма, вы ведаеце, як дзейнічаць?
- Ёсць праграма, яна, дарэчы, прынята ІІ сесіяй УІ з'езда народнага фронта, прычым, распрацаваная на вопыце не толькі дзейнасці БНФ, але і апазіцыйных сілаў краінаў Усходняй Еўропы, якія яшчэ дзесяць гадоў таму знаходзіліся ў сацлагеры.
- Гэта, канешне, цікава, але скажам за той самай польскай "Салідарнасцю" ці літоўскім "Саюдзісам" стаялі нацыянальна свядомыя народы, якія хацелі незалежнасці для сваёй краіны. У нас сітуацыя выглядае па-іншаму…
- Дарэчы, памылкова думаць, што беларускі народ нейкі іншы, не свядомы і г.д. Прывяду вам прыклад: калі прадстаўнікі польскай "Салідарнасці", якія былі ўжо абраны ў Сейм, прыехалі ў Прагу на сустрэчу з Хартыяй 77, пачулі ад чэшскіх апазіцыянераў, што чэшскі народ не такі, як польскі, і што ў іх невядома калі наступяць змены. Самае цікавае, што ўсё гэта адбывалася за месяц да Бархатнай рэвалюцыі і, як высвятлілася, чэшскі народ даказаў, што ён нi чым не горшы за іншыя народы. Папросту яны пайшлі сваім шляхам. Так і беларусы - ўсёроўна пабудуюць еўрапейскую дзяржаву.
- Цікава, што прадстаўнікі польскай "Салідарнасці" кажуць цяпер аб тым, што на самой справе дзесяць гадоў таму яны не былі такімі ўжо і моцнымі, але калі справа дайшла да Круглага стала, то народ іх падтрымаў. Скажам, калі раптам здарыцца, што перамоўны працэс у Беларусі прывядзе да сапраўды дэмакратычных выбараў…
- На мой погляд, механізмы прыходу апазіцыі да ўлады ў краінах Усходняй Еўропы былі розныя. Скажам, былі варыянты Круглага стала, як у Польшчы, была Румынія, Германія і г.д. Але ўсе гэтыя варыянты былі прадыктаваны тым, што змяніўся час, і само грамадства патрабавала зменаў, і ў кожнай краіне гэта прайшло з сваімі асаблівасцямі. Што, дарэчы, цалкам натуральна. Наша апазіцыя не такая ўжо і слабая, як гэта спрабуюць паказаць лукашэнкаўскія прыхільнікі. Але і гэта не самае галоўнае. Галоўнае тое, што ў нашай краіне наспелі аб'ектыўныя прычыны для карэнных зменаў у грамадстве. І спыніць падобныя працэсы немагчыма. Таму мы па-сапраўднаму маем перспектыву, калі будзем працаваць прафесійна і выкарыстаем магчымасць.
- Гэта доўгі працэс?
- Сам працэс вельмі доўгі, але падзеі, якія значна могуць змяняць сітуацыю, звычайна наступаюць нечакана. Думаю, што і адстаўка А.Лукашэнкі не заставіць сябе доўга чакаць. Ён і ягоны рэжым не маюць больш падтрымкі ў грамадстве. Іншае пытанне - як гэта адбудзецца?
- Ваша арганізацыя гатовая да такіх зменаў?
- Гатовая. Мы маем разгалінаваную структуру па ўсёй краіне, маем ценявы кабінет з праграмай па развіццю нашай дзяржавы.
- Ваш аптыпізм звязаны з вопытам усходнееўрапейскіх краін, але мне не аднойчы даводзілася чуць думку, што беларускі народ паводзiць сябе хутчэй як лацінаамерыканцы ці афрыканцы, дзе падобныя рэжымы трымаюцца не адзін дзесятак гадоў, але ніяк еўрапейцы. У гэтым, напэўна, таксама ёсць логіка?
- Я выключаю лацінаамерыканскі варыянт развіцця падзей у Беларусі. І перш за ўсё таму, што мы знаходзімся ўсё ж у цэнтры Еўропы.
- А Куба знаходзіцца ў берагоў ЗША…
- Мы маем сваю незалежную дзяржаву і гэта незалежнасць аплочана вялікай цаной на працягу цэлага стагоддзя. Іншае, што рэжым у нас акупацыйны. Сёння з васьмідзесяці тысяч упраўленцаў прыкладна каля дваццаці тысяч падрыхтаваныя спецслужбамі іншых краін.
- Адкуль яны ўзяліся на Беларусі і хто іх гаспадар?
- Некалі яны рыхтаваліся яшчэ ў СССР і працавалі па ўсіх краінах Усходняй Еўропы. Большасці пасля пераменаў давялося адтуль з'ехаць і многія аселі ў Беларусі. Натуральна, гаспадар іх геаграфічна знаходзіцца ў Маскве.
- Цікава, а ў тых самых дзяржаўных структурах ёсць людзі, якія падтрымліваюць вашы ідэі?
- Ёсць, канешне. Больш таго мы ведаем практычна ўсіх спецыялістаў ва ўсіх галінах, якія цесна супрацоўнічаюць з народным фронтам.
- Вячаслаў, а чаму ўсё ж у вашай арганізацыі адбыўся раскол?
- Думаю, што гэта цалкам аб'ектыўная з'ява і была выклікана тым, што былы кіраўнік БНФ З.Пазняк ужо больш чым тры гады знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
- Па-вашаму гэта памылка?
- Я лічу, калі ў краіне адбываюцца лёсавызначальныя працэсы, кіраўнік самай значнай апазіцыйнай арганізацыі павінен знаходзіцца на Беларусі. Але так склалася, што Пазняк быў вымушаны выехаць на эміграцыю і ніхто не збіраецца спекуляваць на гэтым. Больш таго, новае кіраўніцтва народнага фронта не збіраецца не даацэньваць усяго таго, што зрабіў З.Пазняк для Беларусі.
- А чаму ён не вярнуўся на Беларусь?
- Гэта даволі рытарычнае пытанне. З другога боку нельга забываць, што адбывалася ў гэты час на Беларусі: смерць Г.Карпенкі, знікненне Ю.Захаранкі, Т.Віннікавай, В.Ганчара…
- Якія адносіны ў новага кіраўніцтва БНФ цяпер з З.Пазняком?
- Асабіста я за апошні час двойчы размаўляў з ім па тэлефону і спадзяюся ў далейшым гэтыя адносіны будуць яшчэ больш блізкія.
- Вячаслаў, як ты лічыш будуць развівацца падзеі на Беларусі ў бліжэйшы час?
- Я не думаю, што рэжым ужо зможа правесці нейкія масавыя рэпрэсіі, паколькі мільёны людзей падтрымліваюць ідэю незалежнасці. Але ціск на палітычныя партыі, незалежныя выданні, якіх засталіся адзінкі, працягвацца будзе. Таму на гэтым этапе, на маю думку, асноўная наша задача, як мага бліжэй аб'яднаць вакол сябе людзей. На жаль, найбольш беларускаму народу цяпер не хапае менавіта салідарнасці.
- Зразумела, што і Лукашэнка, і яго атачэнне разумеюць, што падобная салідарнасць, ці, скажам, правядзенне свабодных выбараў пагражаюць тым, што яны могуць страціць уладу.
- Канешне, трэба добра разумець, што пры Лукашэнцы свабодныя выбары ніколі не адбудуцца ў нашай краіне. Ні дзеля гэтага стваралася "вертыкаль". Але, мы ўжо таксама шмат што умеем і шмат што робім. І памылкова было б, наогул, думаць, што рэжым Лукашэнкі мае якую-кольвек перспектыву. Наш народ яшчэ можа трываць, толькі ад гэтага лепей нікому не становіцца.
- Наколькі сёння апазіцыя згуртаваная, ці не адбудзецца так, што ў самы адказны момант зноў пачнуцца непатрэбныя рознагалосіцы?
- Сёння цалкам існуе база для аб'яднання ўсіх прагрэсіўных сілаў супраць рэжыму. Усё астатняе будзе залежыць ад нас саміх.
- А калі перад самымі выбарамі раптам з'явіцца чарговы дэкрэт, які забараняе дзейнасць палітычных партыяў?
- Гэта ўжо нічога не зменіць, паколькі нават на лукашэнкаўскі кангрэс рабочыя абіралі дэлегатаў, якія з'яўляліся сябрамі БНФ. Я не баюся такога варыянта, калі раптам рэжым забароніць дзейнасць партыяў. У нас ёсць база для масавай падтрымкі насельніцтва.
- Вячаслаў, як ты лічыш, наступны прэзідэнт Беларусі будзе сябрам БНФ?
- Гэта неабавязкова. Самае галоўнае, каб ён падтрымліваў беларускую дзяржаўнасць, каб урэшце рэшт скончылася гэта двухсотгадовае панявольнае існаванне. Беларускі народ мае права на лепшую долю.
- Дзякуй за гутарку.
М.КАРНЕВІЧ