Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гісторыя і культура

Станіслаў Жыўна - заснавальнік музея прыроды ў Гродне

29 ліпеня 1926 года гарадская рада прыняла рашэнне аб стварэнні ў Гродне музея прыроды. Ініцыятыва стварэння такога музея зыходзіла ад знаўцы і аматара прыроды, калекцыянера Станіслава Жыўны.

Станіслаў Жыўна нарадзіўся ў 1892 годзе ў Гродне. У 1908 годзе ў пошуках работы ён эмігрыраваў у Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе знайшоў прыстанак у штаце Каннектыкут. Дзе толькі не прышлося працаваць юнаку. Ён змяніў шмат рабочых месц перш чым аддаў перавагу рабоце ў якасці прэпаратара ў Віленскім універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Вуда. Захапіла работа пад час якой ён асвоіў майстэрства вырабу чучал птушак і звяроў. Для гэтага трэба было дасканала ведаць не толькі анатомію, але і паводзіны кожнай з іх, каб надаць чучалу адпаведную форму і позу. Была асвоена ім і тэхналогія вырабу сухіх і вадкіх прэпаратаў. Давялося збіраць гербарый. Падчас экспедыціі, якая праводзілася Вудам з мэтай папаўнення універсітэцкай калекцыі і дзеля навуковых даследванняў, Станіслаў Жыўна на практыцы знаёміўся з прыродай, глыбей пазнаваў яе. Зносіны з прафесарам Вудам, захопленым сваёй справай чалавекам, спрыялі як пашырэнню ведаў Станіслава, так і адданасці выбранай прафесіі. З цягам часу ён пачаў збіраць і асабістую калекцыю.

Праз некалькі год ён валодаў значнай калекцыяй, якая ўключала разнастайны матэрыал, які збіраўся ў розных кутках зямлі, куды трапляў Жыўна. А з універсітэцкімі экспедыцыямі яму давялося вандраваць па розных краінах Амерыкі, Афрыкі, Азіі і Аўстраліі.

У 1924 годзе Станіслаў Жыўна вяртаецца ў Гродна. Пераважную частку яго багажа складалі прыродазнаўчыя калекцыі. Сярод іх вылучаліся сваёй каштоўнасцю энтамалагічная, мінералагічныя і арніталагічныя калекцыі. Зборы Жыўны зацікавілі мясцовых аматараў прыроды. Даведаліся пра іх і ў гарадской радзе, а пасля знаёмства з іх складам прызналі цікавымі і карыснымі. Прыватна Жыўна не меў магчымасці знаёміць са сваім зборам шырокае кола наведвальнікаў. Таму ён прапанаваў калекцыю ў дар роднаму гораду. Гэты каштоўнейшы падарунак быў прыняты з удзячнасцю.

21 ліпеня 1924 года рада прымае рашэнне аб прыняцці дара Станіслава Жыўны і стварэнні ў горадзе музея прыроды. С.Жыўна прызначаецца захавальнікам музея.

Першапачаткова калекцыі музея знаходзіліся ў двух пакоях будынка гарадской пажарнай аховы. Ішоў пошук адпавядаючага музею памяшкання.

У снежні 1926 года музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў. Ён размясціўся па вуліцы Батанічнай,6 (раней Дзельнай).

У той час у музеі налічвалася: чучал млекакормячых - 17 відаў, птушак - 340, матылёў - 774, марскіх істот - 749, жукоў і авадоў - 402, птушыных яек - 290, птушыных гнёзд - 17, мінералаў - 344. Усяго - 2933 экспанаты.

Гарадская рада зацвердзіла статут музея, згодна якому галоўнай мэтай музея з'яўлялася работа па пашырэнню ведаў аб прыродзе і выхаванне ў грамадства клапатлівых адносін да яе.

Узначальваў музей камітэт з дванаццаці асоб. У склад яго абавязкова ўваходзілі два сябры гарадской рады, адзін прадстаўнік магістрата, па аднаму прадстаўніку ад сярэдніх і пачатковых школ, ад дырэкцыі дзяржаўных лясоў, ад дзяржаўнага музея, ад таварыства аматараў прыроды, ад грамадскасці і захавальнік (кусташ) музея. На сваіх паседжаннях камітэт разглядаў розныя арганізацыйныя і навуковыя пытанні работы музея.

Станіслаў Жыўна ўдзяляў значную ўвагу рабоце па камплектаванню фондаў музея. Колькасць экспанатаў павялічвалася з года ў год. Калі ў 1929 годзе іх налічвалася больш 4-х тысяч, то на пачатак 1937 іх было ўжо 7288 адзінак. Экспазіцыя музея займала ўжо шэсць утульных залаў.

Жыўна наладзіў сувязі з лесаахоўнымі службамі, аматарамі прыроды - калекцыянерамі. Значная частка экспанатаў была падаравана музею. Так у 1927 годзе Марыя Вінжык-Відаўская перадала музею сабраную яе мужам калекцыю мінералаў Урала і Сібіры, а таксама косткі маманта і шэраг археалагічных знаходак. Інжынер Адам Дзержаноўскі, які доўгі час збіраў калекцыю вадаплаваючых птушак, падарыў усе 106 чучал музею прыроды. Сярод тых, хто бескарысліва папаўняў фонды быў Ян Каханоўскі, таксама постаць для нашага горада вельмі цікавая. Дзякуючы яго намаганням быў створаны і дзейнічае па сённяшні дзень гарадскі заапарк.

У музеі была заведзена ганаровая кніга для дарыльшчыкаў. Гонар быць першым ў гэтай кнізе атрымаў сам Станіслаў Жыўна.

Фонды музея папаўняліся і за кошт матэрыялаў, збіраемых падчас экспедыцый, якія арганізоўваў і праводзіў С.Жыўна. У справаздачы аб паездцы ў лясы в.Борава Лідскага павета ў чэрвені 1923 года ён пісаў: "Я асабіста збіраў усё, што мне траплялася пад руку, не перастаючы радавацца, калі кожны дзень сустракаліся новыя віды з сямейства насякомых - конікі, даўганосікі і многія іншыя, якія не сустракаліся ў ваколіцах Гродна.". Гэтыя радкі сведчаць не толькі аб прафесіяналізме, але і аб адданасці сваёй справе.

Падчас экспедыцыі ў Свента-Крыжскія горы ў 1933 годзе, Жыўна сабраў каля 100 малахітаў, а таксама наведаў адзін з багацейшых музеяў прыроды Польшчы, які знаходзіўся ў Кельцах. Работа ў фондах музея была плённай і дала магчымасць атрымаць шэраг неабходных матэрыялаў. З мэтай пашырэння абменнай дзейнасці для папаўнення фондаў недастаючымі матэрыяламі Жыўна налажвае сувязі з музеямі Варшавы, Львова і Катавіц.

У сувязі з тым, што Станіслаў Жыўна быў адзіным навуковым супрацоўнікам музея, ён не толькі збіраў матэрыялы, але і займаўся іх навуковым апісаннем, сістэматызацыяй і кансервацыяй. Значную увагу прыходзілася ўдзяляць і экскурсійнай рабоце дзеля прапаганды навуковых ведаў аб прыродзе, выхавання павагі і любові да яе. У правядзенні выхаваўчай работы музей супрацоўнічаў з таварыствам аматараў прыроды. У справаздачы аб рабоце музея за 1927-39 гады гаворыцца, што музей разам з таварыствам аматараў прыроды рашае педагагічныя задачы і з'яўляецца каштоўным сродкам выхавання моладзі для горада, які мае вельмі шырокую сетку навучальных устаноў.

Калекцыям, якія збіраў Жыўна для гродзенскага музея прыроды, пашчасціла ацалець падчас ІІ-й сусветнай вайны. Яны увайшлі ў зборы прыроды Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Штогод музей арганізуе выстаўкі калекцый ракавін малюскаў, каралаў, жукоў, матылёў, птушак, звяроў са збораў Жыўны. Яны экспануюцца не толькі ў сценах музея, але і за яго межамі - ў райцэнтрах Гродзенскай вобласці, сельскіх школах. Аранізоўваюцца і замежныя выстаўкі. Шчодры дар працягвае служыць землякам Станіслава Жыўны.

Я.МАЗАН

Назад