Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Былі нацыяналістамі, а сталі бэ-нэ-эфаўцамі

12 лістапада бягучага года мы адзначылі знамянальную дату, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР.

Гэта падзея адбылася 60 гадоў таму назад. З гэтых дзён і пачалося. Калі пры панскай Польшчы існавалі забароны на родную мову для беларусаў дык права на яе пры савецкай уладзе некалькі ажыло, але ж не надоўга. Паступова стала наступаць русіфікацыя беларусаў. Спарававодства стала на рускай мове, беларуская мова пачала знікаць у сярэдніх агульнаадукацыйных школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. У іх беларуская мова стала выкладацца, як прадмет, на ўзроўні замежнай мовы. Карацей кажучы, беларуская мова акзалася ў загоне і не ў пашане. Але ж нягледзячы на гэта, многія беларусы шанавалі сваю родную мову, ганарыліся ёю. Гэта былі адзінкі, якіх тыя ж самыя беларусы называлі "нацыяналістамi". Да такіх "нацыяналістаў" адносілі і былога дырэктара Капцёўскай сярэдняй школы Ганчарэвіча, калі ён на раённых кворумах выступаў на роднай мове. Вось гэта "нацыяналіст", - раздаваўся шумок у зале сярод прысутных. Нягледзячы на гэта, Ганчарэвіч упарта адзін сярод усіх не цураўся беларускага слова, не так як іншыя ўгаджалі начальству ў зносінах з ім толькі па-рускі. Мне ўспамінаецца такі выпадак. Здавалі ў эксплуатацыю ў Скідзелі будынак ПТВ-199. Прыехала высокае начальства з вобласці і раёна. Сталі аглядаць навучальныя класы не мінулі і беларускі. Аглядаючы яго адна з чыноўніцаў заўважыла: "Добра падрыхтаваны, але ж на што ён, калі беларуская мова ні да чога". Гэтыя словы чыноўніцы былі як аплявухай для выкладчыцы беларускай мовы Алёны Салей, якая і цяпер працуе ў вучылішчы.

А як склалася становішча з беларускай мовай, калі Беларусь атрымала незалежнасць? Перш ажываў агенчык на яе развіццё, але не надоўга. З часам ён стаў затухаць, калі руская мова атрымала статус, раўназначны беларускай. Справаводства стала на рускай мове, сталі знікаць у школах беларускамоўныя класы, не гаворачы ўжо аб сярэдніх і вышэйшых навучальных установах.

А якія адносіны да тых, хто у сваім паўсядзённым жыцці карыстаецца роднай мовай? Вельмі адмоўныя. Калі раней іх адносілі да нацыяналістаў, дык цяпер адносяць да бэнээфаўцаў.

У Гродне я сустрэўся са сваім знаёмым Васілём Кузьміным, які раней працаваў на пасадзе інструктара Гродзенскага райкома партыі, а цяпер, па яго словах, працуе інжынерам у аблспажыўсаюзе. Як звычайна з В.Кузьміным я стаў весці размову на роднай мове.

- Не інакш, ты стаў бэ-нэ-эфаўцам, - пачуў ад яго.

Стала неяк не па сабе пачуць такі ўкор ад беларуса, выхадца з адной з вёсак Бераставіцкага раёна.

На вуліцы Савецкай у Гродне адзін прахожы уважліва разглядае на вітрыне плакат жанчыны. Прыпыняюся і я.

- Нічога не скажаш, прыгожая жанчына, - заўважыў я.

- Слова "прыгожая" я не понимаю, - адказаў мужчына, - а слово "красивая" мне известно.

Мужчына коса паглядзеў на мяне і пайшоў прэч штосьці бармочучы сабе пад нос.

Чуючы такія грэбаванні да роднай мовы, не аднойчы ўзнікае думка: чаму?

- Нам было б незразумелым, - сказаў мой знаёмы з Варшавы Антон Томчык, - калі б наш прэзідэнт размаўляў з намі не на польскай мове.

Вось i атрымлiваецца, што бяда беларусаў у роднай мове...

Ілля БарысаЎ, г.Скiдзель

Назад