Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

«Я не хачу Ў Саюз»

На мінулым тыдні ў сераду ў Гродне на вуліцы Савецкай адбылася несанкцыянаваная ўладамі акцыя супраць падпісання саюзнага дагавору паміж Беларуссю і Расіяй. На працягу паўтары гадзіны ў акцыі бралі ўдзел ад 500 да паўтары тысячы чалавек. Трое з іх былі затрыманы міліцыяй.

Напярэдадні на вуліцах горада раздаваліся ўлёткі ў якіх тлумачылася сутнасць Саюзнай дамовы, а таксама змяшчаўся заклік сабрацца ў сераду на акцыю з запаленымі ліхтарыкамі ці запальнічкамі і гэтым самым выказаць пратэст супраць "дагавора" і страты незалежнасці Беларусі. Улёткі раскідваліся і ў паштовыя скрынкі. У гэтыя ж дні чатырох чалавек за распаўсюджванне ўлёткаў затрымалі. На гэтым тыдні над імі адбудуцца суды.

Ужо з 17 гадзін на Савецкай заўважалася адна незвычайная рэч: то з аднаго, то з другога боку бліскалі запальнічкі, падаючы знак адзін аднаму.

Пасля 17 гадзін на вуліцы заўважна пабольшала народу. Прычым людзі ішлі адкрыта з запальнічкамі, ліхтарыкамі і свечкамі. Спантанна арганізавалася калона. У большасці па вуліцы ішла моладзь: студэнты, школьнікі, але далучалася і шмат сталых людзей. Было заўважна, што ўсе ведалі, што адбываецца. Уся вуліца ў гэты час была ачэплена міліцыяй. Міліцыянты хадзілі за калонай і стваралася ўражанне, што і яны выказваюць свой пратэст супраць "дагавора". Калона рухалася па вуліцы да універмага і вярталася да палаца прафсаюзаў. Прычым, яна значна разраслася і колькасць пратэстуючых у асобныя моманты дасягала паўтары тысячы чалавек. Рух вельмі галосна суправаджаўся выкрыкамі: "Жыве Беларусь!", "Беларусь у Еўропу!", "Луку на муку", "Не хачу служыць у Чачні". Прычым у старым горадзе з яго непаўторнай акустыкай гэта вельмі ўражвала. Цікава, што практычна ўсе паўтары гадзіны калона не сціхала. На плячах у аднаго з дэманстрантаў сядзела дзіця, ў якога да курткі быў прымацаваны плакат: "Я не хачу жыць у Саюзе". Адзін раз калона дайшла і да будынка аблвыканкама. Перад гэтым на перакрыжаванні вуліцаў Ажэшкі і Савецкай быў спалены тэкст Саюзнага дагавора. Каля аблвыканкама калона галосна скандзіравала: "Ганьба!".

Напрыканцы мерапрыемства нехта заўважыў, што знік намеснік старшыні Гродзенскай філіі БНФ Алесь Астроўскі. Пазней высветлілася, што яго і яшчэ двух фронтаўцаў - У.Рунге і А.Захарава на самым пачатку акцыі затрымала міліцыя. На іх былі складзены пратаколы, як на арганізатараў несанкцыянаванага мерапрыемства. Нагадаю, што Алесь Астроўскі ўжо быў затрыманы напярэдадні акцыі ў Новым парку падчас мітынга БПСМ. Яго асудзілі на двое сутак. Цяпер справа прафесара Астроўскага перададзена ў пракуратуру, паколькі ён ужо двойчы прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці па аднаму і таму ж артыкулу адміністрацыйна-працэсуальнага кодэкса, што дае магчымасць прыцягваць яго да адказнасці па артыкулу крымінальнага кодэкса.

М.КАРНЕВІЧ

Назад