Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

гiсторыя i культура

Калекцыя негатываў на шкле з фондаў ГДГАМ

Сярод калекцый Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея адной з найбольш значных па колькасці і каштоўнасці з'яўляецца калекцыя негатываў на шкле першай паловы ХХ стагоддзя, якая налічвае больш за 500 адзінак. Самыя раннія негатывы датуюцца 1910 годам, а самыя позднія 1939 годам. На негатывах знайшлі сваё адлюстраванне архітэктурныя і гістарычныя помнікі Гродна: Брыгідскі касцёл са званіцай, Іезуіцкі касцёл, фара Вітаўта, касцёл Базіліянак, замак Чацвярцінскіх, Каложская царква, матэрыялы археалагічных даследаванняў на Замкавай гары і Каложы, музейныя экспанаты Гродзенскага музея 30-х гадоў.

Багаты матэрыял прадстаўлены па гісторыі архітэктуры павятовых мястэчкаў і вёсак, гістарычных помніках з былых Гродзенскага, Сакольскага, Ваўкавыскага, Аўгустоўскага, Лідскага, Бельскага паветаў: касцёлы, мячэці, сінагогі, цэрквы і іх інтэр'еры, бажніцы, каплічкі, прыдарожныя крыжы, вырабы народных майстроў і іншае. Несумненную каштоўнасць дадзеная калекцыя прадстаўляе перш за ўсё таму, што большасць з адлюстраваных на негатывах помнікаў не захавалася да нашых дзён, альбо страціла свой ранейшы выгляд. Каля трыццаці гадоў гэту калекцыю камплектаваў першы дырэктар дзяржаўнага музея ў Гродне Юзаф Ядкоўскі.

У ліпені-жніўні 1999 г. музейны фатограф Алег Фёдараў упершыню выканаў з гэтых негатываў больш за 500 фотаадбіткаў.

У 1910 г., працуючы ў Маскоўскім Румянцаўскім музеі, дзе Ядкоўскі займаецца каталагізацыяй польскіх гістарычных помнікаў і архіўнага матэрыяла, вывезенага царскімі ўладамі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, ён выконвае шэраг фотаздымкаў, два з якіх, падпісаныя рукой Ядкоўскага, захаваліся ў фондах ГДГАМ: тканіна з балдахіну польскага караля Уладзіслава ІV і праект помніка Барбары Радзівіл.

У архіве Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея захаваліся вельмі цікавыя дакументы, якія адлюстроўваюць шматбаковую працу Ядкоўскага на пасадзе дырэктара музея ў 20-х гадах. Адзін з дакументаў ад 16 кастрычніка 1922 г. за подпісам галоўнага кансерватара Беластоцкай акругі, абавязвае Ядкоўскага выехаць у мястэчка Волпа для правядзення абмераў і фотафіксацыі касцёла 18 стагоддзя і капліцы 17 стагоддзя. Гэта праца, несумненна, была выканана, а сведкай таму з'яўляецца фотанегатыў з выявай алтара касцёла Іаана Хрысціцеля, пабудаванага ў 1773 г. Наступны дакумент ад 7 чэрвеня 1923 г. Ядкоўскі адрасуе акружному кансерватару ў Варшаве. Ён паведамляе, што 29 красавіка выязджаў у Масты Гродзенскага павета з мэтай вывучэння стану захаванасці мясцовага касцёла і знаходзячыхся ў мястэчку гістарычных помнікаў. Ён піша, што драўляны касцёл у Мастах, пабудаваны ў 1530 г., фундатарам якога з'яўлялася каралева Бона, заслугоўвае асаблівай увагі ўладаў. На гарышчы касцёла былі выяўлены цікавы фрагмент шпалеры са скуры 16 ст. і абраз Маці Боскай. Далей Ядкоўскі інфармуе, што дадзеныя прадметы перавезены ў Гродзенскі музей і зафатаграфаваны, а таксама выкананы фотаздымак касцёла памерам 10 х 15 см. На вялікі жаль ні адзін з гэтых фотаздымкаў не дайшоў да нас, а вось фрагмент шпалеры захоўваецца ў фондасховішчы і сёння.

У маі 1912 г. Ядкоўскі скончыў вучобу ў Археалагічным інстытуце ў Маскве і атрымаў ступень "вучонага археолага". Назапашаныя веды і прафесійная цяга да археалагічных даследаванняў прыводзяць Ядкоўскага да значных археалагічных адкрыццяў. Улетку 1924 г. ён выязджае ў Ваўкавыск для правядзення археалагічных раскопак так званай Шведскай гары. Вынікам гэтай працы становіцца артыкул "Grodzisko Wolkowyskie" (Ваўкавыскае гарадзішча), дзе Ядкоўскі падрабязна апісвае ўсе праведзеныя працы і самі знаходкі часоў каменнага веку і сярэднявечча: шыферныя прасліцы, фрагменты керамікі, косці жывёлаў, шкляныя пацеркі і бранзалеты, часткі конскай збруі, металічныя сярпы. Самай значнай знаходкай стала "каменная баба", знойдзеная каля падножжа гары, падрабязнае апісанне якой даецца ў артыкуле: "Гэта прымітыўная выява галавы і тулава вышынёй 95 см, шырынёй ў верхняй частцы 41 см, унізе 60 см. Відаць выразныя сляды разьбы каля шыі і тваравай часткі". А каб мець яшчэ лепшае ўяўленне аб вышэй пералічаных знаходках і праведзенай працы, Ядкоўскі ўсё гэта зафатаграфаваў. Увесь фотаматэрыял у вельмі добрым стане дайшоў да нашых дзён.

На наступных некалькіх негатывах адлюстравана паводка на рацэ Нёман у красавіку 1926 г. 19 красавіка частка адхону гары, на якой стаіць Новы замак, абвалілася ў раку. Вадой затапіла дамы на беразе і мосцік праз Гараднічанку. Аб гэтай падзеі сведчаць чатыры фотанегатыва, выкананыя Ядкоўскім 26 красавіка 1926 г.

Для выканання фотаздымкаў гістарычных помнікаў Гродна Ядкоўскі прыцягвае гродзенскіх фотамайстроў, аб чым сведчаць надпісы на канвертах з фотанегатывамі. Адным з іх быў І.Крэйцар, які згодна "Інфарматара горада Гродна і Гродзеншчыны" за 1925 - 1926 гг. меў фотаатэлье па вулiцы Ажэшкi, 4. У фондасховішчы музея захавалася некалькі фотанегатываў, выкананых Крэйцарам у 1926 г.: амбон Іезуіцкага касцёла, кляштар Базіліянак пасля пажару 1915 г., інтэр'ер Брыгідскага касцёла і сам касцёл, званіца Брыгідскага кляштара.

У 1928 г. у Гродне была створана Управа апекі над Замкам і камісія па ўмацаванню Замкавай гары. Камісію ўзначаліў генерал Клеберг і ў гэтым жа годзе пад яго кіраўніцтвам была пабудавана каменная наберажная каля падножжа Замкавай гары. Для ўмацавання схілу гары было вырашана зняць грунт з яе пляцоўкі і ім падсыпаць схіл да Нёмана. У чэрвені 1928 г., адначасова з гэтай працай, Ядкоўскім былі праведзены археалагічныя даследаванні. Ён выканаў некалькі фотаздымкаў з гэтых прац, а таксама зафіксаваў стан захаванасці самога Старога Замка.

Фотанегатывы, выкананыя Ядкоўскім у 1929 - 31 гг., а таксама фінансавыя справаздачы за гэты час, сведчаць аб напружанай і плённай працы дырэктара музея па выяўленню гістарычных помнікаў у розных паветах Беластокскага ваяводства, якія павінны быць узяты на дзяржаўны ўлік. У выніку праведзенай працы Ядкоўскі 14 лютага 1930 г. высылае ліст у камендатуру дзяржаўнай паліцыі, у якім дае пералік гістарычных помнікаў у Гродзенскім павеце, якія "павінны быць узяты пад ахову права". Сярод пералічаных помнікаў захаваліся фотанегатывы маёнтка Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Аўгустове, магілы і помніка на ёй легендарных Яна і Цэцыліі ў Багатыровічах, дамы 18-19 ст. на рынку ў Індуры, касцёла Іаана Хрысціцеля ў Азёрах.

У 1930 - 31 гг. праведзена фотафіксацыя шэрагу гістарычных помнікаў у Сакольскім павеце: сінагогі і прыдарожнага крыжа ў Сухой Волі; сінагогі, інтэр'ера касцёла , бажніцы і прыдарожнага крыжа ў Адэльску, крыжа пры дарозе каля вёскі Сакаляны, бажніцы і прыдарожнага крыжа ў Яцаўлянах, бажніцы ў Дамброве, гарадзішча ў Ружаным Стаку. У Ваўкавыскім павеце ў вёсцы Поразава, якая з'яўляецца цэнтрам вырабу чорназадымленай керамікі, выкананы фотаздымкі печы для абпалу керамікі, самой вёскі і мясцовага касцёла. У вёсцы Пескі, гэтага ж павету, зафатаграфавана непаўторная па сваёй прыгажосці драўляная сінагога. Некалькі фотанегатываў паходзяць з Лідскага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў, дзе ўвагу аўтара прыцягнула мясцовая прырода.

Сёння нават цяжка ўявіць, як адзін чалавек паспяваў выконваць такі значны і разнастайны аб'ём працы, які выканаў Юзаф Ядкоўскі. Адзін за другім ён дасылае лісты да кіраўніцтва паветаў, гмін , мястэчкаў і вёсак з просьбай тэрмінова паведамляць яму аб цікавых знаходках, дакументах, гістарычных і архітэктурных помніках, а таксама аб працы народных майстроў.

10 красавіка 1932 г. Ядкоўскі атрымаў ліст ад дырэктара агульнаадукацыйнай школы ў Курашове Міхаіла Давідзюка, у якім Давідзюк паведамляе Ядкоўскаму, што недалёка ад Курашова (гміна Лазінка Бельск-Падляскага павету) адкрыты старыя могілкі. У двух магілах знаходзіліся шкляныя пацеркі, аздабленні з бронзы (бранзалеты і некалькі завушніц), фрагменты керамікі і інш. У адказе (ліст ад 23 чэрвеня 1932 г.) Ядкоўскі звяртаецца да Давідзюка з прасьбай дачакацца яго прыезду, таму што праца па далейшых раскопках патрабуе спецыяльных ведаў па выкананню замераў, дакументаванню і фoтафіксацыі. 11 ліпеня Ядкоўскі выязджае на месца, дзе выконвае вышэй паралічаную працу, а 1 верасня 1932 г. адпраўляе Давідзюку 11 фотаздымкаў з пахавання, з якіх у зборах музея захаваліся два: алтар-ахвярнік і магільныя капцы.

Не мог не звярнуць на сябе ўвагу Ядкоўскага адзін з найбольш цікавых помнікаў архітэктуры ў Гродне - Каложская царква. У музейным архіве захаваўся ліст Ядкоўскага ад 14 снежня 1908 г. у камітэт касы навуковай дапамогі ў Беластоку, у якім ён звяртаецца да старшыні камітэту Юзафа Мяноўскага. Ядкоўскі піша, што Каложскай царкве трэба прысвяціць вялікую манаграфію, падмацаваную навуковымі даследаваннямі і фотафіксацыяй помніка архітэктуры ХІІ ст., аднак матэрыяльнае становішча не дазваляе пачаць працу ў архівах Вільнi і іншых гарадоў. У сувязі з вышэй сказаным Ядкоўскі звяртаецца да Мяноўскага з просьбай выдзяліць яму на выкананне гэтай працы 75 рублёў і дасылае рукапіс артыкула аб Каложы.

Археалагічныя даследаванні на Каложы Ядкоўскі змог ажыццявіць толькі ў 1931 - 32 гг. Вынікам археалагічнай працы і архіўных даследаванняў стала манаграфія Ю.Ядкоўскага "Swiatynia warowna na Kalozy w Grodnie", выдадзеная ў 1936 г. у Гродне. У манаграфіі выкарыстаны фотаздымкі з негатываў, выкананых Ядкоўскім у 1930 - 35 гг., арыгіналы якіх у колькасці 33 адзінак захаваліся ў фондах музея.

Адной з найбольшых турбот Ядкоўскага на працягу многіх гадоў было ўмацаванне схілу Замкавай гары. Гэта праца, аб чым гаварылася раней, была распачата ў 1928 г. Аднак, ў сувязі з фінансавымі цяжкасцямі, была прадоўжана толькі ў лістападзе 1931 г., калі былі адкрыты муры ХІІ-ХІІІ ст., але ізноў не была скончана. 12 красавіка 1932 г. вада ў Нёмане паднялася на 5 м 39 см, і ўзнікла неабходнасць тэрмінова насыпаць ахоўны вал. У сувязі з гэтым была распачата праца па абніжэнню ўзроўня часткі замкавага дзядзінца. У выніку гэтых прац былі адкрыты рэшткі старажытных пабудоў з дрэва, каменя і цэглы перыяду ранняга сярэднявечча, зусім невядомых да гэтага часу: княжацкі "церам" ХІІ ст., рэшткі мураванай царквы ХІІ ст. У жніўні 1933 г. на мурах святыні ХІ ст. былі адкрыты рэшткі замкавай бажніцы ХІІ ст., побач з якой знаходзіліся могілкі. Адначасова была выяўлена значная колькасць археалагічных знаходак: фрагментаў керамікі, кафлі, рознакаляровых маёлікавых плітак, цэглы з княжацкімі знакамі, керамічных "галаснікоў", металічных наканечнікаў стрэлаў, бранзалетаў, шкляных пацерак і г.д. Юзаф Ядкоўскі прыняў непасрэдны ўдзел у археалагічных даследаваннях і апісанні ўсіх знаходак. Аб гэтым даюць уяўленне 68 фотанегатываў у фондах ГДГАМ і яго навуковыя справаздачы.

Архіўныя дакументы даваеннага часу сведчаць аб тым, што негатываў было выканана значна больш. Многія, напэўна, былі страчаны ў выніку ваенных падзей, а некаторыя не дайшлі да нашых дзён з-за далікатнасці матэрыялу, на якім выкананы негатывы. Аднак з упэўненасцю можна канстатаваць той факт, што далёка не многім музеям рэспублікі пашанцавала валодаць такой цікавай калекцыяй, такім змястоўным гістарычным матэрыялам, якім, дзякуючы Юзафу Ядкоўскаму, мы карыстаемся ў поўнай меры і сёння.

С. ПАЛХОЎСКАЯ, галоўны захавальнік аддзелу фондаў ГДГАМ

Назад