Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Першая публічная бібліятэка

Абласная навуковая бібліятэка імя Я.Карскага ў Гродне мае цікавую гісторыю. У 1830 годзе ў нашым горадзе была адкрыта першая публічная бібліятэка.

У верасні 1830 года гродзенскім генерал-губернатарам Міхаілам Бабянецкім было прынята рашэнне аб адкрыцці бібліятэкі ў адпаведнасці з указам міністра ўнутраных спраў Расіі. Першым бібліятэкарам быў назначаны Міхаіл Зелянко, які адначасова з'яўляўся прэфэктам гімназіі. Але, на жаль, яго хутка выслалі ў Арэнбург за дачыненне да паўстання 1830-31г.г.

17 верасня 1830 года пасада бібліятэкара была даручана архіварысу Фаме Красоўскаму. Дарэчы, гэтая дата адзначаецца ў калектыве сучаснай абласной бібліятэкі імя Я.Карскага, як дата заснавання Гродзенскай публічнай бібліятэкі.

Аснову бібліятэкі склалі добраахвотныя ахвяраванні дваран горада, якія былі зацікаўлены ў арганізацыі бібліятэкі для сваіх патрэбаў. У сувязі з гэтым у 1831 г. гродзенскі губернатар на спецыяльнай нарадзе прызначыў новым бібліятэкарам архіварыуса Фадзея Леваневіча. Бібліятэку вырашылі размясціць па вуліцы Саборнай. Справаздачы аб працы бібліятэкі за 1836-37г.г. сведчаць аб яе існаванні, але бібліятэка не наладзіла належным чынам работы. На кнігі і перыядычныя выданні існавала два каталогі: агульны на ўсе выданні і па раздзелах, сістэматычны. У 1835 г. у бібліятэцы налічвалася 234 найменні выданняў, або 518 тамоў. У 1837 г. ахвяраванні для бібліятэкі склалі 26 найменняў, або 132 тамы. Бібліятэка атрымлівала і часопісы, якія былі дазволены Міністэрствам народнай адукацыі Расіі.

Доступ у бібліятэку мела невялікая катэгорыя асоб з вышэйшых колаў насельніцтва. Пачынаючы з 1877 г. бібліятэка атрымлівала ўрадавую субсідыю ў памеры 800 рублёў на год. У 1899 г. бібліятэку наведвалі 44 пастаянныя члены, сярод якіх быў вядомы даследчык гісторыі Я.Арлоўскі. Ён уваходзіў у склад праўлення бібліятэкі. Месячныя абаненты карыстання фондам набылі 588 чалавек.

15 снежня 1889 г. адбыўся агульны сход членаў бібліятэкі. Сход прыняў рашэнне аб распрацоўцы новага статута, мэта якога - больш шырокі доступ чытачоў у бібліятэку. З Гродзенскай публічнай бібліятэкай быў цесна звязаны і бацька славутага беларускага паэта Максіма Багдановіча - Адам Ягоравіч. На час пераезду сям'і ў Гродна ў ліпені 1892 г. фонд публічнай бібліятэкі налічваў да 11 тысяч тамоў асобнікаў і перыядычных выданняў. Адам Ягоравіч, па прыездзе ў горад, адразу стаў гадавым членам бібліятэкі, увайшоў у яе савет і хутка быў абраны дырэктарам.

С.МІХАЛЬЧЫК

Назад