Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Царкоўная маёмасць будзе апісана?

Нядаўна слонімскія рэлігійныя аб'яднанні атрымалі з гарвыканкама дакумент за подпісам намесніка старшыні выканаўчага камітэта Анатоля Беляніна.

У лісце паведамляецца: "У апошні час стала паступаць інфармацыя аб тым, што з цэркваў, касцёлаў, малітоўных дамоў, іншых памяшканняў, у якіх праводзяцца набажэнствы, па розных прычынах пачала знікаць маёмасць, прадметы культа. Часцей за ўсё ў гэтым абвінавачваюцца святары, якія, калі мяняюцца, не перадаюць па актах адзін аднаму царкоўную маёмасць. Улічваючы тую акалічнасць, што большая яе частка з'яўляецца ўласнасцю дзяржавы, прашу да 20 снежня 1999 года стварыць камісію з трох чалавек і правесці зверку наяўнай маёмасці з вопісамі, якія ў свой час складаліся і павінны захоўвацца ў Вас".

Далей Анатоль Васільевіч рэкамендуе: "У ходзе праверкі скласці новыя акты-вопісы, і адзін экземпляр іх прадставіць у гарвыканкам у камісію садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях (яе старшынёй з'яўляецца Белянін - рэд.)".

Як нам стала вядома, дакумент пакуль разглядаецца каталікамі і мусульманамі, і рашэнне імі будзе прынята крыху пазней. Але ўжо цяпер мусульман збянтэжыў той факт, што "большая частка" царкоўнай маёмасці названа ўласнасцю дзяржавы? Справа ў тым, што беларуская дзяржава не ўклала ніводнага рубля ў аднаўленне слонімскай мячэці! Праваслаўныя таксама яшчэ не вызначыліся. Па словах айца Уладзіміра, падобныя пытанні павінны вырашацца на ўзроўні мітрапаліта Філарэта, і калі ён дасць згоду, то вопіс будзе зроблены. Здзівіла айца Уладзіміра і пытанне з царкоўнай маёмасцю, бо "царква яшчэ не аб'ядналася з дзяржавай". І сапраўды, Закон РБ "Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных аб'яднаннях", прыняты Вярхоўным Саветам яшчэ ў снежні 1992 г., гаворыць, што "рэлігійныя арганізацыі маюць права ўласнасці на маёмасць, набытую або створаную імі за кошт уласных сродкаў, ахвяраваную грамадзянамі, арганізацыямі або перададзеную дзяржавай… Права ўласнасці рэлігійных арганізацый ахоўваецца законам".

Сам Анатоль Белянін патлумачыў з'яўленне гэтага дакумента тым, што "падобныя дадзеныя запатрабаваў абласны камітэт па справах рэлігіі", які "занепакоены інфармацыяй пра знікненне прадметаў культу". Каб гэтага не дапусціць у далейшым, і было прапанавана зрабіць вопісы, якія, па словах Беляніна, будуць рабіцца ва ўсіх храмах вобласці, а не толькі ў Слоніме. Наконт таго, што большасць прадметаў культу ў лісце названы дзяржаўнай уласнасцю, Анатоль Белянін паправіўся - толькі некаторыя.

Тым не менш не выключана, што падставай для з'яўлення такога ліста мог стаць праект закона "Аб нацыяналізацыі", які ў першым чытанні прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ. Больш таго, на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 40 "Аб некаторых мерах па спагнанню страты, прычыненай дзяржаве". У адпаведнасці з ім, Лукашэнка сваім асабістым распараджэннем можа канфіскоўваць любую маёмасць фізічных і юрыдычных асоб у Беларусі. Галоўнае, каб толькі быў вопіс…

«ГС»

Назад