Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

гісторыя і культура

Лёс Крэва

Можна бясконца вандраваць па нашым Краі, атрымліваць асалоду ад сціплага хараства старажытных гарадоў і задумлівай прыгажосці вёсак. Ёсць на нашай зямлі і мястэчкі-пасяленні, якія ўвасобілі ў сабе рысы як першых, так і другіх. Некаторыя з гэтых мястэчак маюць надзвычай багатую гісторыю, так што і іншы горад пазайздросціць.

Крэва… Хто б мог падумаць, што ХІІІ-ХІV стст. сюды былі прыкаваны думкі грамадзян усяго Вялікага княства: настолькі значныя для лёсу краіны і яе суседзяў адбываліся тут падзеі.

Адносна паходжання назвы мястэчка вам ніхто дакладна не адкажа. Падобна яна на "крывічоў". Але ж і ад супадзення з паняццем "крэва-крэвайтэ", якім у літоўскай мове пазначаўся вярхоўны жрэц-вяшчун, адмовіцца нельга. І гэта падобнасць тэрмінаў сімвалічная, таму што адлюстроўвае сувязі абодвух суседніх народаў.

У пісьмовых крыніцах Крэва (цяперашняя вёска Смаргонскага раёна) пачынае сустракацца з ХІІІ ст. Уадной з нямецкіх хронік яно названа сталіцай паўлегендарнай Нальшчанскай (ці Нальшанскай) зямлі, якая знаходзілася на паўночным захадзе Беларусі. У 1258 г. Нальшаны зведалі нападзенне татара-мангольскіх войскаў Бурундая і валынскага князя Васілька. Князі гэтай зямлі, абапіраючыся на ўсю яе моц, прымалі актыўны ўдзел у міжусобнай барацьбе. Так, нальшанскі князь Доўмант у 1263 г. забіў вялікага князя Міндоўга. Але ўжо праз год быў пакладзены канец незалежнасці Нальшан: навагрудскі князь Войшалк заваёўвае гэтую зямлю і ўключае ў склад Вялікага княства. У тыя часы больш-менш буйныя населеныя пункты немагчыма было ўявіць без абарончых збудаванняў куды пад час трывогі збягалася навакольнае насельніцтва, імкнучыся ратаваць сваё жыццё і самае каштоўнае, што ў іх было, - жывёлу. Што датычыць Крэва, то тут гэтую функцыю з ХІІ-ХІІІ ст., а можа раней, хутчэй за ўсё выконвала гарадзішча, якое і зараз уражвае дваццаціметровай вышынёй і пяціметровымі землянымі валамі. Гэтыя ўмацаванні, як лічаць некаторыя, складалі аснову драўлянага замка. Але гарадзішча амаль не даследавана, таму і сцвярджаць гэта адназначна цяжка. Тым больш, што сама прырода стварыла ўсе ўмовы, каб тут стаяў не драўляны замак…

Калі 15 тысяч год таму апошні ледавік адыходзіў з нашай зямлі, ён пакінуў аб сабе напамін на далёкую будычыню - садраныя са страшэннай сілай з гор Скандынавіі валуны. У наваколлях Крэва на развіўшыхся потым валуна-ледніковых глінах і суглінках вырасла не так ужо і шмат лясоў: лясістасць складала 26-35 працэнтаў, што даволі мала для тэрыторыі Беларусі. Падобны ландшафт быў устойлівым. І нават у ХІХ ст. у рускай і польскай літаратуры аб Крэве пісалася так: "Ваколіцы бязлесны, каменямі густа ўсеяныя". Улічым яшчэ патрэбнасць у абарончым поясе на паўночным захадзе княства дзеля ўратавання ад крыжацкай навалы. І нам у некаторай ступені стане зразумелым, чаму магутны цалкам мураваны замак ( адзін з першых у Вялікім княстве) быў пабудаваны менавіта ў дадзеным месцы. Адбылося гэта, як лічаць археолагі, на мяжы ХІІІ і ХІV ст., у забалочанай нізіне, ля зліцця рачулкі Крэвянкі і безназоўнага ручая, пазней названага Шляхцянкай.

Пэўную ролю, верагодна, у агульным абарончым комплексе адыгрывала і зараз пануючая над мясцовасцю Юрава гара, якая размешчана за некалькі соцень метраў на поўдзень ад замка. Нешта паганскае адчуваецца ў гэтай прыроднай дамінанце, з верхняй кропкі якой адкрываецца дзівосны краявід.

У 1388 г. вялікі князь Гедымін "дал Ольгирду кролеву оцу Крэво замак" пры дзеляжы сваіх зямель паміж сямю сынамі. З гэтага часу і вядома Крэва як цэнтр удзельнага княства. Безумоўна, змена палітычнага статуса пасялення не магла не адбіцца і на ягоным эканамічным стане: з ХІV ст. Крэва вядома як цэнтр керамічнага промыслу.

Менавіта ў Крэве, сярод яго маляўнічых пагоркаў, правёў Альгерд свае дзіцячыя гады (1338-1345), гады падрыхтоўкі да ўступлення на вялікакняскі трон. І менавіта сюды для заключэння саюза з мэтай падзелу ўлады ў маладой славяна-балцкай дзяржаве, з Вільні прыбылі паслы яго брата Кейстута. Тады, у 1345 г. усталяваўся незвычайны саюз, пры якім адначасова знаходзіліся на троне і правілі адной дзяржавай два вялікія князі - Альгерд і Кейстут.

Потым па спадчыне Крэва належала сыну Альгерда вялікаму князю Ягайлу, князю Віцебскаму і Крэўскаму, у праваслаўнай традыцыі вядомаму пад імем Якуб Андрэевіч. Пасля смерці Альгерда ў 1377 г. правы на трон падзялілі ўжо дзядзька і пляменнік. Але горды сівы Кейстут не мог змірыцца з тым, што ўладу прыходзілася дзяліць з маладым Ягайлам, які ў сваю чаргу сам імкнуўся да самаўладдзя. У 1381 г. Кейстут скінуў свайго пляменніка. І зноў Крэўскі замак быў звязаны з лёсам дзяржавы: умацаванні ягоныя былі вельмі надзейнымі. І таму Ягайла, як і некалі ягоны бацька, схаваўся за замкавыя муры.

Вось тут у гульню і ўступіла так званая "крыжацкая карта". Паступова, не адразу, а на працягу дзесяцігоддзяў крыжакі сталі не проста вонкавай варожай сілай, а ўжо імкнуліся актыўна ўплываць на ўнутраную палітыку Вялікага княства, прымаючы непасрэдны ўдзел у барацьбе за трон. У 1382 г. крыжакі дапамаглі Ягайлу, які ўцёк да іх, перамагчы Кейстута: князь Трокаў і Жмудзі, апошні абаронца паганскай Літвы, быў арыштаваны. У Супрасльскім летапісе аб гэтым сказана так: "Князя великого Кестутия… оковав ко Криеву послали и всадили во вежу… И там во Криеве пятои нощи князя великого Кестутия удавили коморники князя великого Ягайловы".Удавілі, як гавораць нам польскія крыніцы, залатым матузком (шнурком) ад ферязі (урачыстае адзенне са стаячым каўняром і вязаным матузком замест гузікаў).

Такі ж лёс рыхтавалі Вітаўту, сыну Кейстута, які "седель во Креиве за твердою сторожею в комъноте". Усведамленне нават не пагрозы свайму жыццю, а вострае адчуванне прыніжэння, залежнасці штурхнулі Вітаўта да актыўных дзеянняў. Праз служанку сваёй жонкі ён уступіў у кантакт з сябрамі, якія і дапамаглі ажыццявіць дзёрзкі план пабегу. Пераапрануўшыся па парадзе жонкі Ганны ў адзенне служанкі, Вітаўт перабраўся на сцены замка, на баявой галерэі дачакаўся цемры, спусціўся ўніз, перайшоў роў і… нясіце коні хутчэй, не разбіраючы дарогі, нясіце праз лясы і палі, нагадваючы ў імкненні вершніка і каня герб вашага ўладара - "Пагоню".

Лютыя ворагі, стрыечныя браты, рыхтуюцца да смяротнай барацьбы. Далей усё набывае нечаканы паварот. Да Ягайлы прыбываюць паслы з Кракава і прапануюць вялікаму князю стаць польскім каралём. 14 жніўня 1395 г. у сценах Крэўскага замка была заключана персанальная ўнія паміж Вялікім княствам і Каралеўствам Польскім, у выніку якой на чале гэтых дзяржаваў станавіўся адзін чалавек. Гэты саюз быў выгадным абедзвюм дзяржавам і ўсім народам Усходняй Еўропы, таму што даваў магчымасць, аб'яднаць сілы для сумеснага супрацьстаяння нямецкай агрэсіі, а таксама для развіцця вытворчых сіл, для ўстанаўлення трывалых гандлёвых сувязей. Заканамерным вынікам Крэўскага пагаднення стала Грунвальдская перамога 1410 г.

Стаўшы польскім каралём, Ягайла не захацеў пакідаць у сваіх тылах небяспечнага, бунтарнага Вітаўта, якога да таго ж падтрымлівала пэўная частка феадалаў Беларусі і Літвы. Браты пайшлі на кампраміс: Вітаўт быў абвешчаны вялікім князем і застаўся правіць княствам, але намінальна вярхоўная ўлада за хоўвалася за Ягайлам.

Ну а што з Крэвам? Кароль аддае мястэчка з наваколлямі свайму "найлюбленаму" брату Аляксандру-Вігунду. У лютым 1387 г. Ягайла падпісвае грамату аб заснаванні сямі прыходскіх касцёлаў у Віленскім дыяцэзе і надзяленні іх зямлёй.

Як атрымалася, быць уладаром Крэва не такі ўжо і шчаслівы лёс. У 1391 г. атручаны апошні крэўскі князь Вігунд. Ён не пакінуў нашчадкаў. Крэўскі удзел ліквідуецца, Крэва ўваходзіць у склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Але Крэва, яго замак прыцягваюць уладароў падчас усобіц. У 1433 г. Крэўскім замкам авалодаў мяцежны князь Баляслаў-Свідрыгайла.

На працягу стагоддзяў Крэва заставалася сімвалам дзяржаўнасці, і манархі яшчэ неаднаразова звярталіся ў сваіх думках і дзеяннях да Крэва. Казімір ІV Ягелончык, уступаючы на трон, абнавіў касцёл, даў яму права збірання дзесяціны. Узнаўляецца і сам замак: каля 1470 г. ён названы адным з шасці мураваных замкаў Вялікага княства.

Тым не менш актыўнае палітычнае жыццё сышло з Крэва, а свайго сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу ў пасялення было недастаткова, каб развіцца ў буйны, дынамічны горад.

Пачатак ХVІ ст. адзначыўся трагічнымі для Крэва падзеямі: з 1503 па 1506 гг. яго некалькі разоў бралі ў аблогу і значна пашкодзілі перакопскія татары. У 1518 г., едучы ў Маскву, дыпламат Сігізмунд Герберштэйн занатаваў: "Крэва - мястэчка з пакінутай крэпасцю". Усё ж замак быў адноўлены, таму што ў 1519 г. яго захапілі пад час глыбокага рэйду па Беларусі маскоўскія войскі. А ў 1564 г. князь Андрэй Курбскі, збегшы ад дэспатызму Івана ІУ, атрымлівае Крэва ад Жыгімонта Аўгуста.

З ХVІІ стагоддзем прыйшлі сацыяльныя патрасенні: захавалася грамата Жыгімонта ІІІ крэўскаму старасту аб забароне прыгнятаць мяшчан і сялян Крэўскай воласці ў сувязі з іх чалабітнай. Сітуацыя, напэўна, нармалізавалася. А ў 1626 г. магнат Гаштольд зноў аднаўляе старажытны Крэўскі касцёл і павялічвае яго прыход.

У ХVІІ-ХVІІІ ст.ст. Крэва мела права на самакіраванне (магдэбургскае права), ратуша знаходзілася ў драўляных пабудовах на тэрыторыі замка. Пазней Крэва страчвае сваё значэнне разам з замкам, які, як сцвярджаюць спецыялісты, у ХVІІІ ст. знаходзіўся яшчэ ў адносна добрым стане.

Пад 1743 г. у гісторыю Крэва ўпісаны цікавы эпізод: на год раней пачалі адліваць званы ў віленскай майстэрні Тамаша Апановіча. Адзін з іх быў устаноўлены ў Крэўскім касцёле. Адбывалася ўрачыстасць пры вялікай колькасці народа: для тых часоў гэта была значная падзея.

1795 - год канчатковай ліквідацыі Рэчы Паспалітай, апошнія беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Крэва стала заштатным мястэчкам Ашмянскага павету, замак пераходзіць казённаму ведамству.

Але вобраз Крэва, паданні і рамантычны лёс пасялення не пераставалі хваляваць людзей. У сярэдзіне ХІХ ст. відок замка зафіксаваў з пратакольнай дакладнасцю Напалеон Орда. А ў 1893 г. абмеры зрабіў віленскі археолаг Ф.Пакроўскі.

Надыход ХХ ст. не прынёс спакойных гадоў для Крэва. Больш чым тры гады тут вяліся пазіцыйныя баі пад час першай сусветнай вайны. Менавіта тады, пад час артылерыйскіх абстрэлаў, і быў страшна пашкоджаны замак. Такім яго ўбачыў у 1929 г. Язэп Драздовіч, які і замаляваў руіны.

У наш час Крэва ў асноўным захавала старажытную планіроўку. Як і раней, асноўныя вуліцы мястэчка сыходзіліся на цэнтральным пляцы, дзе ладзіліся торжышчы і адбываліся важныя грамадскія падзеі. У цэнтры мястэчка высіцца паўзруйнаваны замак, штогод на галоўнай вежы якога выводзіць дзяцей пара буслоў. Яны не пакідаюць сваёй радзімы.

А.ДЗЯРНОВІЧ

Назад