Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

гiсторыя i культура

Давыд Гарадзенскі

Давыд Гарадзенскі, год нараджэння невядомы - памёр у 1326 годзе. Палкаводзец і дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, стараста ў Гародні. Ажаніўся з дачкой вялікага князя Гедыміна і атрымаў права на карыстанне асобным удзелам (княствам). У 1314 годзе разграміў крыжакоў, якія напалі на Навагародак. У 1318 годзе ўзначаліў паход гарадзенцаў на Прусію. У 1322-23 гадах памог Пскову ў барацьбе з Лівонскім ордэнам. У 1324 годзе арганізаваў паход войска Вялікага княства Літоўскага на Мазовію, у 1326 годзе - на Брандэнбург. У апошнім паходзе па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам Андрэем.

Аб паходзе Давыда Гарадзенскага на Мазовію ў сваёй кнізе "Літва" польскі гісторык Эдвард Езерскі паведамляе: "Восенню 1324 г. на чале з Давыдам Гарадзенскім на знішчэнне Мазовіі, якая была ў цесных сувязях з крыжакамі, рушыў моцны атрад войск. Войскі на чале з Давыдам Гарадзенскім нанеслі Мазовіі страшэннае паражэнне. Залілі яе крывёю бязвінных ахвяр. Войскі цалкам знішчылі горад Пултуск, спалілі 120 мястэчак і вёсак. Зруйнавалі 30 касцёлаў, чатыры тысячы воінаў былі ўзяты ў палон і адпраўлены ў Літву".

Так жорстка расправіўся Давыд Гарадзенскі з Мазовіяй за сувязь яе з крыжакамі. Але ў апошнім паходзе палякі яму адпомсцілі. Мазавецкі рыцар па-здрадніцку Давыда забіў, едучы за ім прашыў яго кап'ём. Легенда кажа, што цела любімага палкаводца гарадзенскія воіны на баявых шчытах прынеслі да Гародні і пахавалі яго побач Каложы. Над магілай быў насыпаны курган, але ён да нашых дзён не захаваўся. Ніхто яго не аднаўляў. Не зацікаўлены ў ім былі ні рускія кіраўнікі, ні польскія, ва ўладзе якіх доўгі часзнаходзілася Гародня.Так што памяць аб Давыдзе Гарадзенскім амаль была забыта.

Радаслоўную Давыда раскрываюць рускія гісторыкі Карамзін і Бацюшкаў. Яны сведчаць аб тым, што Давыд з'яўляўся праўнукам Аляксандра Неўскага, сувязі якога з Беларуссю ўзніклі яшчэ ў 1239 годзе, калі Аляксандр Неўскі ажаніўся з дачкой полацкага князя Брачыслава. Гісторык гаворыць, што нявестка прынесла абраз Божай маці, пісанай, па паданню, евангелістам Лукой, гэты абраз быў атрыманы яе сваячкай Святой Ефрасінняй Полацкай ад грэчаскага імператара. Вяселле адбылося ў Таранцы, а пір ў Ноўгарадзе. У Аляксандра Яраслававіча нарадзілася чатыры сыны, адзін з іх - Дзімітра княжыў у Перыяслаўле. Ён выдаў замуж адну сваю дачку Марфу за Вялікага князя Літоўскага, а другую - Марыю - за князя Гальшанскага Даўмонта. У Марыі і Даўмонта нарадзіўся Давыд. Марыя была ўнучкай Аляксандра Неўскага, а Давыд - праўнукам. Ніяк нельга абмінуць складаныя падзеі, якія адбываліся ў той нялёгкі час. На старонцы 76 "Живописной России" чытаем, што ў 1263 годзе памерла жонка Міндоўга - Марфа. На пахаванне з'ехаліся родныя і блізкія, у тым ліку і сястра нябожчыцы - жонка Даўмонта Марыя. Пасля пахавання Міндоўг бярэ сабе ў жонкі для выхавання застаўшыхся без маці двух немаўлят Руккі і Рэпікаса, Марыю - жонку Даўмонта. Разгневаны Даўмонт падбухторвае пляменніка Міндоўга Тройната, князя Жмудзі Таўцівіла, полацкага князя Герузеня, стрыечнага брата Міндоўга, а таксама любімца Міндоўга Астапа Канстанцінавіча арганізаваць змову супраць Міндоўга.

12 верасня 1263 года, калі Міндоўг выступіў з дружынай супраць бранскага князя Рамана, змоў- шчыкі напалі на Міндоўга, які спаў, і забілі яго з двума малалеткамі-сынамі. Але ў Міндоўга застаўся старэйшы сын Войшалк, у праваслаўі - Раман. Ён выдзяляўся адвагай, мужнасцю і жорсткасцю. Папа Рымскі абяцаў зрабіць яго каралём Русі, калі ён прыме каталіцтва. Хутка Войшалк зразумеў, што пры жывым бацьку для яго няма сур'ёзнай справы. А таму ён падаўся ў Палонінскую абіцель на Валыні і пастрыгся ў манахі.

Калі ж ён даведаўся аб смерці бацькі, дык не раздумваючы, зняў клабук і стаў помсціць за бацькаву смерць. Кроў лілася ракой. Амаль усе змоўшчыкі былі перабіты, толькі Даўмонт з невялікай колькасцю сваіх прыхільнікаў паспеў збегчы ў Пскоў. Тут Даўмонт прыняў хрышчэнне пад імем Цімафея. Ён выдзяляўся незвычайнай верай у Хрыста і адначасова праславіў сябе шэрагам бліскучых ваеных подзвігаў, абараняючы радзіму. Жыхары Пскова вельмі паважалі свайго храбрага князя.

Атрымаўшы ў 1260 годзе славутую перамогу над літоўцамі на берагах Заходняй Дзвіны, Даўмонт, пасля хрышчэння - Цімафей, прыняў у 1268 годзе ўдзел у вялікім паходзе на Ракавор (Везенберг), заняты тады датчанамі. Гэта было так. 18 лютага 1268 года Даўмонт атакаваў "вялікую свінню" немцаў. Разгарэлася страшэнная бітва, якой яшчэ ніколі не бачылі ні бацькі, ні дзяды. Нарэшце немцы былі зломлены, яны вымушаны былі ўцякаць. Воіны Даўмонта гналіся за немцамі сем вёрстаў, да самага Ракавора. Пасля перамогі Даўмонт прайшоў усю Лівонію да самага мора і вярнуўся з вялікім палонам у Пскоў.

У наступным 1269 годзе 18000 немцаў пад кіраўніцтвам Ордэна спалілі Ізборск і падышлі да Пскова з вялікай колькасцю сценабітных прылад. Убачыўшы ворага пад сценамі горада, адважны Даўмонт не разгубіўся, ён прывёў сваю малую дружыну ў царкву Святой Троіцы, горача памаліўся каля святых мошчаў славутага абаронцы Пскова Святога Ўсевалада-Гаўрылы, затым палажыў свой меч перад алтаром. Ігумен Ісідар урачыста благаславіў гэты меч ім сваёй рукой падперазаў ім Даўмонта. Умацаваны гарачай малітвай нязломнай верай ў заступніцтва Божае, Даўмонт дзесяць дзён без стомы б'ецца з немцамі. Ён параніў самога магістра. Тым часам падаспела падмацаванне з Ноўгарада. Лівонцы вымушаны былі заключыць мір.

Адважны Даўмонт княжыў у Пскове да глыбокай старасці і пад канец свайго жыцця, у 1299 годзе яму прыйшлося ізноў ратаваць сваю другую радзіму. Лівонскія рыцары ў 1299 годзе нечакана напалі на Пскоў. Яны напалі на манастыры і прадмесце горада, забівалі бяззбройных манахаў, жанчын і немаўлят. У гэты цяжкі час Даўмонт, ужо зусім стары чалавек, заразжа вывеў сваю малалікую дружыну з горада насустрач ворагам. Ён скінуў іх у раку Вялікую, пры гэтым быў паранены камандор Ордэна, захоплена шмат палонных і зброі. У хуткім часе Даўмонт памёр, гэта было вялікае гора для ўсіх жыхароў Пскова.

У часы небяспекі і крывавых боек Даўмонт гаварыў: "Добрыя мужы, пскавічы! Хто з вас стар, той мой бацька, хто малады, той брат. Помніце Айчыну і царкву Божую". У час свайго княжання умацаваў Пскоў новай каменнай сцяной, якая да XVI стагоддзя называлася Даўмонтавай. Царква залічыла яго да ліку святых, і мошчы яго знаходзіліся ў пскоўскім Троіцкім манастыры. Там жа знаходзіўся і яго меч, з якім ён хадзіў на крыжакоў.

Пасля смерці бацькі Давыд Цімафеевіч, сын Даўмонта, вярнуўся ў Гальшаны, а потым пераехаў у Гародню. Баявы талент бацькі перадаўся сыну, а дзяржаўную мудрасць Аляксандра Неўскага ён атрымаў ад свёй маці Марыі Дзімітраўны. Вось такі лёс напаткаў бацьку і сына.

А. ЦЫХУН, Г.ПАТАНЁНАК

Назад