Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Дарагiя Браты i Сёстры!

Дзякуючы любові Бога, адзінага і Тройцы, мы можам радавацца святу Божага Нараджэння - памятцы прыходу Збавіцеля на зямлю. "Бо так Бог узлюбіў свет, што даў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго не згінуў, але меў жыццё вечнае" (Ян 3,16). Сяголетнія дні свята Божага Нараджэння па асабліваму напоўнены тым бляскам, які вось ужо на працягу дваццаці стагоддзяў апраменьвае гісторыю чалавецтва і кожнага з нас. Прыход Езуса Хрыста на зямлю - гэта настолькі важная падзея, што чалавецтва пачало адлічваць ад яе час. Мінулыя стагоддзі належаць як нам, так і Хрысту, Які ёсць гаспадаром часу і вечнасці (пар. 1 Цім 1,17). Гэтыя дзве тысячы гадоў багатыя на плёны намаганняў людскога розуму і сэрцаў. Сярод гэтых твораў чалавека і цэлых грамадстваў асаблівым святлом і моцай вылучаюцца скарбы, што ўзраслі на фундаменце Хрыстовым іншыя плады духа і людскіх рук, што паўсталі пад уплывам любові да Бога і бліжняга.

Але найбольшым скарбам мінулых гадоў з'яўляецца чалавек, выхаваны ў духу Евангелля; чалавек, які адкрывае і перажывае - таксама і ў сучасным свеце - сваё падабенства да Бога Створцы (пар. Быц 1,27); чалавек, які кіруецца першым і найважнейшым наказам любові да Бога і бліжняга (пар. Мц 22, 34-40).

У мінулыя стагоддзі ўзбагачэнне і ўдасканаленне гэтага скарбу - людской асобы, якая жыве Евангеллем, не заўсёды было простай справай. Бо нярэдка ў часы пераследаванняў вера хрысціянаў падвяргалася выпрабаванням. Каштоўнасцю мінулых стагоддзяў з'яўляюцца спазнаныя цярпенні вучняў Хрыста - асабліва ў нашым, XX стагоддзі, пра якія да сёння памятаюць нашыя бацькі і дзяды. Уся мінулая гісторыя - у тым ліку і гэтыя балесныя і нялёгкія дзесяцігоддзі - набывае сэнс і вартасць вечнасці, таму што ў ёй прысутнічае Збавіцель свету. Гэта Ён, прыйшоўшы на зямлю ў чалавечым абліччы, пажадаў стаць спадарожнікам кожнага з нас на нашым шляху зямной вандроўкі да дому Айца. У кожнага з нас, адкупленых Яго прыходам, мукай, смерцю і ўваскрэсеннем, падтрымлівае Ягоная моц, мацнейшая за ўсялякае зло і насілле (пар. Ян 16,33).

"Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!" (Лк 2,14) - усклікалі анёлы, абвяшчаючы пастухам у Бэтлееме нараджэнне Збавіцеля. Кожнае людское сэрца, падрыхтаванае да прыходу Езуса, становіцца месцам Божай хвалы, супакою і людскога шчасця, па якім мы ўсе так моцна тужым.

Дарагія Браты і Сёстры! Няхай сяголетнія святы будуць часам удзячнасці Богу за дар Адкуплення, ахвяраваны нам праз Езуса Хрыста. Няхай як мага шырэй адкрыюцца перад ім людскія сэрцы! Распачаты Юбілей хрысціянства няхай як найлепш падрыхтуе нас да ўваходу ў Трэцяе тысячагоддзе! Няхай на ўсім зямным шары спеў анёлаў станецца песняй людзей, якія аддаюць Богу належную Яму хвалу, жывучы ў супакоі, будуючы лепшае заўтра і імкнучыся да шчаслівай вечнасці!

З сэрца благаслаўляю.

Аляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Назад