Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

гiсторыя

Першы консул Расіі ў Японіі

На Гарадзеншчыне, на поўнач ад гарадскога пасёлка Астравец, знаходзіцца вялікая вёска Малі. Ужо здалёк відаць алею са старых дрэў, якая некалі вяла да маёнтка Малі. Тут прайшлі апошнія гады жыцця вучонага, дыпламата і падарожніка, ураджэнца Беларусі Іосіфа Гашкевіча (1814-1872), першага консула Расіі ў Японіі. Менавіта тут ён пісаў працы па японскай філалогіі. Тут ён памёр і быў пахаваны ў Астраўцы. Памяць аб І. Гашкевічу захоўваецца ў месцах дзе ён пісаў і тварыў. У Доме культуры вёскі Малі дзейнічае прысвечаны яму невялікі музей. У раённым цэнтры ўстаноўлены бюст Іосіфа Гашкевіча, створаны міжнародны фонд яго імя, які, на жаль, перапыніў сваю дзейнасць з-за адсутнасці сродкаў.

У маі 1995 года ў Астраўцы адбыліся міжнародныя краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя памяці Іосіфа Гашкевіча. Акрамя навукоўцаў з Беларусі ў іх прынялі удзел навукоўцы Японіі, Расіі, Польшчы. Яны прысвяцілі свае выступленні нашаму земляку, яго жыццёваму шляху, яго дыпламатычнай і навуковай дзейнасці. А вядомы Іосіф Гашкевіч тым, што стаў адным з першых японазнаўцаў Расіі і першым "трывалым" расійскім дыпламатам у Японіі.

Нарадзіўся вядомы дыпламат, вучоны-мовазнаўца, даследчык Японіі і Кітая, натураліст арыенталіст у Мінскай губерніі ў сям'і праваслаўнага святара. Пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі ў Слуцку ў 1835 г. ён быў накіраваны ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, у якой вучыўся да 1839 года і праявіў сябе як таленавіты і здольны мовазнаўца.

У 1839-49 гадах Іосіф Гашкеіч знаходзіўся ў складзе рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Тут ён даследваў культуру Кітая, вывучаў кітайскую, карэйскую і японскую мовы, вёў метэрэялагічныя назіранні, вынікі якіх адсылаў у Пецярбург, у Галоўную фізічную абсерваторыю. Адначасова вывучаў побыт кітайцаў, напісаў некалькі артыкулаў пра вырошчванне бульбы, рысу, развядзенне шаўковага чарвяка, вытворчасць тушы, румянаў, бяліл. У якасці пераводчыка і сакратара суправаджеваў на фрэгаце "Палада" дыпламатычную місію віцэ-адмірала Я.В. Пуцяціна (1852-55), эскадра якого зрабіла паход ў Японію, увекавечаны І.А. Ганчаровым у нарысах "Фрэгат "Палада"". Пісьменнік неаднаразова цёпла піша пра Іосіфа Гашкевіча ў гэтай кнізе.

З яго ўдзелам заключаны руска-японскі дагавор (1855), згодна якога Японія, якая на працягу стагоддзя забараняла іншаземцам набліжацца да сваіх берагоў, адкрыла для рускіх караблёў свае гавані. Па дарозе дамоў з Японіі І.Гашкевіч быў захоплены ў палон англічанамі (з прычыны Крымскай вайны 1853-56), знаходзіўся ў Ганконгу, потым у Англіі. На працягу дзевяці месяцаў у палоне Іосіф Гашкевіч сумесна з японскім манахам Тацібана Каосай склаў 450 старонак першага японска-рускага слоўніка. Слоўнік быў выдадзены ў Пецярбургу ў 1857 г. і атрымаў Дзямідаўскую прэмію.

З 1858 па 1865 год Іосіф Гашкевіч быў першым консулам Расійскай імперыі ў Японіі. Японцы з любоўю называлі яго "белавалосым консулам".

Консульства пачало сваю дзейнасць тады, калі японцы вельмі насцярожана ставіліся да іншаземцаў, якім было забаронена ўязджаць у глыб краіны. Расійскае консульства размясцілася ў незамярзаючай гавані горада Хакадатэ, што на поўначы Японіі на востраве Хакайда. Пры Іосіфу Гашкевічу японцам аказвалася бескарысная медыцынская дапамога. Пры консульстве для японскіх дзяцей была адчынена руская школа, дзе адначасова выкладаў сам дыпламат.

Іосіф Гашкевіч вёў мудрую палітыку, ніколі не дапускаючы ўмяшання ва ўнутраныя справы Японіі. Дыпламат і яго калегі былі першымі іншаземцамі, якім японцы дазволілі ездзіць да двара Сёгуна ў Эда (Токіо).

У апошнія дні 1855 года знаходжанне Гашкевіча ў Хакадатэ было цяжкім. Памерла яго жонка, якую ён пахаваў на японскай зямлі, згарэў консульскі дом, а ў ім багатая бібліятэка. Але як не было цяжка, яго ўвесь час адольвала жаданне сесці за пісьмовы стол і працаваць.

Гашкевіч пачаў працу над сваёй кнігай "Аб каранях японскай мовы", якая выйшла ў свет ужо пасля яго смерці ў Вільні, у 1899 годзе. Гэты падручнік стаў асноўнай лінгвістычнай спадчынай вучонага, і для многіх пакаленняў японазнаўцаў з розных краінаў свету кніга з'яўляецца настольнай.

Пасля вяртання з сям'ёй у Пецярбург у 1865 г. Гашкевіч удзельнічае ў стварэнні інстытута саветнікаў з прадстаўнікоў японскай нацыі, якія потым працавалі дыпламатамі, выкладчыкамі рускай мовы. Гашкевіч заўжды памятаў пра свае навуковыя інтарэсы. Шматлікія калекцыі флоры і фаўны Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, перададзены Заалагічнаму музею Акадэміі Навук у Пецярбургу.

У 1867 годзе "консул у Японіі" выйшаў у адстаўку і жыў у маёнтку Малі, дзе да апошніх сваіх дзён займаўся ўсходняй філалогіяй.

Памяць Іосіфа Гашкевіча ўшаноўваецца і ў Японіі. Яго імем названы заліў у Японскім моры, некаторыя віды апісаных ім рэдкіх насякомых. У Хакадатэ ўстаноўлены бюст нашага слаўнага земляка.

Цяжка пераацаніць значэнне вялікага сына зямлі беларускай Іосіфа Гашкевіча ў дыпламатыі, арыенталістыцы і ў многіх іншых галінах навуковай дзейнасці.

З матэрыяламі першых Астравецкіх краязнаўчых чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Антонавіча Гашкевіча, можна пазнаёміцца ў краязнаўчым аддзеле Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага.

Станіслаў МІХАЛЬЧЫК

Назад