Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Жыццё ў Хрысце Хутка мы будзем адзначаць знамянальную падзею - 2000-годзе Раства Хрыстова. У сувязі з ёй мне хочацца расказаць аб сваёй бабулі Наталлі Ігнатаўне Карповіч, якая больш за чвэрць стагоддзя аддала жыццю ў Хрысце.

Нарадзілася яна ў беднай сялянскай сям'і вёскі Канюхі, што ў сямі кіламетрах ад Скідзеля. У 25 гадоў выйшла замуж за ўдаўца Івана Бануля, жыхара вёскі Гліняны, што ў пяці кіламетрах ад яе роднай вёскі. У дзядулі Івана ад першай жонкі заслатося двое дзяцей - Пелагея і Надзея. З удаўцом бабуля нажыла яшчэ дваіх: дачку Настассю, маю маці, і сына Міхаіла. Дажываць сваю старасць вырашыла з сынам, якому ў спадчыну перадала каля трох гектараў зямлі. Маёй жа матулі дасталося ўсяго палова гектара. Але ж здарылася так, што бабуля не ўжылася ні ў сына, ні ў дачкі і вымушана была шукаць сабе прытулак. Улетку 1934 года з невялічкай торбачкай за плячыма яна адправілася ў бок Вільні. Больш ў родных мясцінах ніхто яе не бачыў. Аб тым куды яна патрапіла, мы даведаліся з яе лістоў, якія калі-нікалі да нас траплялі.

У трыццаці кіламетрах ад Вільні знаходзіўся маёнтак Мерач-Міхноўскі, які належыў удаве Г.Д. Карэцкай і траім яе дочкам. Удава Ганна Дзмітрыеўна была жанчынай вельмі набожнай, разумнай, любіла набажэнствы, але ж не прытрымлівалася статута святой царквы, вяла свецкі вобраз жыцця. З ёй разам жылі тры дачкі: Марыя, замужняя, Варвара і Настасся незамужняя. У маёнтку была дамавая царква, пабудаваная сям'ёй Карэцкіх. Уладальніца маёнтка выпадкова даведалася, што ў Вільню прыехаў святар, які ўцёк з Расіі і вядзе падвіжніцкі вобраз жыцця, валодае дарам празарлівасці. Дзякуючы добраму знаёмству з архіепіскапам Елевферыем, Г.Д. Карэцкая дабілася, каб падвіжнік айцец Понцій быў прызначаны ў яе дамавую царкву. Уладыка пайшоў на сустрач. Праз некаторы час айцец Понцій даў згоду прыехаць у Мерач-Міхноўскі. Гэта адбылося 27 лютага 1921 года. Там ён пражыў апошнія 18 гадоў свайго жыцця. З ягоным прыездам ўсё ў сям'і Карэцкіх змянілася, іх душам і розуму адкрылася невядомае дагэтуль жыццё, якое захапіла іх. І без усякага шкадавання яны адвярнуліся ад свецкага жыцця: пачалі сціпла апранацца, кінулі выезды і ўсе свецкія звычкі, пачалі строга выконваць усе статусы святой царквы. Падоўгу Г.Д. Карэцкая разам з дочкамі слухала пропаведзі бацюшкі падчас забываючыся пра сон і ежу. Бацюшка служыў у дамавой царкве кожны дзень, чытаючы пропаведзі, якія яшчэ болей натхнялі слухачоў, хаця іх было вельмі мала, паколькі ў гэтых мясцінах жылі ў асноўным каталікі. Але бацюшка не звяртаў на гэта ўвагі і цалкам аддаваў сябе малітвам і пропаведзям.

Сёстры і браты былі вельмі незадаволены каталіцкай прыслугай і вырашылі прасіць бацюшку памаліцца, каб Бог паслаў ім праваслаўных людзей. Бацюшка даў згоду, але ж з адной умовай, каб гэтых людзей сёстры і браты прынялі не як прыслугу, а як сваіх родных па духу прымаюць у сваю сям'ю. Сёстры і браты з радасцю згадзіліся. Доўга не думала і ўладальніца маёнтка Карэцкая разам з сваімі дочкамі, адмовіўшыся ад тытула ўладальніцы маёнтка і звання гаспадыні, пачала жыць на ўзроўні з сёстрамі і братамі, дзяліць з імі радасць і смутак. Бацюшка памаліўся і Бог пачуў і стаў пасылаць жадаючых жыць дзеля Хрыста. Так быў пакладзены пачатак богаўгоднага жыцця прышлых сясцёр і братоў у маёнтку.

Айцец Понцій выводзіў душу чалавека з самых заблытаных станаў, з жудасных грахоў, удыхаў жыццё і веру ў чалавека, абнаўляў разбітага душой і целам. І сіла Бога тварыла цуды праз дзіўнага пастыра. Сёстры і браты, прыгавораныя ўрачамі да смерці, не паміралі пасля малітваў бацюшкі, упартыя рабіліся паслухмянымі. Жыццё бацюшкі ані разу не раздвойвалася - як вучыў так і сам жыў. Пачуўшы аб гэтым, людзі ішлі да яго безперапынна, колькасць сясцёр і братоў павялічвалася з кожным днём. Але бацюшка браў не ўсіх, а толькі тых, хто гатовы быў несці ўсё дзеля Хрыста. На здароўе людзей бацюшка не глядзеў, браў і хворых, і сляпых, і калек, каб толькі душа любоўю гарэла да Бога. Ён збіраў душы здольныя жыць Госпадам.

Толькі сярод сясцёр і братоў праваслаўнай абшчыны маёнтка Мерач-Міхноўскага на 62-м годдзе свайго жыцця аказалася мая бабуля, бавячы сваю старасць у малітве да Бога. Не засталася адзін на адзін са сваім лёсам, яе прытулілі і абагрэлі сёстры і браты з айцом Понціем.

Хто ж такі айцец Понцій, што даваў прытулак абяздоленым людзям, каб яны дажывалі свой век у Хрысце? Нарадзіўся ён сямімесячным ў Ашмянах у сям'і надворнага саветніка. Немаўлятка быў настолькі слабы, што урачы сказалі: жыць яму засталося некалькі гадзін. Таму бацькі і паспяшылі яго ахрысціць, даўшы яму імя Понцій, які выпадаў на гэты дзень па святцам. У 16-ці гадовым узросце Понцій даў абяцанне служыць Богу. Закончыў Віленскую гімназію, працаваў настаўнікам, затым стаў псаломшчыкам, пасля чаго быў прызначаны святаром у Вілейку. У 1916 годзе стаў флагманскім святаром міннай дывізіі флота Гельсінгфоргскай царквы мірскога шпіталя, удзельнічаў у некалькіх баях з немцамі. У ліпені 1919 года Понцію давялося пакінуць Пецярбург, так як яму пагражаў арышт і расстрэл. З вялікай цяжкасцю ён дабраўся да Дзвінска, а затым аказаўся ў Вільні, адкуль быў прызначаны настаяцелем Побуньскай царквы, а разам і дамавой царквы ў маёнтку, якая знаходзілася ў 10 км.

Памёрла мая бабуля на 88-м годзе свайго жыцця. Вельмі шкадую, што не завітаў да яе пры жыцці, а толькі пасля смерці, каб пакланіцца магільнаму ўзвышшу, пастаяць моўчкі, ускласці жывыя кветкі, запаліць свечку.

За гады існавання абшчыны не ўсё было гладка, былі гады смутку і адчаю. Але ж сёстры і браты разам са святаром дамавой царквы з малітвай да Бога перажылі ўсё гэта, застаўшыся адданымі жыццю ў Хрысце. Цяпер ў абшчыне больш за 50 сясцёр і братоў, галоўным чынам пенсійнага ўзросту. Людзі з розных куткоў і не толькі з Беларусі, але і іншых мясцін. Ёсць падсобная гаспадарка ў якой да 50 га зямлі, каля паўтара дзясятка кароў, некалькі свіней, коні, неабходная сельскагаспадарчая тэхніка, жыллёвыя і гаспадарчыя забудовы. Нядаўна абшчына ў выглядзе гуманітарнай дапамогі з Нямеччыны атрымала трактар. Усю гаспадарку ўмела вядуць браты і сёстры. Пенсіі, якія яны атрымоўваюць ад дзяржавы, па ўласнаму жаданню людзей выкарыстоўваюцца на ўтрыманне абшчыны. На асабістыя патрэбы кожны пакідае столькі колькі лічыць патрэбным.

Ужо працяглы час абшчынай кіруе айцец Леанід, які родам з-пад Маладзечна. Браты і сёстры вельмі ўважлівыя і ветлівыя ў зносінах з людзьмі. Ніхто з іх не пройдзе міма ні прывітаўшыся нават з незнаёмым чалавекам. Распытаюць адкуль і па якіх справах у іх, прапануюць з дарогі падсілкавацца і адпачыць, застацца на начлег. Што айцец Леанід, браты і сёстры вельмі душэўныя і чулыя да наведвальнікаў прыкладаў можна прывесці шмат, але спашлюся толькі на некаторыя. Папрасіў я сясцёр Вольгу Шыман і Ніну Пятрушыну, каб на магіле бабулі абсталявалі з цэменту кветнік. У хуткім часе атрымліваю ад іх ліст, што яны гэта зрабілі.

З айцом Леанідам і айцом Іванам я доўга гутарыў на розныя жыццёвыя тэмы. На развітанне яны мне ўручылі падарунак з набора больш дзясятка кніжак, а на дарогу далі хлеб сваёй выпечкі.

Уражанні ад наведвання праваслаўнай абшчыны ў Мерач-Міхноўскім у мяне засталіся вельмі прыемныя і добрыя. І ўсё гэта ад вялікай чуласці і душэўнасці сясцёр і братоў. Яшчэ і яшчэ цепліцца жаданне сустрэцца з імі. Дзякуй вам айцец Леанід , айцец Іван, браты і сёсты за ўсё тое добрае і прыемнае, што вы робіце для людзей.

Па дарозе дамоў я думаў, як добра было б, каб людзі ў нашай краіне хоць трошачкі былі падобныя да братоў і сясцёр у абшчыне Мерач-Міхноўскай. Было б сапраўднае жыццё ў Хрысце, без зайдросці і злачыннасці. Але ці такое магчыма?..

Ілья БАРЫСАЎ

Назад