Забараніць і зачыніць - гэта мы ўмеем
Фонд Фрыдрыха Эберта (нямецкая арганізацыя, якая працуе ў адукацыйна-асветніцкім накірунку на Беларусі) запланаваў правесці 27 снежня ў Слоніме рэгіянальны семінар. Тэма яго - "Дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі ў сучасных умовах".
Былі запрошаны журналісты дзяржаўных і незалежных газет, а таксама прадстаўнікі мясцовага гарвыканкама, якія курыруюць друк. Прыняць удзел пагадзіліся і мінчане: прафесар права Міхаіл Пастухоў, эксперты прававой абароны СМІ Юры Тапарашаў, Уладзімір Нісцюк і іншыя юрысты. Мэта семінару - абмеркаваць за сяброўскім сталом сённяшняе становішча мясцовага друку. Загадзя было замоўлена і месца яго правядзення - слонімскае кафэ "Жем- чужина", якое месціцца ў РДК. Арганізатары заплацілі грошы за абед і вячэру.
Здавалася, усё будзе па-людску. Аднак ужо раніцай, у панядзелак, у рэдакцыю "Газеты Слонімскай" пазваніла адміністратар кафэ і паведаміла, што праводзіць семінар забараніў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Тарсуноў. З якой нагоды? - пацікавіліся ў яго па тэлефоне. "Вы праводзіце несанкцыянаванае ўладамі мерапрыемства", - сказаў Аляксандр Міхайлавіч. І сапраўды, як толькі мінчане ступілі на парог РДК, на іх шляху паўстала суровая постаць таварыша Тарсунова. Намеснік старшыні літаральна адпіхваў людзей ад дома культуры, з крыкамі: "Я тут гаспадар! Не дазволю! Ідзіце туды, адкуль прыйшлі!"… Госці толькі развялі рукамі.
Семінар усё ж прайшоў, у іншым месцы. Але як сорамна за такіх начальнікаў. Вось каб таварыш Тарсуноў так актыўна, як "абараняў" РДК, працаваў у рамках сваіх абавязкаў: рабіў усё, каб у кожнай вёсцы працавалі лазні, у крамах было ўдосталь розных тавараў, у раён штодзённа хадзілі аўтобусы, ФАПы мелі лекі. Але ўсяго гэтага няма. Затое, каб забараніць, зачыніць - у гэтым плане чыноўніку няма роўных.
"ГС"
|