"… Усё гэта сталася, каб збылося сказанне Госпадам праз прарока, які кажа: вось Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае з намі Бог"
(Евангелле паводле Матфея 1:22-23)
Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі, манахіні і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!
На працягу дзвюх тысяч гадоў у гэтыя святыя дні хрэсціянскі веруючы свет урачыста святкуе "час спрыяльны… дзень збаўлення" (2 Кар. 6:2), бо Гасподзь Усемагутны прыйшоў да людзей у плоці чалавечай, каб заклікаць іх да пакаяння (Мф. 9:13). У глыбокай пакоры здзейснілася тайна Богаўцялеснення: віфлеемскія пастухі знайшлі Святое Сямейства ва ўбогай пячоры, а Дзіцятка, разам з хатнімі жывёламі, - у каменных яслях. Але гэтая знешняя прастата суправаджалася лікаваннем усяго Духоўнага свету, і тыя простыя людзі, што пасвілі статкі ў наваколлях Віфлеема, першымі пакланіліся Богадзіцятку Хрысту пад гукі ангельскага гімна:
"Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля!" (Лк.2:14).
Узлюблёныя браты і сёстры! Вось ужо надышоў апошні год другога тысячагоддзя ад Ражджаства Хрыстова! Увесь хрысціянскі свет з асаблівай адказнасцю і благагавеннем узгадвае найвялікшыя падзеі тых святых дзён, бо кожны чалавек ва ўсе часы і ва ўсіх народах знаходзіць у Евангельскім апавяданні пра Нараджэнне Бажэственнага Дзіцяці штосьці асаблівае, важнае, значнае і асабіста для сябе. У асобе простых пастухоў і магутных валхвоў увесь род чалавечы атрымаў вобраз пакланення Хрысту Збавіцелю не залежна ад таго, якое месца ў свеце займае той ці іншы чалавек і якое званне ён носіць. Прыйшоўшы ў свет "дзеля нас людзей і дзеля нашага збаўлення", Гасподзь наш Іісус Хрыстос Сам стаў Пастырам усяго чалавецтва. Ён заснаваў Сваю Царкву, устанавіў у ёй сем святых Таінстваў і тым самым даў людзям адзіны шлях збаўлення, які застаецца адкрытым для кожнага чалавека да самага сканчэння веку.
Узлюбленыя браты і сёстры! Што ж мы з вамі прынеслі ў дар Хрысту Збавіцелю, Які благаславіў нас дасягнуць парога трэцяга тысячагоддзя з часу Яго з'яўлення ў свет? Цяжкі адказ на гэтае пытанне, бо Сам Гасподзь строга папярэджвае наконт усякай паспешлівасці:"Ідзіце, навучыцеся, што азначае: міласці хачу, а не ахвяры? Бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяння" (Мф.9:13). Вусны многіх хрысціян нашага часу ўжо стаміліся ад гучных выкрыванняў злобы бягучага дня і грахоў свету гэтага. Але ці заўсёды здольныя выкрывальнікі - да дзейснай і міласэрнай любові, якая адзіная ацаляе душэўныя раны і лечыць знямоглы дух чалавека? Бо не адным толькі ўспамінам Евангелля збаўляецца хрысціянін, а выкананнем Евангельскіх запаведзяў на ўсякім месцы свайго жыццёвага служэння.
Сёння мы шчыра радуемся таму, што за апошняе дзесяцігоддзе адыходзячага ХХ стагоддзя ў лоне Беларускай Праваслаўнай Царквы аднавілася служэнне міласэрнасці - гэта дзейснае хрысціянства. Так, сорак пяць брацтваў і сястрыцтваў здзяйсняюць свой подзвіг любові да бліжняга ў гарадах і вёсках, у бальніцах і турмах, у дамах адзінокіх старых людзей і сярод маладых абяздоленых суайчыннікаў.
З любоўю ў Госпадзе вітаю ў гэты юбілейны год і віншую з Ражджаством Хрыстовым усіх суайчыннікаў нашых, што жывуць у рассеянні: увесь адзінаверны праваслаўны свет і ўсіх, хто ва ўсякім народзе носіць імя Хрыстова і імкнецца выконваць Евангельскія запаведзі. Па словах Самога Госпада Іісуса, Яму належала нарадзіцца, здзейсніць Сваё служэнне, быць распятым, пахаваным і ўваскрэснуць на трэці дзень, каб паслужыць "пакаянню і адпушчэнню грахоў ва ўсіх народах, пачынаючы з Іерусаліма" (Лк.24:47).
І таму, дарагія браты і сёстры, памнажэнне гарачай любові да Бога і да чалавека застаецца галоўнай гістарычнай задачаю хрысціян, бо свет гэты нават у святую ноч замярзае ў сваёй адчужанасці ад Сонца Праўды. Сагрэць і збавіць, паводле слова святога апостала Паўла, "хаця б некаторых" (1 Кар.9:22), могуць толькі нашы свяцільнікі веры, напоўненыя алеем добрых спраў, бо яны адзіныя маюць вечную каштоўнасць пасярод мітусні свету гэтага.
Віншую ўсіх з Ражджаством Хрыстовым і жадаю вам, узлюбленыя браты і сёстры, каб сэрцы вашыя палымнелі вераю і любоўю, асвятляючы шлях Збавіцелю, бо Ён адразу прыйдзе ў адказ на малітоўны заклік веруючых у Яго:"Так, прыдзі, Госпадзі Іісусе!" (Адкр.22:20). Амінь.
ФІЛАРЭТ, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.