Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Апошнi падарунак расiйскаму народу

Напярэдадні 2000 года расійскі прэзідэнт Барыс Ельцын шакіраваў сваёй адстаўкай сусветную супольнасць.

Каментарыі не заставілі сябе доўга чакаць. Усе мы назіралі за тым, як заходнія і расійскія палітыкі выказваліся на гэты конт. Меркаванні можна было пачуць самыя розныя: пачынаючы з таго, што гэта быў мужны геніальны ўчынак, і сканчаючы тым, што такое адбылося толькі дзякуючы намаганням расійскіх камуністаў. Беларускае тэлебачанне працытавала нават інтэрв'ю Міхаіла Гарбачова італьянскай газеце, у якім былы прэзідэнт СССР без сумневу зазначае, што адстаўка Ельцына была прынята пад ціскам так званай "сям'і", Беразоўскага і кіраўніка Адміністрацыі Валошына. Адным словам - поўны спектр.

Не аказаліся ў баку і беларускія палітыкі. Бадай, найбольш эмацыйна на гэты конт выказаўся Аляксандр Лукашэнка: "не могу сердцем воспринять эту политическую для меня потерю", запэўніўшы пры гэтым выконваючага абавязкі прэзідэнта Расіі Пуціна, што Беларусь і надалей застанецца яе надзейным партнёрам. Дарэчы, цікава, што пасля размовы кіраўнікоў двух дзяржаў было заяўлена, што ў палітыцы інтэграцыйных працэсаў паміж Беларуссю і Расіяй зменаў не адбудзецца. У гэтым сэнсе, як бы само сабой паўстае пытанне наконт таго, што мелі на ўвазе абодва палітыкі: будуць і далей працягвацца палітычныя гульні, ці ўсё ж Саюз на самой справе адбудзецца? На гэта напэўна адкажа час. А вось што датычыць "потери", то апаненты разважаюць па-рознаму. Напрыклад, старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч зазначыў, што "калі Ельцын не звяртаў увагі на неэтычныя выпады ў свой адрас з боку беларускіх уладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, то Пуцін гэтага не пацерпіць". Сапраўды, цяпер некаму давядзецца перш падумаць, чым проста распускаць язык. Тым больш, што па ўзросту У.Пуцін не пенсійнага веку і мае цяпер самы высокі рэйтынг сярод расійскіх палітыкаў. Некаторыя аглядальнікі адзначаюць, што да Беларусі будуць выстаўляцца больш жорсткія патрабаванні і давядзецца абараняцца. Кіраўніцтва БНФ наогул лічыць, што Ельцын падаў добры прыклад Лукашэнку і ён, на іх думку, павінен зрабіць тое самае. Але ўсё гэта пакуль пражэкты.

Зараз жа напрошваюцца іншыя пытанні. Напрыклад, што прынясе адстаўка Ельцына расійскаму народу, і, зразумела, беларусаў цікавіць тое, як яна адаб'ецца на незалежнасці нашай краіны і яе далейшым лёсе?

Нецяжка было заўважыць, як прадстаўнікі правых сілаў у Расіі не хавалі задавальнення ад мудрага рашэння свайго кіраўніка, разумеючы, што на выбары новага прэзідэнта, якія павінны адбыцца на працягу трох месяцаў, найбольш падрыхтаваны іх кандыдат - Уладзімір Пуцін. У гэтым сэнсе ход Ельцына сапраўды геніальны. На даным этапе такія перамены найбольш задавальняюць і Захад, які яўна з насцярогай ставіцца пакуль да таго, што адбываецца ў Расіі. Нягледзячы на заявы шмат якіх расійскіх палітыкаў пасля парламенцкіх выбараў аб тым, што зварот да камунізма немагчымы, гучала не вельмі пераканаўча. Цяпер жа з'явілася хоць нейкая надзея на тое, што Расія па-сапраўднаму ўтрымаецца на дэмакратычным шляху. А гэта ў сваю чаргу азначае, што нашаму "інтэгратару" давядзецца таксама шмат у чым мяняць свой накірунак, праўда, пакуль падобнага водару не чуваць нават у паветры. Зразумела толькі адно - на выбары прэзідэнта Расіі А.Лукашэнка спазніўся, і, напэўна, назаўсёды. Аднак, зразумела, і іншае: проста так уладу аддаваць ён нікому не збіраецца. Так што меў рацыю А.Лукашэнка ў сваім навагоднім віншаванні да народа Беларусі, калі казаў: "международный престиж Отечества, достаток Беларуси, может быть достигнут одним путем - осознанием себя нацией, решением всех собственных проблем собственными же силами".

М.КАРНЕВІЧ

Назад