На шляху рэформаў
Некалі амаль што шаснаццатая рэспубліка СССР, Народная Рэспубліка Балгарыя (насельніцтва 9 мільёнаў чалавек, 40% экспарту, у асноўным прадукцыя машынабудавання, накіроўвалася ў СССР) з крахам сацлагеру сутыкнулася з праблемамі, якія шмат у чым нагадвалі беларускія. Тым не менш, у адрозненні ад Беларусі, за апошнія некалькі гадоў адбыліся кардынальныя змены ў эканоміцы Балгарыі: ажывіўся прыток заходніх інвестыцыяў, праведзена раздзяржаўліванне харчовай, лёгкай і іншых галінаў прамысловасці, сферы паслугаў.
Актыўна праводзіцца працэс прыватызацыі буйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў, такіх як "Нафтахім", Балгарская тэлекамунікацыйная кампанія, ды "Булгартабак-холдынг" (35 працэнтаў акцый перадаецца інвестару і яшчэ 16 выстаўляецца на фондавую біржу). Сярод удзельнікаў "тытунёвага конкурсу" былі заяўленыя французская "Seita", нямецкая "Reemstma", іспанская "Tabacallera", ды кампанія "R.J.Reunolds" (ЗША). Сусветным банкам у Балгарыі ажыццяўляюцца праекты на суму больш паўмільярда даляраў у наступных накірунках: рэструктурызацыя фінансавай сферы краіны (100 млн.USD), рэфармаванне сельскай гаспадаркі (75 млн.USD), экалагічныя праекты (50 млн. USD), цеплафікацыя некаторых населеных пунктаў (60 млн. USD), мадэрнізацыя чыгункі Балгарыі і паляпшэнне транспартных шляхоў паміж сямю краінамі Балканскага рэгіёну.
"Рэформы ў Балгарыі з'яўляюцца выдатным прыкладам", - заявіў федэральны канцлер ФРГ Герхард Шродэр падчас візіту ў Сафію ў верасні 1999 года. Аднак ён адзначыў, што далейшае развіццё стасункаў з Захадам (Германія зараз з'яўляецца галоўным гандлёвым партнёрам Балгарыі) немагчыма без барацьбы з бюракратызмам і паляпшэннем умоваў для замежных інвестараў. Г.Шродэр паабяцаў падтрымку Балгарыі на перамовах аб уступленні яе ў Еўрапейскі Саюз.
Падчас урачыстасцяў "10 год дэмакратыі" у лістападзе 1999 года ў сваім выступленні перад дзесяткамі тысячаў гледачоў на плошчы А.Неўскага ў Сафіі прэзідэнт ЗША Біл Клінтан ухваліў "Вернасць выбранага Балгарыяй шляху" (сярод прысутных на плошчы знаходзіўся і аўтар гэтых радкоў).
Зазначым між іншым, што ў верасні 1999 г. паміж Балгарыяй і ЗША (апошнія вельмі зацікаўлены ў стратэгічным месцазнаходжанні Балгарыі), была падпісана дамова аб узаемным прадастаўленні вайсковых марскіх, паветраных і сухапутных баз тэрмінам дзеяння на 10 гадоў.
Аўтарынак Балгарыі
Перыёдыка краіны ў апошнія гады стракаціць рэкламай аўтавытворцаў усяго свету. Асабліва шмат прапануецца карэйскіх аўтамабіляў (DAEWOO, KIA, HUINDAI). Наўпрост продаж ажыццяўляецца цераз шматлікія фірмовыя аўтасалоны па ўсёй краіне. У прыватнасці, кошты ў іх на прадукцыю групы Фольксваген вагаюцца ад 13250 DEM да 21000 DEM (SEAT IBIZA, розныя мадыфікацыі), DEM 22500 - 23500 (SEAT TOLERO). DEM 27750 каштуе CITROEN XSARA 2,0, RENAULT SCENIC - DEM 28000, MITSUBISHI SPACE STAR - DEM 30760.
Нягледзячы на некаторыя поспехі ў рэформах, такія кошты ў Балгарыі для большасці насельніцтва лічацца занадта высокімі. У сувязі з гэтым у мінулым годзе назіралася паніжэнне аб'ёмаў продажу новых аўтамабіляў на 5.8%. Так, за дзесяць месяцаў 1999 г. імпарцёры прадалі ў краіне толькі 9466 новых аўтамабіляў, што ў 53 разы меней, чым у Польшчы, дзе зараз не менш 43% насельніцтва маюць уласныя аўтамабілі. На сучасным этапе балгары аддаюць перавагу DAEWOO, і, наогул, кожны чацвёрты ўласнік новага аўтамабіля набыў менавіта карэйскую марку. І толькі наступнымі ў рэйтынгу продажу новых аўтамабіляў стаяць такія вядомыя фірмы, як PEUGEOT, FORD, SKODA. Цікава, што толькі два працэнты належыць расійскай LADA.
Сярэдняя балгарская сям'я цяпер можа выдаць на пакупку аўтамабіля не больш пяці тысяч нямецкіх марак. Адпаведна, продаж аўтамабіляў, якія былі ў карыстанні вырас да 60000 штук. Імпарт аўта secondhand у асноўным праводзіцца з Аўстрыі, Германіі, Венгрыі і Румыніі. На іх кошты значна ўплывае рынак Чарнагорыі - самы танны ў Еўропе. Балгарскія фірмы, якія імпартуюць аўтамабілі, у прыватнасці з Аўстрыі, прапануюць у асноўным танныя мадэлі OPEL, MITSUBISHI, MAZDA, FIAT, FORD, VOLKSWAGEN 1985-1991 г.г. выпуску коштам 850 - 3000 USD.
Больш паловы рынку ўжываных аўтамабіляў кантралююцца нямецкімі (29%) і амерыканскімі (27.3%) аўтавытворцамі. Далей у рэйтынгу французскія фірмы (15.1%), японскія (8,4%), італьянскія (6.9%), аўтамабілі з СНД (6%) і карэі (1%). Дзеля параўнання: продаж нямецкіх аўтамабіляў складае ў Гродне 45%, амерыканскіх 24%, японскіх 13%, французскіх 5%, італьянскіх толькі 1.5%.
Па дадзеных цэнтральнай балгарскай газеты "Авто Пазар" у сярэдзіне снежня прапанова ўжываных аўтамабіляў складала штодзень каля 3200 а\м, што яўна сведчыць аб зацішшы на аўтамабільным рынку. Сярэднія кошты 11 гадовых і больш старэйшых аўтамабіляў складалі: Audi 80 - 2,18 тыс. USD, у Гродне - 2,3 тыс. USD. Audi 100 -1560 USD, у нас 2100 USD. Mersedes 190 - 3100 USD, Mersedes 200D - 3000 USD, адпаведна ў Гродне - 3800 USD. Opel kadett - 1400 USD, у Гродне - 1800 USD. Працягваючы гэты спіс, можна зрабіць вывад, што ўжываныя аўтамабілі каштуюць у Балгарыі танней. Гэта таксама сведчыць і аб тым, што балгары спяшаюцца вызваліцца ад еўрапейскага металалому. На Беларусі на зыходзе другога тысячагоддзя маюць месца ледзьве не адваротныя працэсы.
Глеб КАНУННІКАЎ