гісторыя
Нацыя ліцвінаў у этнагенезе беларусаў
Амаль з канца XIX ст. у айчыннай навуковай літаратуры і грамадскім ужытку пачынае шырока выкарыстоўвацца паняцце "беларуская нацыя". Само яно вельмі варыятыўнае - пад ім разумеецца то асобны этнас, што знаходзіцца на пэўным этапе гістарычна-сацыяльнага развіцця, то агульная сукупнасць людзей (часта рознага этнічнага паходжання), якія пражываюць на тэрыторыі адной дзяржавы і з'яўляюцца яе падданымі. Абодва такія падыходы і разуменні нацыі вядомыя ў Еўропе яшчэ з старажытнасці, аднак ніколі не звязваліся з назвай "беларусы" - народам, які сталі называць нацыяй (спа-чатку "сялянскай", потым "савецкай", "сацыялістычнай") толькі з канца XIX -першай паловы XX ст.
Між тым нават беглы аналіз шмат якіх гістарычных матэрыялаў сведчыць, што беларускі этнас складаў нацыянальную супольнасць і раней, калі на яго пачало распаўсюджвацца паняцце "nаtіо Lithuanus". Гэтая нацыя (у дадзеным выпадку - дзяржаўна-палітычная супольнасць) пачала актыўна складацца з другой паловы XVI ст. і праіснавала амаль што да пачатку XIX ст., пасля чаго трансфармавалася ў шэраг зусім іншых этнасацыяльных утварэнняў. Навуковая цікавасць вывучэння гэтай старажытнай нацыянальнай супольнасці грун-туецца на паступовым пашырэнні ўжывання ў гістарычных дакументах (пераважна польскіх, нямецкіх, лацінамоўных) паняцця "паііо Lithuanus" у дачыненні да ўсяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) пасля Люблінскай уніі 1569 г., дэмаграфічную большасць якога складала славянскае, менавіта беларускае насельніцтва. Так, адной з мэтаў Люблінскай уніі, згодна з дакументамі, бьшо спалучэнне дзвюх дзяржаў (Каралеўства Польскага і ВКЛ) у адзіную дзяржаву і адпаведна дзвюх нацый-народаў ("natio Polonus" і "nаііо Lithuanus") - у адзіную нацыю Рэчы Паспалітай.
Пра якую ж з нацый-народаў зямель Вялікага Княства ішла тады гаворка? Вядома, што насельніцтва гэтай дзяржавы доўгі час падзялялася на "русінаў" (альбо "русь", "русічаў", "руськіх") і "ліцвінаў", а таксама "жамойць" ці "жмудзь". Першыя з гэтых назваў мелі не столькі этнічны, колькі канфесійны змест. Яшчэ Я.Длугаш падкрэсліваў, што "русінамі" называлі і літоўцаў, якія прынялі праваслаўе, а таксама іншых людзей, "што суть веры руское". Словы "рускій", "русін" перш за ўсё вызначала веравызнанне, але не толькі. Доўгі час існавалі ўстойлівыя паняцці "землі Літвы" і "землі Русі". Пра гэта сведчыць дакумент XV ст., у якім вялікі князь літоўскі жадае "землі Літоўскія і Рускія прывесці ў парадак і справы іх давесці да найлепшага стану [...] каб паміж народамі гэтых зямель не было ніякага разладу ці непатрэбнага ўрону [...] каб яны карысталіся роўнымі міласцямі і тым больш горача і настойліва імкнуліся заўсёды да адзінства душ і дапамагалі захаванню найшчаслівейшага стану гэтых зямель". Аднак у дакументах XVI ст. пры рэтраспектыўным апісанні мінулых падзей адбылося цікавае перапляценне гэтых назваў, калі адны і тыя ж землі называліся то Літвой, то Руссю. Напрыклад, пра Браслаўшчыну: "... хотячи отчизну свою размножити, и собравши силы свои литовс-кие н жомойдские и пойдут на Русь к Браславлю и ко Полоцку..." Пазней жа пісалі ўжо інакш: "Пановал на всей земле Литовской Завельской по границу Латыгольскую и по Завельски Браславль аж по реку Двину". Тое ж пра іншыя тэрыторыі, напрыклад: "У Литве держал Новогородок князь Фёдор" ці "Скирмонтом князем литовским и руским [...] достовал собе Новогородка, Берестя, Хмелника, Дрогичина, Гродна и иншых замков отчистых руских". У некаторых летапісах ёсць звесткі пра "Русь" на заходніх беларускіх землях і нават на Віленшчыне. Напрыклад: "...князство Новогородское и Подляское, также и все краины руские от Вилны аж до Жродел Неменовых, где ся за Копылем в пяти милях Немен, где починается...". Аналагічны прыклад прыводзіць П.Урбан паводле працы С.Борнбаха (XVI ст.), дзе землі Вільны, Коўна, Трокаў вызначаюцца, як "Русь".
На цікавы працэс атаясамлівання паняцця "Русь" і "Літва" яшчэ ў XIX ст. звярнуў увагу І.Бяляеў, які лічыў яго сведчаннем "абрусення" балцкай Літвы. Некаторыя даследчыкі нашага часу (М.Ермаловіч, П.Урбан і інш.) таксама адзначаюць, што ў старажытнасці актыўна адбывалася асіміляцыя (славянізацыя, беларусізацыя) Літвы пры стабільным захаванні самой назвы. Мала таго, паняцце "Літва" ў якасці скарочанай назвы дзяржавы з XVI ст. пашыраецца на "рускія воласці", да якіх пасля 1569 г. у ВКЛ адносіліся ўсходнія, паўднёвыя і цэнтральныя землі Беларусі.
Трэба падкрэсліць, што і да Люблінскай уніі, і пасля яе землі "ўкраінскай Русі" Літвой ніколі не называліся. Вельмі рэдка ўжывалася гэтая назва і ў дачыненні да Жамойці-Жмудзі, якая канчаткова ўвайшла ў склад ВКЛ толькі ў XV ст. Такім чынам, ядром дзяржаўна-нацыянальнай тэрыторыі ВКЛ пачынаючы з другой паловы XVI ст. выступалі перш за ўсё землі Літвы і Беларусі, стабільна аб'ядноўваючыся адзіным паняццем "Літва", што было яскравым сведчаннем складання адзінай дзяржаўнай назвы для шэрагу тэрыторый з насельніцтвам рознага этнічнага паходжання, але з перавагай славянскага, "рускага" (г.зн. беларускага) элемента.
Другім сведчаннем складвання нацыянальных (у заходнееўрапейскім сэнсе гэтага слова, г.зн. дзяржаўна-палітычных, сацыяльна-палітычных) адносін з'яўляецца ўзнікненне і пашырэнне адзінай назвы для ўсяго народа дзяржавы. Так, калі яшчэ ў ХІІІ-ХІV стст. этнонім "ліцвіны" ("літоўцы", "літва") ужываўся пераважна ў адным шэрагу з этнонімамі "прусы", "борці", "яцвягі", "жамойты", якія належалі балцкім народам, то ўжо з ХV-ХVІ стст. пачынаецца блытаніна, калі ўзнікаюць складаныя этнанімічныя формаўтварэнні тыпу "ліцвін рускаго роду", "ліцвіны рускія па паходжанні", "з поколеня руского", "родом он літвін белорусец". Назва "ліцвіны" ў другой палове ХVІ-ХVII ст. паступова ахоплівае амаль што ўсё насельніцтва Літвы і Беларусі. Захоўваецца яна ў шэрагу рэгіёнаў Палесся і Заходняй Беларусі і цяпер, але ўжо ў іншым семантычным гучанні. Пісцовыя кнігі Маскоўскага Разраднага прыказа XVII ст. літаральна насычаны запісамі "сказаўся ліцвінам беларусцам" ці проста "ліцвінам", "з Літвы" - у дачыненні да жыхароў усёй Беларусі. Безумоўна, гэтая назва для ўсходнеславянскага насельніцтва ВКЛ была ў той час перш за ўсё палітонімам, г.зн. вызначэннем дзяржаўнага падданства, т.зв. нацыянальнасці, нацыянальнай (але не этнічнай) належнасці. Пра гэта сведчыць і тое, што як ліцвіны вызначалі сябе прадстаўнікі іншых этнасаў з зямель Літвы і Беларусі, напрыклад яўрэі ("літвакі"), палякі ("gents Роlonus, natio Lithuanus" - "родам паляк, па нацыянальнасці ліцвін"), латышы ("родом он літвін латыш Оршанскага повета") і г.д. Аднак паказальна тое, што дадзеная назва адносілася амаль выключна да насельніцтва зямель Літвы і Беларусі. За невялікім выключэннем (Чарнігаўшчына, Жытоміршчына і Валынь) жыхары Украіны ліцвінамі ніколі не называліся, вельмі рэдка лічылі сябе ліцвінамі жэмайты.
Назва "ліцвіны" была распаўсюджана сярод прадстаўнікоў усіх саслоўяў тагачаснага грамадства Беларусі і Літвы - сялян, гараджан, шляхты. Аднак найбольш выразна ліцвінская самасвядомасць выяўлялася ў шляхты, якая толькі сябе атаясамляла з паняццем народ-нацыя. Некаторае выключэнне складала частка ўласна літоўскай (балцкай) шляхты, якая выводзіла сваё паходжанне не ад сарматаў ці варагаў-нарманаў, як польская, украінская, беларуская, руская, а ад легендарных перасяленцаў з Рыма на чале з Палямонам. Доўгі час шляхта была галоўнай часткай таго грамадства ВКЛ, якое добра ўсведамляла сваё выключнае дзяржаўна-нацыянальнае становішча. У XVIII ст. значная яе частка паланізавалася, але працэс гэты ўсё ж суправаджаўся праявамі яскравага "ліцвінскага" патрыятызму. Так, калі раней прадстаўнікі шляхты ВКЛ падкрэслівалі, што яны ліцвіны ці літоўскія русіны і пануюць на ўласных землях, а палякі - у Польшчы, то ўжо ў XVIII ст. многія з іх лічылі сябе адначасова і палякамі, і ліцвінамі. Адпаведным чынам пачала праяўляцца і ідэнтыфікацыя шляхты - ад мясцовага, "краёвага" (лідскага, слуцкага, пінскага і інш.) да больш шырокага "ліцвінскага" (у Вялікім Княстве Літоўскім), а потым і агульнадзяржаўнага (у межах Рэчы Паспалітай), "польскага" патрыятызму. Аднак ад уласна палякаў яны часта імкнуліся адмежавацца, вызначаючы апошніх як "караняжаў" (г.зн. падданых Кароны - Польскага каралеўства).
Можна знайсці ў дакументах цікавыя прыклады, калі паляк па паходжанні і па месцы нараджэння Л.Галамбёўскі пачаў лічыць сябе ліцвінам ("...я літвін, да касцей літвін, а да таго ж пінчук"), а польскі пісьменнік, родам з Валыні, Г.Жавускі, які доўга жыў на Міншчыне, пазней пісаў: "Маё разумовае жыццё збудзілася ў Літве, і калі б хто не лічыў мяне літвінам, той мяне пакрыўдзіў бы"'.
Адначасова і палякамі, і ліцвінамі лічылі сябе прадстаўнікі амаль што ўсіх буйных магнацкіх і шляхецкіх сем'яў Беларусі і Літвы XVIII ст. Іх агульнадзяржаўны (польскі) і ліцвінскі патрыятызм шмат разоў выяўляўся ў складаны перыяд гісторыі Рэчы Паспалітай - у апошнія дзесяцігоддзі яе існавання. Тут можна прыгадаць імёны Т.Рэйтана, Ю.Копаця, І.Жылінскага, М.Агінскага, І.Патоцкага, Т.Касцюшкі, Я.Ясінскага, Ф.Тышкевіча і інш., якія розным чынам змагаліся за "непадлегласць" як сваёй малой радзімы, так і ўсёй краіны, дзяржавы ўвогуле. Асабліва яскравым прыкладам можа служыць ураджэнец Беларусі Т.Касцюшка, які па сваіх поглядах, дзеяннях і свядомасці быў і палякам, і ліцвінам з старажытнага рускага роду, які змагаўся і за свой родны кут, і за Літву, і за Польшчу.
Спроба ўзнавіць уласную нацыянальную дзяржаўнасць была зроблена пад уплывам напалеонаўскай дыпламатыі ў 1812 г. Аднак гісторыя распарадзілася інакш. У выніку ў пачатку XIX ст. ліцвіны Беларусі і Літвы вымушаны былі змяніць сваю гістарычную форму самавызначэння. Назва "ліцвіны", згубіўшы свой дзяржаўна-палітычны (нацыянальны) змест, захавалася як гістарычна-этнаграфічнае самавызначэнне.
Такім чынам, у пачатку XIX ст. зніклі гістарычныя, былі знішчаны палітычна-сацыяльныя ўмовы і формы існавання беларуска-літоўскай (ці літоўска-беларускай) дзяржаўна-нацыянальнай супольнасці. "Nаtіо Lithuanus", пераважна шляхецкая "нацыя ліцвінаў", якая так ці інакш уцягнула ў ХVІ-ХVІІІ стст. у працэсы свайго фармавання і існавання ўсе саслоўі тагачасных грамадстваў Беларусі і Літвы, растварылася ў стракатай поліэтнічнай масе насельніцтва паўночна-заходніх губерняў Расійскай імперыі. Але народы, на глебе якіх яна існавала і прадстаўнікі якіх яе складалі, працягвалі сваё этнагістарычнае жыццё ў выглядзе шэрагу раз'яднаных і дэцэнтралізаваных (у нацыянальна-дзяржаўным сэнсе) субэтнічных і этнічных супольнасцей. Кансалідацыя іх у новыя нацыі адбывалася ў наступныя гістарычныя эпохі - ужо ў іншых палітычных, сацыяльных і этнічных межах.
Ігар ЧАКВІН
|