У 1910 годзе А.Касценчык заканчвае Віленскае ваеннае вучылішча па першаму разраду партупей-юнкерам і едзе да месца службы ў Палтаву, дзе знаходзіўся 33-ці пяхотны Ялецкі полк. Ён падае рапарт на імя камандзіра палка і ў пачатку 1914 года камандзіруецца на вучобу ў Гатчынскую авіяцыйную школу.
Пасля заканчэння школы яму, як таленавітаму лётчыку, аднаму з першых даверылі кіраваць такім самалётам-гігантам, якім лічыўся ў той час "Ілья Мурамец". Гэты паветраны карабель вырабляўся ў 1913-1919 гадах на Руска-Балтыйскім ваенным заводзе. Па сваіх тактыка-тэхнічных даных ён пераўзыходзіў усе тагачасныя зарубежныя самалёты. "Ілья Мурамаец" меў чатыры маторы, мог падымацца на вышыню больш 2 000 метраў, развіваць хуткасць да 130 кіламетраў у гадзіну і несці на борце да 700 кілаграмаў бомбавага грузу. Напярэдадні Кастрычніцкага перавароту ў рускай арміі было толькі 22 такія самалёты.
У канцы 1915 года паручыка Авеніра Касценчыка накіроўваюць на германскі фронт. Ён ваяваў на адным з участкаў Рыжска-Дзвінскага фронта, дзе вяліся жорсткія баі.
Красавіцкай раніцай 1916 года Касценчык атрымаў баявое заданне: выляцець у тыл ворага і бамбардзіраваць важны чыгуначны вузел. "Ілья Мурамец" падняўся з аэрадрома Зегельвальд (пад Рыгай), набраў вышыню і знікнуў у ваблаках… У адным з нумароў газеты "Русское слово" распавядаецца пра гэты апошні баявы вылет Авеніра Касценчыка. Нататка называлася "Подзвіг "Мурамца"". Аўтар М. Вярхоўскі піша: "Дзеючая армія. 13.IV. Днямі адзін з нашых караблёў, захапіўшы з сабой 20 пудовых бомбаў, накіраваўся на бамбардзіроўку адной са стратэгічна важных чыгуначных станцый варожага тылу. Камандзірам быў К." (Гэта значыць Касценчык, пацвярджэнне таму мы знаходзім у часопісе "Огонек" №24 за 1916 год, дзе апавядаецца пра яго подзвіг і змяшчаецца партрэт).
Налёты "Мурамца" на гэтую станцыю рабіліся і напярэдадні. Немцы паспелі сканцэнтраваць тут вялікую колькасць сваіх зенітак. Тым не меньш, нягледзячы на ўраганны абстрэл, Касценчык смела знізіўся, каб мець дакладны прыцэл, і, зрабіўшы круг над станцыяй, скінуў 13 бомбаў. Пападанні іх, як потым паказалі фотаздымкі, былі выдатнымі.
Пры замыканні першага круга адзін з варожых снарадаў узарваўся пад самым корпусам самалёта. Цяжка паранены і кантужаны Касценчык знайшоў сілы, каб зрабіць над станцыяй яшчэ адзін круг і скінуць астатнія сем бомбаў. І ўсё ж такі варожы снарад пашкодзіў тры маторы бамбардзіроўшчыка. Камандзір губляў сілы. Ён пачаў траціць прытомнасць. Самалёт рэзка зніжаўся і хіліўся на адно крыло. На дапамогу камандзіру спяшаўся яго памочнік. Ён і давёў самалёт да свайго аэрадрома. У бамбардзіроўшчыка налічылі 64 прабоіны. Касценчыка тэрмінова даставілі ў шпіталь. Пасля выздараўлення ён не мог больш служыць ў авіяцыі і быў спісаны са службы. Пасяліўся Авенір Маркавіч у невялікім наднёманскім гарадку Стаўбцы, дзе жыў яго брат. Здароўе камандзіра "Ільі Мурамца" пагаршалася з кожным годам. Зломлены хваробай, А. Касценчык памёр у 46 гадоў.
Ёсць у Стаўбцах помнік. На ім надпіс: "Авенір Маркавіч Касценчык, кавалер ордэна Святога Георгія, камандзір паветраннага карабля "Ілья Мурамец", памёр 29.ХІІ.1935 года". У тыя часы не ўсе ведалі, што ў Стаўбцах памёр у галечы адзін з першых лётчыкаў, выхадцаў з Беларусі. Цяпер помнік на магіле Авеніра Маркавіча знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Юрый ШАСТАК