Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Сто год Гродзенскай епархіі

Дзесятага студзеня Гродзенская праваслаўная епархія ўрачыста адзначыла сваё 100-годдзе з дня ўтварэння. Урачысты сход з гэтае нагоды адбыўся ў абласным драматычным тэатры. Напярэдадні ў Свята-Пакроўскім саборы адбылося ўрачыстае набажэнства, якое праводзіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Экзарх усяе Беларусі Філарэт. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама перадаў епархіі ў падарунак 2 мільярды рублёў.

На юбілейным сходзе ў абласным тэатры, акрамя духавенства і прыхажан, прысутнічаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама А.Дубко, кіраўнік Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў РБ А.Білык. Урачыстасці з зачытвання віншавальнага пісьма ад патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Алексія ІІ зачытаў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. У пасланні гучалі цёплыя словы віншавання для вернікаў і духавенства, нагадвалася гісторыя ўтварэння епархіі, а таксама выказвалася ўпэўненасць у тым, што праваслаўе на Гродзеншчыне адраджаецца. Асобна Алексій ІІ у сваім пасланні вітаў старшыню Гродзенскага аблвыканкама А Дубко, зазначаючы, што адносіны паміж царквой і ўладамі цяпер, як ніколі, добрыя. Здзівіла толькі тое, што патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі ў сваім афіцыйным пасланні называе старшыню аблвыканкама -губернатарам. Напэўна, у ягонай канцэлярыі не ведаюць, што ў Беларусі тэрытарыяльна-адміністратыўныя дзяленні называюцца абласцямі. Ад імя Алексія ІІ Мітрапаліт Філарэт уручыў кіраўніку вобласці царкоўную кнігу з надпісам: "Его Превосходительству, губернатору А.Дубко в связи со 100-летием Гродненской епархии…". Акрамя гэтага А. Дубко дастаў у падарунак і пазалочаную талерку з выявай Раства Хрыстова.

У сваю чаргу старшыня Гродзенскага аблвыканкама, павіншаваўшы праваслаўных са святамі, перадаў епархіі два мільярды рублёў і папрасіў асабіста Мітрапаліта Філарэта перадаць Патрыярху Маскоўскаму і Усяе Русі Алексію ІІ, што "самая заходняя вобласць Беларусі будзе надзейна стаяць фарпостам праваслаўя".

Выступленне епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія было бадай самым кароткім. Ён зазначыў, што на тэрыторыі епархіі налічваецца 81 прыход і 79 цэркваў, 2000 нядзельных школак і тры бібліятэкі, за апошні час пабудавана шэсць храмаў і яшчэ 10 будуюцца. Ён таксама зазначыў, што праваслаўная царква не імкнецца выконваць у грамадстве ролю галоўнага ідэолага і адкрыта да супрацоўніцтва з усімі палітычнымі партыямі і добрымі людзьмі.

На юбілейным сходзе выступілі рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, старшыня Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, зачытаўшы віншавальнае пісьмо ад урада РБ за подпісам У.Замяталіна, рэдактар епархіальнай газеты, прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Антон Мірановіч, які распавядаў пра гісторыю праваслаўя на Гродзеншчыне і настаяцель Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне.

Пасля ўрачыстага сходу адбыўся канцэрт праваслаўных хораў.

М.КАРНЕВІЧ

Назад