Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Пошта

Калі ўлада патурбуецца аб ветэранах?

У 2000 годзе беларускі народ будзе адзначаць 55 гадавіну Перамогі над фашызмам у Другой сусветнай вайне. Напярэдадні гэтае падзеі хацелася б паразважаць над тым, як жыве цяпер той салдат, які прайшоў гэтую страшную вайну, перамог, ацалеў у ёй і дажыў да нашых дзён. З вуснаў чыноўнікаў самых розных рангаў, у тым ліку і А.Лукашэнкі, пастаянна гучаць словы і заклінанні, што яны дзень і ноч клапоцяцца аб дабрабыце гэтых людзей. Аднак ці так гэта на самай справе? Даволі прывесці толькі адзін прыклад: заканадаўчы орган Беларусі ўжо пяты год разглядае законапраект аб зменах і дапаўненнях у закон "Аб ветэранах" і на апошняй сесіі ў мінулым годзе гэта пытанне было ізноў перанесена, цяпер ужо на 2000 год. Мы, ветэраны, расцэньваем такія адносіны да нас як самы сапраўдны здзек. Нашы ўлады чакаюць пакуль мы, воіны 1927 года нараджэння, павыміраем, каб разам з намі закапаць у землю і нашы праблемы. Мне хацелася б нагадаць яшчэ раз пра тое жыццё, якое мы пражылі ў гады вайны. Калі ўладам за свае ўчынкі не сорамна, дык няхай хоць людзі ведаюць каго яны абіраюць кіраваць намі.

Вайна ў 1944 годзе ўжо вялася на тэрыторыі Германіі і яе саюзнікаў, калі кіраўнікі былога СССР вырашылі на яе заключным этапе кінуць у мясарубку непаўналетніх юнакоў, 1927 года нараджэння. Лёс многіх з іх склаўся трагічна. Хлопцаў з Гродзеншчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі загналі ў Бабруйскую крэпасць і залічылі ў 14 запасны стралковы полк, у якім і рыхтавалі на фронт. Умовы там былі проста жудасныя: у неацяпляльных, перапоўнех казармах стаяў нязносны смурод ад чалавечага поту. Драўляныя двухпавярховыя нары ад цяжару ламаліся, калечыліся людзі. Абутак - амерыканскія бацінкі на тоўстай падэшве, абмотаныя ганучамі ногі, цягнулі ваду бы вата. Ногі пастаянна знаходзіліся у макраце. Кармілі на змор. Праз якія-небудзь два месяцы маладыя здаровыя хлопцы ператвараліся ў хадзячыя цені, хісталіся і падалі ад ветру.

За кароткі тэрмін ваеннай службы юнакі былі даведзены да адчаю, большасць з іх стала прасіцца на фронт, каб лепш загінуць у баі, чым ад голаду ў тылу. У першых днях сакавіка сорак пятага юнакоў пачалі фарміраваць у маршавыя роты і накіроўваць на ІІ Беларускі фронт. Аднак хутка прыйшла каманда: "адставіць".

Пакуты былых непоўналетніх юнакоў, цяпер састарэлых і немачных людзей: Івана Багушэвіча, Аляксандра Жука, Пятра Будрыка, Генадзя Жука, Рыгора Рэкеця, Давыда Ярашэўскага, Міхаіла Сімчука, Платона Хоціма - жыхароў Скідаля і Гродна працягваюцца да гэтага часу. Большасць з іх пасля сканчэння вайны былі ўдастоены медалі "За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.". У дакуменце на яе значыцца: "Пасведчанне за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне". Але калі напачатку 80-х гадоў удзельнікам вайны сталі выдаваць пасведчанні на ільготы, то былых юнакоў ціхенька забылі, патлумачыўшы, што іх полк, у якім яны служылі, не ўваходзіў у склад дзеючай арміі.

Людзі тады па-сапраўднаму ўзбунтаваліся, паколькі ў вайну таксама не бяздзейнічалі, добрасумленна неслі цяжкую воінскую павіннасць: ахоўвалі вайсковыя аб'екты Наркамата Абароны, ягоныя склады са зброяй і боезапасамі, грузілі іх у вагоны для адпраўкі на фронт. Аднак, атрымалася так, што тым, хто нёс службу на аэрадромах, выдалі пасведчанне "удзельніка вайны", а астатнім - не. Але ж вайна для такіх юнакоў у маі сорак пятага года не скончылася. Іх прыцягвалі на размініраванне мінных палёў, спецгрупамі накіроўвалі на барацьбу з бандытызмам. А ў архівах Міністэрства Абароны загадаў на выкананне гэтых баявых задач не аказалася. Не атрымаўшы пасведчанняў "удзельніка вайны" людзі пачалі скардзіцца ў самыя розныя інстанцыі і праз сем гадоў ім выдалі пасведчанне "аб праве на ільготы". Але што ў ім было запісана: "За бездакорную воінскую службу ў тылу ў гады Вялікай Айчыннай вайны". Такі прыкры запіс быў прыдуманы ў сценах Дзяржкампрацы СССР на падставе пастановы Саўміна ад 12 мая 1988 года за №621. Як высветлілася пазней, тэкст у пасведчанні супярэчыў тэксту ў дакуменце на ўзнагароду і груба супярэчыў Указу Прэзідыўма ВС СССР ад 9 мая 1945 года, а таму людзі, якія атрымалі новы дакумент, карысталіся ільготамі значна лепшымі, чым удзельнікі вайны..

Мінула ўжо больш за дзесяць гадоў як ветэраны дамагаюцца сваіх правоў. І калі былы Вярхоўны Савет узяўся вырашыць праблему за здравіцу, то прызначананая А.Лукашэнкам Палата звяла яго за ўпакой. З Палаты мы толькі атрымлівалі адказы на свае запыты, што, маўляў, разгледзім у маі-чэрвені 1997, але наступіў 2000 год, а вынікаў няма. Шмат хто з нас, хто чакаў гэтых паправак, ужо ніколі іх не дачакаецца.

Цікава, што ў многіх краінах СНД падобныя папраўкі ў Закон прыняты ўжо даўно, а ў Беларусі, якая найбольш пацярпела падчас вайны з фашызмам, аказваецца, не хапае часу. Праўда, акрамя часу, у нас на ветэранаў не хапае і грошай. Вось, да прыкладу, што адказваў нам у 1992 годзе намеснік міністра фінансаў РБ М.П.Корбут: " для прыняцця законапраекта не стае грошай, адшукаць іх ва ўмовах вострага дэфіцыту бюджэта не прадстаўляецца магчымым". Нягледзячы на тое, што М.Корбут усе дзевяць гадоў трымае бюджэт у дэфіцыце, не перашкодзіла яму заняць пасаду міністра. Дарэчы, мы ветэраны, маглі падказаць міністру, дзе знайсці тыя грошы. Ужо колькі пісалі газеты пра тое, што ў Лукашэнкі ёсць другі бюджэт, не меншы чым бюджэт краіны. Дык хай міністр пацікавіцца і вырашыць праблему з грашыма.

Аб грамадстве судзяць па тым, як яно адносіцца найперш да састарэлых людзей, а зусім не па тым, як хваляцца пра адносіны да іх, пры гэтым, на самай справе нічога не зрабіўшы.

Ілля БАРЫСАЎ, старшыня Скідзельскай гарадской ветэранскай арганізацыі, Гродзенскі раён

Назад