"Заходнерусізм" і беларускі нацыянальны рух
У трагічны год "вялікага пералому" (1929) у Мінску выйшла кніга беларускага гісторыка і дзяржаўна-палітычнага дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі Аляксандра Цвікевіча "Западно-русизм": нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в." Аднак увесь наклад (3 тыс. асобнікаў), за выключэннем некалькіх кніг, падараваных аўтарам сваім сябрам і калегам, адразу ж быў знішчаны. Пад першую хвалю арыштаў трапіў і А. Цвікевіч, жыццё якога абарвалася ў сталінскім лагеры ў 1937 годзе. Думаю, што замежным навукоўцам засталося невядомым ні першае, ні другое выданне гэтай кнігі, ажыццёўленае ў 1993 годзе (наклад 5 тыс. асобнікаў).
"Заходнерусізм" А.Цвікевіч адносіў да той плыні ў гісторыі грамадскай думкі ў Беларусі, якая лічыла, што Беларусь не з'яўляецца краінай з асобнай нацыянальнай культурай і таму не мае права на самастойнае культурнае і палітычнае развіццё, што яна як "Заходняя Расія" непадзельна звязана з цэлым - "адзінай вялікай Расіяй", што беларусы арганічна ўваходзяць у склад "адзінага рускага народа"'.
Узнікненне "заходнерусізму" як плыні грамадскага руху ў Беларусі А. Цвікевіч адносіць да тых часоў, калі сярод мясцовага праваслаўнага і уніяцкага духавенства ва ўмовах рымска-каталіцкага ўціску, падтрыманага ўладамі Рэчы Паспалітай, пачала ўзмацняцца думка, што Беларусь (частка тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага) ёсць "Заходняя Русь" і што ў барацьбе з Польшчай яна можа і павінна абаперціся на адзінаверную Маскву. Даволі выразна гэта выявілася пасля Замойскага сабора 1720 г., які пад націскам Рыма істотна наблізіў унію да каталіцызму, асабліва ў абрадавай частцы.
Наступны этап у гісторыі "заходнерусізму", паводле А. Цвікевіча, звязаны з дзейнасцю Іосіфа Сямашкі, які ў кантакце з урадам Мікалая І у 1827-1839 гг. падрыхтаваў скасаванне уніяцкай царквы і далучэнне яе да праваслаўя, што адбылося на Полацкім саборы 1839 г. У дакладных запісках на імя міністра асветы Шашкова (1827), Мікалая І (1830 і Аляксандра II (1859) Сямашка сфармуляваў асноўныя палажэнні "заходнерускай" ідэалогіі. На жаль, адзначаныя пытанні выкладзены А. Цвікевічам вельмі сцісла, эскізна. Зазначу, што сучасная беларуская гістарыяграфія па гэтых пытаннях папоўнілася толькі некалькімі газетна-часопіснымі артыкуламі. Манаграфічныя даследаванні знаходзяцца пакуль на стадыі распрацоўкі.
У двух раздзелах кнігі А.Цвікевіча дэталёва прааналізаваны пазіцыі К. Гаворскага і яго часопіса "Вестник Западной России", які ў 50-60-я гады XIX ст. выходзіў як афіцыйнае выданне - спачатку ў Кіеве, а затым у Вільні. Яшчэ больш месца адвёў аўтар навуковай і публіцыстычнай дзейнасці прафесара Пецярбургскай духоўнай акадэміі гісторыка М. Каяловіча, якога ён лічыў галоўным ідэолагам "заходнерусізму". На думку А. Цвікевіча, 60-70-я гады былі апошнім этапам яго развіцця і пазнейшы час - да канца існавання царызму - нічога істотна новага ў гэтых адносінах не прынёс.
3 такой высновай пагадзіцца нельга. Аўтар яўна недаацаніў прынцыпова важны перыяд у гісторыі "заходнерусізму", які пачаўся ў 1905 г. у сувязі з першай расійскай рэвалюцыяй і закончыўся ў 1917 г. са звяржэннем царызму. У рэвалюцыйныя 1905-1907 гг. ідэі і праграмы ўсіх грамадскіх рухаў і палітычных партый Расійскай імперыі, у тым ліку "заходнерусізму", упершыню прайшлі апрабацыю ў народных масах. Пад сцягам "заходнерусізму" ў той час выступалі мясцовыя арганізацыі расійскай чорнай сотні ("Саюза рускага народа") і "Саюза 17 кастрычніка" ("октябристы"), у якіх вядучую ролю ігралі чыноўнікі і праваслаўнае духавенства.
"Заходнерусізм" аказаўся даволі жыццяздольным. У кастрычніку 1906 г. у заходніх губернях аформіўся палітычны блок мясцовых чарнасоценцаў і акцябрыстаў пад назвай "Русский окраинный союз" (РОС). Уся дзейнасць "саюзнікаў" праходзіла пад лозунгам "Расія - для рускіх, і рускія павінны кіраваць ёй". Змагаючыся з рэвалюцыяй, яны разам з тым імкнуліся ліквідаваць эканамічнае панаванне і палітычны ўплыў у краі польскіх памешчыкаў і яўрэйскай буржуазіі. Для гэтага рабілася стаўка на беларускае праваслаўнае сялянства. Каб павесці яго за сабой, РОС патрабаваў ад урада прымусовага выкупу казной у польскіх памешчыкаў "усіх без выключэння маёнткаў", што перавышалі земскі цэнз (250 дзесяцін) і перадачы іх "рускім земляробчым праваслаўным элементам", да якіх далучаліся і праваслаўныя беларусы. РОС адмаўляў існаванне самастойнага беларускага этнасу, а беларускі нацыянальны рух характарызаваў як "інтрыгу" польскіх паноў і касцёла, накіраваную супраць "адзінай і непадзельнай Расіі". Разам з тым мясцовы акцябрысцкі і чарнасоценны друк вёў шалёную антыпольскую і антыяўрэйскую агітацыю і патрабаваў аб'явіць усіх палякаў і яўрэяў "иностранцами, не имеющими права участвовать в представительстве и выборах". Рэзкая крытыка накіроўвалася і супраць кадэтаў, якіх "саюзнікі" абвінавачвалі ў рэвалюцыйным развале Расіі.
Дзякуючы такой агітацыі, якую інтэнсіўна вялі праз дзяржаўныя ўстановы, праваслаўную царкву, школу, шматлікія мясцовыя і сталічныя перыядычныя выданні, акцябрысты-чарнасоценцы, "заходнерускі" блок правёў у Дзяржаўную думу ад Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай і Гродзенскай губерняў 15 дэпутатаў, прычым у Мінскай губерні ўсе дзевяць дэпутатаў, з іх шасцёра сялян, былі яго стаўленікамі. Нідзе ў Расійскай імперыі такога поспеху правыя партыі не мелі.
Раз'юшаная антыпольская і антыкаталіцкая прапаганда "заходнерусаў" штурхала беларускіх сялян-католікаў да саюза з мясцовымі польска-беларускімі памешчыкамі і ксяндзамі, якія падтрымлівалі патрабаванні польскіх эндэкаў - дзяржаўнай аўтаноміі для Каралеўства Польскага і "шырокага самакіравання" для дзевяці заходніх, беларуска-ўкраінска-літоўскіх губерняў. "Аўтанамісты" крытыкавалі палітыку ўрада і дзейнасць урадавых партый, асабліва па нацыянальных і рэлігійных пытаннях. У пяці заходніх губернях ім удалося заваяваць 11 месцаў у Думе, з іх сем - па Віленскай губерніі.
Такім чынам, на выбарах у II Дзяржаўную думу Расіі ў Беларусі перамаглі дзве шавіністычна-клерыкальныя групоўкі - расійская і польская. Яны заваявалі 26 з 36 месцаў, прадастаўленых у Думе для пяці заходніх губерняў. Кожная з гэтых груповак змагалася за панаванне на беларускай зямлі, адмаўляючы пры гэтым існаванне беларускага этнасу.
Зорны час для "заходнерусаў" наступіў у перыяд прэм'ерства Сталыпіна. На выбарах у III Думу (восень 1907 г.) усе выбаршчыкі ў Беларусі былі падзелены не толькі па класавым, але і па нацыянальным прынцыпе. У Віленскай губерні, дзе пераважала каталіцкае насельніцтва, урад па настойлівым патрабаванні "заходнерусаў" стварыў асобную "рускую" курыю і забяспечыў ёй два абавязковыя месцы ў Думе. У астатніх беларускіх губернях утвараліся "рускае" і "польскае", а ў гарадах - і яўрэйскае аддзяленні. Да "рускіх" далучаліся праваслаўныя беларусы, немцы, татары і інш., да "палякаў" - беларусы-католікі. Такім чынам, беларускі народ па канфесійнай прыкмеце быў афіцыйна падзелены на "рускіх" і "палякаў" і зноў шавіністычная агітацыя мела поспех. У Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай і Гродзенскай губернях "заходнерусы" - чарнасоценцы і акцябрысты правялі ў Думу 27 з 29 дэпутатаў, вызначаных для гэтых губерняў. Да іх далучыліся два чарнасоценцы, выбраныя ад "рускага" (фактычна. - беларускага) насельніцтва Віленскай губерні. Астатнія вьбаршчыкі ад гэтай губерні аддалі свае галасы пяці кандыдатам польска-беларускіх памешчыкаў і ксяндзоў.
П. Сталыпін улічыў хадайніцтвы "заходнерусаў" пры выпрацоўцы закона аб выбарах земстваў у шасці беларуска-украінскіх губернях. Каб знайсці палітычную апору з боку заможнага праваслаўнага беларускага сялянства і іншых дробнабуржуазных пластоў насельніцтва, якое афіцыйна далучалася да пануючай нацыі, маёмасны цэнз выбаршчыкаў, у параўнанні з агульнарасійскім Палажэннем аб земскіх установах ад 12 чэрвеня 1890 г. паніжаўся ўдвая (з 15 да 7,5 тыс. руб.), зямельны цэнз - у 20 разоў (з 250 да 12, 5 дзесяціны). Як і ў думскім выбарчым законе, уводзіліся "нацыянальныя" курыі - "руская" і "польская" з адпаведным падзелам беларусаў на "рускіх" і "палякаў" па канфесійнай прыкмеце. Колькасць дэпутатаў у земстве ад гэтых курыяў устанаўлівалася штучна - як сярэднеарыфметычнае ад сумы працэнтаў колькасці выбаршчыкаў пэўнай "нацыянальнасці" і вартасці іх нерухомай маёмасці. Калі, напрыклад, колькасць выбаршчыкаў у "польскай" курыі ў пэўньм павеце складала 10 працэнтаў, а іх нерухомая маёмасць - 40 працэнтаў, то дэпутатаў-"палякаў" магло быць не больш 25.
Законапраект П. Сталыпіна аб увядзенні земстваў у шасці заходніх губернях прайшоў праз Дзяржаўную думу, але пры галасаванні ў Дзяржаўным савеце 4 сакавіка 1911 г. быў адхілены буйнымі землеўласнікамі-дваранамі, якія дружна, незалежна ад нацыянальнасці, выступілі супраць паніжэння выбарчага цэнза і "нацыянальных" курыяў. У адказ П. Сталыпін заявіў цару аб сваёй адстаўцы, калі ён не зацвердзіць законапраект надзвычайным парадкам. Мікалай II распусціў на тры дні Думу і Савет і падпісаў праект Сталыпіна. Аднак становішча яго як прэм'ер-міністра пасля гэтага рэзка пахіснулася. У верасні 1911 г. ён быў забіты агентам ахоўнай службы. "Заходнерусы" перамаглі на выбарах у земствы, але страцілі ўсемагутнага апекуна на імперскім узроўні.
А. Цвікевіч пераканаўча асвятляў класавую і палітычную сутнасць XIX - пачатку XX ст. як ідэалогіі дробнай беларускай і ўкраінскай буржуазіі, пгго імкнулася дасягнуць не толькі эканамічнага, але і палітычнага панавання ў сваім краі пад сцягам велікарускага шавінізму, арыентуючыся на падтрымку царскага ўрада. Зыходзячы з гэтага, "заходнерусы"-палітыкі (Бывалькевіч, Кулакоўскі, Кавалюк, Саланевіч, Уруцэвіч, Каранкевіч, Шмід, Скрынчанка і інш.) выступалі, з аднаго боку, як крайнія манархісты і паслядоўныя абарон-цы "адзінай і непадзельнай Расійскай імперыі", а з другога - як непрымірымыя ворагі ўсіх дэмакратычных і ліберальных партый, нацыянальна-вызваленчых і нацыянальна-культурных рухаў прыгнечаных народаў, найперш беларускага і ўкраінскага. Яны зацята адмаўлялі існаванне самастойных беларускай і ўкраінскай моваў, а патрабаванні ўвесці іх хоць бы ў пачатковую школу і ў мастацкую літаратуру ацэньвалі як спробы развалу адзінай рускай культуры і дзяржавы.
Міхась БІЧ
(Працяг у наступным нумары)
|