Справай будуць займацца абласныя следчыя
Справа Максiма Хандогi, якога мастоўскiя мiлiцыянеры збiлi ў аддзяленнi РАУС перададзена для вядзення ў абласную пракуратуру. Аб гэтым паведамiў нашаму карэспандэнту пракурор Мастоўскага раёна Юры Васiлеўскi.
Нагадаем, што М.Хандогу выклiкалi ў мясцовы РАУС за тое, што ён удзельнiчаў у бойцы побач з раённым Домам культуры. У памяшканнi РАУС супрацоўнiкi мiлiцыi, адзеўшы на рукi хлопца кайданкi i звязаўшы вяроўкай ногi, якую прынёс начальнiк крымiнальнага вышуку капiтан Жаркоў, так збiлi хлопца, што ён ледзь дайшоў да дому. Ужо ў хаце ягоная мацi выклiкала хуткую дапамогу. У бальнiцы Максiму зрабiлi аперацыю i выдалiлi селязёнку. Хлопец дагэтуль знаходзiцца ў бальнiцы.
У Масты ўжо наведвалiся два прадстаўнiкi УУС з Гродна, паколькi вядзецца службовае расследаванне па гэтай справе. Якiх-кольвек каментараў ад супрацоўнiкаў мiлiцыi атрымаць пакуль не ўдалося. Аднак «БI» i надалей будзе працягваць iнфармаваць нашых чытачоў аб вядзеннi следства.
Я.ПАЛУБЯТКА
|