Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Багаты вопыт назіральнікаў

Прадстаўнiкi Камiтэта выбаршчыкаў Украiны Аляксандр Чарненка i Аляксей Кошаль спецыяльна прыехалi ў Мiнск, каб узяць удзел у семiнары, якi быў прысвечаны спецыфiцы працы недзяржаўных грамадскiх арганiзацый на выбарах.

Семiнар арганiзаваў мiнскi офiс Праграмы Партнерства Альянса Каўнтэрпарт.

Тэма семiнару была вельмi актуальнай. На Беларусi перадвыбарчая прэзiдэнцкая кампанiя фактычна ўжо стартавала. I ролю грамадскiх арганiзацый у падрыхтоўцы да ўсенароднага волевыяўлення i кантроля за ходам галасавання пераацанiць цяжка.

Калегi з Украiны маюць у гэтай справе вялiкi досьвед. Яны ахвотна дзялiлiся напрацоўкамi з беларусамi. Размова iшла аб тым, як лепш падтрымлiваць кантакты са сродкамi масавай iнфармацыi, як найлепей распаўсюджваць iнфармацыю аб ходзе выбараў i тых правапарушэннях, якiя маюць месца.

Камiтэт выбаршчыкаў Украiны – сапраўды масавая грамадская арганiзацыя, якая мае свае аддзяленнi ва ўсiх рэгiенах краiны. Галоўная мэта – звесцi да мiнiмуму парушэннi заканадаўства на ўсiх этапах выбарчай кампанii. Пры гэтым КВУ iмкнецца цесна ўзаемадзейнiчаць са сродкамi масавай iнфармацыi. Аляксандр Чарненка распавёў пра цiкавую сiтуацыю, якую ён назiраў падчас нядаўнiх выбараў у парламент Украiны.

У Кiеве ў дзень галасавання журналiсты мясцовай радыёстанцыi “Радыё Люкс” з дапамогай мабiльнага тэлефона перадавалi “у жывы эфiр” iнфармацыю аб парушэннях выбарчага заканадаўства. I ўявiце сабе: раптам прагучала паведамленне рэпарцёра, што старшыня ўчастковай выбарчай камiсii (было названа канкрэтнае прозвiшча) не дае магчымасцi назiральнiкам выконваць iх грамадскi абавязак, i што туды накiроўваецца брыгада журналiстаў, каб на месцы разабрацца ў сiтуацыi.Фактычна праблема была знята сама сабой.

I такi цiкавы момант. У дзень выбараў iнфармацыя аб ходзе галасавання паступае у КВУ ад назiральнiкаў з ўсяе Украiны. На падставе дадзеных з трох тысяч выбарчых участкаў ёсць магчымасць даць папярэднiя вынiкi галасавання нават раней Цэнтрвыбаркама.

Асобны накiрунак дзейнасцi КВУ – назiранне за ходам волевыяўлення грамадзян у iншых краiнах. Так было падчас нядаўнiх выбараў у Азербайджане, куды выязджалi 8 прадстаўнiкоў КВУ. Яны пабывалi ў шасцi выбарчых акругах, у тым лiку ў Баку i Сумгаiцi. Якiя высновы былi зроблены? Мiжнародныя назiральнiкi канстатавалi, што заканадаўства гэтай краiны дазваляе праводзiць выбары адкрыта. Але вынiкi iх сфальсiфiкаваныя. Толькi шасцёра прадстаўнiкоў апазiцыi былi абраны ў парламент. Але ў знак пратэсту яны адмовiлiся ад працы ў заканадаўчым органе краiны. Далося ў знакi ўмяшальнiцтва правячай партыi ў працэс галасавання.

Працавалi ўкраiнскiя назiральнiкi i на прэзiдэнцкiх выбарах у Кыргызстане. Аляксандр Чарненка трапiў у адзiн з самых аддаленых, забытых рэгiенаў краiны, – Талас. Там таксама было зафiксавана нямала парушэнняў выбарчага заканадаўства. А члены выбарчых камiсiй, даведаўшыся пра прысутнасць мiжнародных назiральнiкаў, адразу заяўлялi, што па-руску не разумеюць i нiякай iнфармацыi даць не могуць.

Яскравыя ўражаннi засталiся i пасля ўдзелу ўкраiнцаў у назiраннi за выбарамi прэзiдэнта i парламента Рэспублiкi Iчкерыя ў 1997 годзе, а таксама за выбарамi расiйскага прэзiдэнта. Аб розных калiзiях, што былi звязаны з падобнымi адказнымi грамадскiмi мiсiямi Аляксей Кошаль i Аляксандр Чарненка распавядалi цiкавыя гiсторыi. Але падкрэслiвалi, што важнейшым для iх застаецца ўсё-такi назiранне за ходам выбараў у сваёй краiне, выхоўванне палiтычнай культуры свайго роднага выбаршчыка, распаўсюджванне ведаў пра выбарчае заканадаўства. I ў правядзеннi гэтай працы яны гатовы ўсямерна дапамагаць браткам-беларусам.

Р.ПАЎЛОЎСКI

Назад